«Не давялося туляцца па арандаваных». Натхняльныя гісторыі тых, хто да 35 гадоў купіў жыллё без нечай дапамогі (кабачкі ад родных не лічацца)
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Для многіх важна мець сваё жыллё — гэта не толькі псіхалагічны камфорт, але і паказчык пэўнай заможнасці і стабільнасці. Нярэдка на такую буйную куплю ідзе не адно дзесяцігоддзе. Але бываюць і адваротныя сітуацыі. Расказваем дзве гісторыі беларусаў, якія да 35 гадоў змаглі без дапамогі родных ці спадчыны набыць кватэры (а бонусам — некалькі парадаў што да куплі нерухомасці). Удакладнім, што гаворка пра набытае ў Беларусі жыллё.

Иллюстративный снимок. Фото: Schluesseldienst/pixabay.com
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Schluesseldienst/pixabay.com

Усе імёны суразмоўцаў, а таксама некаторыя дэталі іх гісторый змененыя з меркаванняў бяспекі.

«Переехал — и сразу выдохнул»

Глеб не ставіў сабе мэты купіць жыллё. Але ён рос «у беднасці», таму хацеў добра зарабляць, каб забяспечваць сябе і сваю будучую сям’ю. Пачаў працаваць ён яшчэ ў студэнцкія гады — браўся за любую працу.

— Пасля ўнівера працаваў па спецыяльнасці, але падкрэслю: я не айцішнік (мужчына не сказаў, кім ён працуе. — Заўв. рэд.). Зарплата была нядрэнная, большая за сярэднюю па краіне. Да таго ж я некалькі гадоў жыў у сваякоў, таму арандаваць жыллё не трэба было. Але я вырашыў, што сіл хапае, а дзяўчыны нейкі час не было, таму пасля сваёй працы таксама падпрацоўваў, — успамінае мужчына.

Глеб кажа, што то падпрацоўваў на будоўлі, то дапамагаў знаёмым з рамонтамі, але аддаваў перавагу таму, каб «калупацца ў тэхніцы». Паколькі практычна ўвесь час малады чалавек бавіў за працай, у яго не заставалася часу, каб выдаткоўваць заробленае. Усе грошы, акрамя патрэбных на жыццё, ён мяняў на даляры, нейкі час захоўваў частку сродкаў у банку.

— Так гадоў за пяць, можа, крыху больш, я зразумеў, што сабраў нядрэнную суму. Яшчэ трохі — і можна было б купіць кватэру. Але браць крэдыт я не хацеў (дарэчы, пашкадаваў, што не ўзяў яго да крызісу 2011 года, тады б хутка яго выплаціў, напэўна). Тады я ўжо арандаваў кватэру, і мне было шкада кожны месяц аддаваць грошы на арэнду, бо разумеў, што магу нешта прыдумаць і ўжо жыць у сваёй, — кажа Глеб.

У выніку мужчына ўзяў у доўг у сябра суму, якой яму не хапала, і купіў двухпакаёвую кватэру ў адным з абласных цэнтраў. «Аддаваў яму без жорсткага графіку: грошы з’яўляліся — і я адразу яму заносіў», — прызнаецца беларус.

— Пераехаў — і адразу выдыхнуў. Я асабліва і не думаў пра сваю кватэру, але калі яна з’явілася — гэта была такая палёгка. Сам здзівіўся, наколькі я пачаў сябе больш упэўнена адчуваць. Хоць трэба было рабіць рамонт, я разумеў, што ўжо маю глебу пад нагамі. Рамонт рабіў не спяшаючыся, мне і так было нармальна, галоўнае, што ўжо было сваё месца.

На пытанне, ці моцна яму даводзілася эканоміць у перыяд, калі трэба было плаціць доўг, узяты на частку сумы на кватэру, Глеб прызнаецца, што ў прынцыпе доўгі час жыў больш чым сціпла, таму не заўважыў зменаў.

— Я асабліва не быў прывучаны да добрага — еў што трапіцца, насіў рэчы з рынку, пакуль не зносяцца. Машыны не было. Пра адпачынак дзесьці наогул думаў як пра нешта нязбытнае. Я не ўяўляў, як можна выдаткаваць адразу вялікую суму, каб тыдзень недзе адпачыць. Але ўвесь гэты час я працаваў як конь, так што грошы былі, і я спакойна аддаваў іх.

Ужо пасля куплі жылля ў сярэдзіне 2010-х — тады мужчыну было 28 — ён «запаволіўся»: змяніў працу на больш прыбытковую і цікавую, адмовіўся ад падпрацовак. Тады ж Глеб пачаў мяняць свой лад жыцця.

— Цяпер я не жыву толькі для працы, хоць яна прыносіць задавальненне. Я навучыўся пісьменна распараджацца грашыма, але так, каб гэта не было на шкоду майму «сёння». Калі пазнаёміўся з жонкай, пачалі думаць і пра тое, дзе адпачыць, што прыемнае для сябе зрабіць (гэта таксама каштуе грошай), — расказвае мужчына. — Але, азіраючыся на той перыяд, я не шкадую, які тады зрабіў выбар. Я, атрымліваецца, загадзя забяспечыў падмурак для сваёй сям'і. Калі мы пажаніліся, нам не давялося туляцца па арандаваных кватэрах ці жыць з бацькамі, мы ўжо мелі сваю.

