Расія нанесла ўдар па Украіне міжкантынентальнай балістычнай ракетай
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Раніцай 21 лістапада горад Днепр быў атакаваны ў тым ліку міжкантынентальнай балістычнай ракетай. Пра гэта паведаміла камандаванне Паветраных сіл УСУ.

Фото: Staff Sgt. JT Armstrong, commons.wikimedia.org
Выпрабаванне міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Фота: Staff Sgt. JT Armstrong, commons.wikimedia.org выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі

Камандаванне ПС удакладніла, што горад зазнаў удар ракетамі розных тыпаў з 05.00 да 07.00 раніцы 21 лістапада.

«У прыватнасці, з Астраханскай вобласці РФ была запушчаная міжкантынентальная балістычная ракета, з Тамбоўскай вобласці са знішчальніка МіГ-31К — аэрабалістычная ракета Х-47М2 „Кінжал“, са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС сем крылатых ракет Х-101 (раён пускаў — Валгаград)», — расказалі ў ПС УСУ.

Сіламі СПА былі знішчаныя шэсць ракет Х-101. Па іншых ракетах — без істотных наступстваў, заявілі ў паветраных сілах.

Мэр Дняпра Барыс Філатаў паведаміў, што ў выніку абстрэлу пацярпеў будынак цэнтра рэабілітацыі інвалідаў. Разбураная кацельня, выбітыя вокны.

«Па людзях інфармацыя ўдакладняецца», — дадаў ён.

Міжкантынентальная балістычная ракета — балістычная ракета класа «зямля — зямля» з далёкасцю не менш за 5500 км, то-бок з магчымасцю паражэння цэляў на іншых кантынентах. Ракеты гэтага класа, як правіла, абсталёўваюцца ядзернымі баявымі часткамі і прызначаныя для паражэння стратэгічна важных аб’ектаў праціўніка, размешчаных на вялікіх адлегласцях.

Напярэдадні па ўкраінскіх тэлеграм-каналах шырока разышлася інфармацыя пра тое, што Расія ў адказ на ўдары па сваіх тылах балістычнымі ракетамі ATACMS можа ўдарыць эксперыментальнай балістычнай ракетай «Рубеж», здольнай несці ядзерны зарад.