Першы тыдзень красавіка прайшоў без сюрпрызаў. За гэты час абменны курс даляра ЗША на беларускім валютным рынку знізіўся на мінімальныя 0,09%, курс расійскага рубля, наадварот, умацаваўся на 0,51%. Але ў цэлым тыдзень быў багаты на эканамічныя навіны, піша Myfin.by.

ЗША абвясцілі гандлёвую вайну ўсяму свету
Галоўнай з іх стала прыняцце амерыканскімі ўладамі рашэння змяніць тарыфную палітыку, якое літаральна ўзарвала сусветны эканамічны парадак дня. Некаторыя краіны занялі пазіцыю чакання па прынцыпе «пажывём — пабачым». Іншыя, як, напрыклад, Кітай — адразу прынялі люстраныя меры ў адказ.
Чым гэта скончыцца і куды завядзе сусветную эканоміку, цяпер немагчыма прадбачыць, але ўсе згаджаюцца, што нічога добрага гэта не абяцае ні самім ЗША, ні ўсёй астатняй сусветнай супольнасці.
Іншай навіной, здольнай паўплываць на курсаўтварэнне ў рублёвай зоне, стала рашэнне OPEC+ пра істотнае павышэнне здабычы нафты з траўня гэтага года. Цана эталоннай маркі Brent на гэтым фоне абвалілася больш чым на 10% з прыкладна 75 USD/br да 65,50 USD/br на закрыцці мінулага тыдня. І хоць расійскі рубель пакуль застаецца ў стабільнай зоне, у сярэднетэрміновай перспектыве гэта паўплывае на расійскую валюту.
У тым ліку праз гэта Цэнтрабанк Расіі абвясціў на мінулым тыдні пра павелічэнне штодзённых аб’ёмаў продажу замежнай валюты ў межах фармавання стабфонду з 6 млрд рублёў да 10,5 млрд рублёў. Не выключана, што ў сілу гэтых рашэнняў рубель пакуль застанецца каля цяперашніх значэнняў.
Стабільны курс
Курс закрыцця мінулага тыдня на беларускай валютнай біржы па даляры ЗША спыніўся на значэнні USD/BYN 3,1293. Аб’ём таргоў за тыдзень склаўся ніжэй за сярэдні.
Курс расійскага рубля на мінулым тыдні падымаўся да RUB/BYN 3,6624 за 100 расійскіх рублёў, і аб’ём таргоў быў трохі вышэйшы за сярэдні.
У цэлым агульная карціна беларускага валютнага рынку, як, зрэшты, і расійскага, склалася досыць стабільнай, нягледзячы на знешнія выклікі. Не выключана, што ўсё яшчэ наперадзе. Але, хутчэй за ўсё, расійскі фінансавы рынак ва ўмовах ізаляцыі ад заходніх рынкаў стабілізаваўся ў цяперашнім становішчы, і гэтая стабільнасць заснаваная на фундаментальных фактарах.
Асноўны з іх — абслугоўванне эканомікі і насельніцтва, з чым фінансавая сістэма цалкам спраўляецца. Пра гэта, у прыватнасці, казала кіраўніца Банка Расіі Эльвіра Набіуліна. І курсавая стабільнасць першага квартала пакуль пацвярджае такое меркаванне. У канцы красавіка адбудзецца чарговае паседжанне Савета дырэктараў ЦБ РФ з нагоды ключавой стаўкі, але змяненне статус-кво грашова-крэдытнай палітыкі і ключавой стаўкі пакуль малаімавернае.
Прагноз на тыдзень
Зыходзячы са сказанага, з вялікай доляй імавернасці нас чакае яшчэ адзін тыдзень стабільных курсаў па даляры ЗША і расійскім рублі. Курс даляра ЗША застаецца каля USD/BYN 3,13−3,15. Курс расійскага рубля ў дыяпазоне вакол RUB/BYN 3,665 за 100 расійскіх рублёў.