100 гадоў таму, 15 ліпеня 1924 года, у Беларусі пачалася палітыка беларусізацыі, якая дагэтуль уплывае на нашае жыццё. Як і чаму яна праводзілася, з якімі праблемамі сутыкнулася і наколькі была эфектыўная? Разбіраемся.
Чаму была патрэбная беларусізацыя?
На момант, калі ўлады абвясцілі пра старт гэтай палітыкі, Беларусь была падзеленая паміж дзвюма дзяржавамі. Паводле Рыжскага міру 1921 года заходняя частка нашай краіны дасталася Варшаве, усходняя — Маскве. На тэрыторыі шасці паветаў (сучасных раёнаў) камуністы стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Плошча БССР тады складала 52,4 тысячы квадратных кіламетраў (у сучаснай Беларусі — 207,6 тысячы), насельніцтва — усяго 1,5 млн чалавек. Астатнюю частку ўсходняй Беларусі Масква яшчэ раней далучыла да РСФСР.
Гэты факт выклікаў абурэнне як у шараговых камуністаў, так і ў кіраўніцтва БССР. Сярод апошніх былі патрыёты Беларусі, якія верылі пры гэтым у камуністычную ідэю. Самыя вядомыя з іх — старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта Аляксандр Чарвякоў і народны камісар (міністр) асветы Усевалад Ігнатоўскі. Іх таксама абуралі ранейшыя, дарэвалюцыйныя, падыходы ў моўнай палітыцы.

Нагадаем, што яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя на тэрыторыі нашай краіны, якая тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, праводзілася маштабная русіфікацыя. У пачатку XX стагоддзя не было ніводнай школы з выкладаннем на беларускай. Да таго ж часу забаранялася друкаванне кніг на роднай мове на лацінцы. А пераважная большасць беларускіх кніг на кірыліцы не прапускала цэнзура. Афіцыйнае справаводства вялося на рускай, на гэтай жа мове размаўлялі чыноўнікі і духавенства, на ёй ішло выкладанне ў школах. Атрымаць вышэйшую адукацыю можна было толькі ў буйных гарадах імперыі — зразумела, на рускай. У першыя гады пасля рэвалюцыі сітуацыя радыкальна не змянілася — у грамадскім жыцці БССР пераважала руская, кіраўнікамі Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі былі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў: армянін Аляксандр Мяснікоў, латыш Вільгельм Кнорын і іншыя, якія не ведалі беларускай мовы.
Між тым жыхары БССР працягвалі размаўляць на ёй. Паводле звестак перапісу 1897 года — адзінага, які прайшоў у Расійскай імперыі (наступны адбудзецца толькі ў 1926-м), — беларускамоўнае насельніцтва ў беларускіх губернях (з улікам шэрагу земляў, якія не ўваходзяць у склад сучаснай краіны) складала 73,3%. 14% гаварылі на ідышы. На рускай — усяго 4,3%, на польскай — 2,4%.
Беларусы не маглі атрымліваць адукацыі на роднай мове, не мелі на ёй у дастатковай колькасці падручнікаў і кніг, не маглі развіваць на ёй культуру, у іх узнікалі цяжкасці ў зносінах з начальствам, якое гаварыла па-руску, і г. д. Існаванне невялікай па плошчы рэспублікі, якая не мела ніякіх правоў, зневажала нацыянальны гонар беларусаў. Таму вяртанне анексаваных тэрыторый і беларусізацыя былі жыццёва неабходнымі працэсамі.
Як да гэтай палітыкі ставіліся ў Крамлі?
Спачатку станоўча.
У сакавіку 1921-га наркам (міністр) па нацыянальнасцях Іосіф Сталін выступіў на Х з’ездзе Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). У тэзісах да з’езду ў якасці задач РКП (б) што да нацыянальных рэспублік ён пісаў наступнае: «а) развіць і ўмацаваць у сябе савецкую дзяржаўнасць у формах, адпаведных нацыянальнаму абліччу гэтых народаў; б) паставіць у сябе дзейныя на роднай мове суд, адміністрацыю, органы гаспадаркі, органы ўлады, складзеныя з людзей мясцовых, якія ведаюць побыт і псіхалогію мясцовага насельніцтва; в) развіць у сябе прэсу, школу, тэатр, клубную справу і наогул культурна-асветніцкія ўстановы на роднай мове».