«Не магу дачакацца, калі мы заедзем»

Марку крыху больш за 33 гады. Ён таксама пачаў забяспечваць сябе даволі рана (мужчына не кажа, кім працуе, але ўдакладняе, што не ў IT). Дзякуючы гэтаму да 27 гадоў ён меў у заначцы каля 8 тысяч даляраў. Больш ён змог зарабіць, працуючы некалькі гадоў за мяжой.

— З дзяцінства прывык адкладаць грашовыя сродкі. У старэйшых класах на летніх канікулах часта хадзіў на «шабашкі» (падпрацоўкі. — Заўв. рэд.), — успамінае мужчына.

З улікам ашчаджэнняў мужчына разам з жонкай звярнуўся да забудоўшчыка па растэрміноўку на некалькі гадоў. Апошні плацёж — не за гарамі, у найбліжэйшыя месяцы сям’я заедзе ў сваё жыллё. У развагах пра куплю кватэры важным фактарам для яго было нежаданне «плаціць грошы ў нікуды», то-бок за арэнду. Да таго ж, дадае мужчына, сваё жыллё — гэта «інвестыцыя ў будучыню і захаванне заробку».

— Рашэнне прыняла жонка, а я пагадзіўся, што сям'і патрэбны свой кут, — кажа Марк. — Сумневы, вядома, былі, але яны матэматычна пралічаныя. Заўсёды быў план Б на выпадак, калі б здарыўся форс-мажор (напрыклад, страта працы). Але вось мне менш за 35 гадоў, і я разумею, што вось-вось гэтая кватэра стане маёй.

Прычым мужчына кажа, што не заўважыў такога, каб яму давялося сур’ёзна эканоміць, бо ўвесь час жыве стрымана і эканомна.

— Не магу дачакацца, калі мы заедзем. А яшчэ больш — калі будзе зроблены рамонт і можна будзе з кубачкам добрай гарбаты стаць каля акна і глядзець на прыгожы горад, — кажа беларус і прызнаецца: яго радуе, што ён паспеў аформіць растэрміноўку да таго, як цэны на жыллё пачалі прыкметна расці.

— З улікам росту цэн на квадратны метр у маім доме атрымліваецца, што жыллё з кожным годам даражэе на шэсць тысяч даляраў, калі гаворка пра трохпакаёвую кватэру. За год адкласці такую суму — гэта колькі трэба зарабляць звычайнаму рабацягу на заводзе?

Што раяць беларусы ахвочым набыць жыллё?

Прывядзём яшчэ некалькі кароткіх парадаў ад тых, хто таксама да 35 набыў сваё жыллё без чыёй-кольвек дапамогі.

«Збіраць пачалі яшчэ студэнтамі. Рэальна талковы варыянт, які я праверыў на сабе, — гэта інтэрнат. Мы ў інтэрнаце [дадзеным ад працы] пражылі 2,5 года, і гэта дазволіла зэканоміць і назапасіць ільвіную долю нашых грошай на першую кватэру», — расказаў Віталь.

«Пакуль плаціў за жыллё, жыў больш чым сціпла. Эканоміў на вопратцы, бытавой тэхніцы, падарожжах, забавах, не карыстаўся таксі і не меў аўто. У маім атачэнні я быў жудасным аскетам у параўнанні з астатнімі. Самым дарагім, што я купіў за гэтыя гады, быў прыстойны ровар. Аднак мне здавалася, што я ўсё раблю правільна, бо пакуль ёсць даходы, варта забяспечыць сябе жыллём», — падзяліўся Ігар.

«Крэдыту не браў, бо палічыў і зразумеў, што з майго заробку — на той момант дзве тысячы рублёў — давядзецца пераплаціць амаль як за яшчэ адну кватэру. Таму было рашэнне браць грошы ў доўг у знаёмых ці сяброў. Галоўнае, каб без працэнтаў. Так, хай і патрабаваліся камусьці тэрмінова грошы і давялося аддаваць больш за месяц, чым агаворвалася. Але лепш на дзвюх працах жыць два гады і аддаць даўгі, чым падарыць банку кватэру», — разважае Міхаіл. Ён прызнаецца, што ў той перыяд разлічваў бюджэт на некалькі месяцаў наперад, каб быць упэўненым, што грошай на ўсё хопіць. «Ну і, вядома, ратавалі бацькі: бульба, цыбуля, морква і кабачкі (мяне складана цяпер угаварыць паспрабаваць кабачкі). Прадукты купляў загадзя і па акцыі ў некалькі пазіцый, галоўнае не на пусты страўнік, каб у краме не купіць непатрэбнага ад пачуцця голаду».

Чытайце таксама