У сераду, 20 лістапада, стала вядома, што з В’етнама ў Беларусь экстрадыявалі былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Відэа, як яго ў суправаджэнні супрацоўнікаў КДБ выводзяць з самалёта ў Нацыянальным аэрапорце, паказалі на АНТ. У Беларусі Верамейчыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Офіс Святланы Ціханоўскай выпусціў заяву з гэтай нагоды.

— З В’етнама экстрадыяваны грамадзянін Беларусі Васіль Верамейчык, былы баец палка Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а потым пераехаў ва Украіну, дзе служыў намеснікам камандзіра батальёна «Волат». У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Васіль быў абраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў, — гаворыцца ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.
— Калі мы даведаліся пра праблемы Васіля і адмову ў Літве, мы самі выйшлі на сувязь і прапанавалі дапамогу. Васіль сказаў, што дапамога не патрэбна, што ўжо мае рашэнне, разглядаў Малдову ці Аргентыну. Абскарджваць літоўскае рашэнне не стаў і вырашыў не праходзіць праз колы пекла ў Польшчы. Спрабаваў нібыта і ў Грузіі, потым апынуўся ў В’етнаме, — расказаў падрабязнасці гісторыі дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — Гэта ўсё жахлівая, драматычная гісторыя, якая паказвае, з якой несправядлівасцю і якімі рызыкамі сутыкаюцца беларусы. Пра В’етнам мы даведаліся надта позна, напісалі лісты — але не паспелі. Вядома, усё магло б быць інакш, калі б не адмовіла Літва ў самым пачатку. Многіх людзей прызнаюць пагрозай нацбяспецы толькі за радок у біяграфіі. Гэта не ОК.
Офіс Святланы Ціханоўскай лічыць, што экстрадыцыя Верамейчыка — гэта непасрэдны «вынік рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі». І падкрэслівае неабходнасць узмацніць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, у тым ліку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны.
У заяве Офіс заклікае міжнародную супольнасць:
- змяніць падыходы да разгляду справаў па наданні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставінаў кожнага асобнага выпадку;
- разарваць супрацоўніцтва з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь;
- прыпыніць двухбаковыя дамовы пра экстрадыцыю і прававую дапамогу з Рэспублікай Беларусь.
— Настойліва раім усім беларусам, якія знаходзяцца за межамі краіны, быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі, улічваючы магчымыя дзеянні спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі. Каб мінімізаваць рызыку экстрадыцыі, звярайцеся з сайтам pashpart.org і правяряйце краіны, куды небяспечна ехаць беларусам, якія трапілі пад пераслед рэжыму, — адзначае Офіс Ціханоўскай.