Мінус райцэнтр. Стала вядома, на колькі скарацілася насельніцтва Беларусі за 2023 год
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


За 2023 год насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на 45 тысяч чалавек. Хутчэй за ўсё змяншаецца Віцебская вобласць. Пра гэта гаворыцца ў свежых звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, апублікаваных 28 сакавіка.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Людзі на гарадской вуліцы. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

На 1 студзеня 2024 года насельніцтва Беларусі склала 9 155 978 чалавек. Гэта на 44 639 менш, чым за год да гэтага. Фактычна знік цэлы райцэнтр — прыкладна такі, як Ваўкавыск ці Слонім.

Насельніцтва страчваюць усе рэгіёны без выключэння, у тым ліку Мінск, які ўжо трэці год знаходзіцца ніжэй за планку 2 млн чалавек. А мацней за ўсё зменшылася колькасць жыхароў у Віцебскай вобласці — гэты рэгіён, і так адзін з самых нешматлюдных, страціў 10 тысяч чалавек.

Рэгіён 2022 2023 2024
Брэсцкая вобласць 1 324 027 1 315 405 1 308 569
Віцебская вобласць 1 103 833 1 091 948 1 081 911
Гомельская вобласць 1 357 897 1 347 469 1 338 617
Гродзенская вобласць 1 006 614 998 600 992 556
Мінск 1 996 553 1 995 471 1 992 862
Мінская вобласць 1 465 755 1 462 021 1 460 289
Магілёўская вобласць 1 000 845 989 703 981 174

На пачатак 2024-га ў гарадах жыло 7,212 млн чалавек, у вясковай мясцовасці — 1,988 млн. За год гарады страцілі 14 тысяч чалавек, а вёскі — 30,5 тыс.

Насельніцтва Беларусі скарачаецца шмат гадоў запар. Да 1994 года ўключна яно расло, але потым пачало няўхільна змяншацца. Выключэннем былі толькі 2015−2016 гады, калі быў адзначаны невялікі рост на 20 тыс. чалавек. З 1994 года, за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі, у нашай краіне стала на 1 087 528 жыхароў менш.

Рэкорднае падзенне насельніцтва было зафіксаванае ў 2021-м — за той год знікла 94 тысячы чалавек.

Адна з прычын — масавая эміграцыя беларусаў з прычыны сфальсіфікаваных выбараў 2020 года, жорсткага здушэння пратэстаў і масавых рэпрэсій у дачыненні да нязгодных з дзейнай уладай, якія з таго часу не спыняюцца. Аднак звесткі Белстата адлюстроўваюць гэтае змяншэнне далёка не цалкам, бо ў афіцыйную статыстыку трапляюць толькі тыя, хто з’ехаў, хто аформіў выезд на пастаяннае месца жыхарства і страціў рэгістрацыю ў Беларусі. Адпаведна, рэальная колькасць насельніцтва, якое застаецца ў Беларусі, меншая за афіцыйныя 9,15 млн чалавек.

Ацэнкі колькасці тых, хто з’ехаў, розныя, але ў любым выпадку гэта сотні тысяч. Так, у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС лічаць, што толькі ў 2021 і 2022 годзе з’ехала больш за 200 тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацаніў колькасць тых, хто з’ехаў з Беларусі, у 350 тысяч чалавек. Раней гучалі розныя ацэнкі эміграцыі беларусаў з пачатку рэпрэсій у 2020 годзе — ад больш чым 100 тысяч да 500 тысяч.