Сталін выступаў за правядзенне палітыкі, якая была б залатой сярэдзінай паміж «каланізатарствам і вялікарускім шавінізмам» і нацыяналізмам. Асобна ён спыніўся на пытаннях БССР. «Тут я маю запіску пра тое, што мы, камуністы, нібыта насаджаем беларускую нацыянальнасць штучна. Гэта няслушна, бо існуе беларуская нацыянальнасць, у якой ёсць свая мова, адрозная ад рускай, з прычыны чаго падняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове», — заявіў тады будучы савецкі дыктатар.
Праз дзесяцігоддзе ён пачаў праводзіць абсалютна процілеглую палітыку. Чаму ж тады ён падтрымліваў гэтыя працэсы? Сталін яшчэ не быў кіраўніком краіны, а яго папярэднік Уладзімір Ленін прытрымліваўся ў нацыянальным пытанні больш кампраміснай пазіцыі.
Акрамя таго, камуністам было вельмі важна прапагандаваць свае ідэі: рускую мову разумела не ўсё насельніцтва СССР. А таксама перахапіць ініцыятыву ў сваіх канкурэнтаў, якія спрабавалі стварыць незалежную ад Масквы дзяржаўнасць (Беларускую Народную Рэспубліку, Украінскую Народную Рэспубліку і г. д.), але аказаліся ў эміграцыі. Напрыклад, яшчэ ў лістападзе 1922-га ўкраінская мова стала асноўнай для навучальных установаў гэтай рэспублікі.
У дадатак, як мы ўжо казалі вышэй, існаваў фактар Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад польскім кантролем. У Крамлі бачылі яе часткай Саюза, а таму хацелі расхістаць стабільнасць у суседняй краіне: аж да 1925 года ў рэгіёне пры падтрымцы Крамля ішла дыверсійная барацьба. Маскве было выгадна стварыць у БССР такія ўмовы, каб беларусы, што жылі за мяжой, арыентаваліся менавіта на гэтую рэспубліку як на прыклад для пераймання.

Комплекс гэтых фактараў і прывёў да старту новай палітыкі.
Якой была праграма беларусізацыі?
Першыя крокі былі зробленыя яшчэ ў пачатку 1920-х гадоў. У 1921-м быў адкрыты БДУ, у тым самым годзе пры Наркамаце (міністэрстве) асветы БССР была створаная камісія, якая мусіла распрацоўваць тэрміналогію на беларускай мове. За гэты год яе супрацоўнікі апрацавалі 2,5 тысячы словаў. У 1922-м на базе гэтай камісіі быў створаны Інстытут беларускай культуры — найвышэйшая навуковая ўстанова рэспублікі. У канцы дзесяцігоддзя на яго базе з’явілася Акадэмія навук.
Барацьба за пашырэнне тэрыторыі і павелічэнне ролі роднай мовы прынеслі плён. У сакавіку 1923 года ў Мінску адбыўся VII з’езд беларускай кампартыі. Яго дэлегаты пастанавілі, што хутка адрадзіць БССР можна, толькі ўключыўшы ў яе тэрыторыю «роднасныя ёй суседнія раёны» і «ўмацаваўшы культурна-асветную працу на родных (беларускай, габрэйскай, рускай і польскай) мовах». Ступень цэнтралізацыі ў той час у Савецкім Саюзе была велізарная, уявіць, што мінскія камуністы пайшлі на такую вольніцу без узгаднення з Масквой, немагчыма.
У лютым 1924 года беларусам вярнулі частку анексаваных раней тэрыторый. А ў ліпені таго ж года пачалося афіцыйнае правядзенне беларусізацыі. На пленуме беларускай кампартыі была прынятая рэзалюцыя «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі». 15 ліпеня 1924 года яна была зацверджаная і атрымала сілу закона.
Прадугледжвалася наступнае:
- дзяржаўнымі мовамі БССР рабіліся беларуская, руская, ідыш і польская. Пры гэтым беларуская абвяшчалася «пераважнай для адносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі арганізацыямі». Пры гэтым кантакты з цэнтральнымі органамі СССР і іншымі саюзнымі рэспублікамі ажыццяўляліся на рускай. Праз тры гады пераважны статус беларускай быў зафіксаваны ў Канстытуцыі рэспублікі;
- на родную мову перакладалася справаводства. На гэта даваўся тэрмін ад аднаго да трох гадоў. Тэрмін для кожнай установы вызначаўся асобна. Супрацоўнікі гэтых установаў мусілі прайсці кароткатэрміновыя курсы;
- цягам трох-пяці гадоў на беларускую мусілі перавесці сістэму адукацыі. Для гэтага настаўнікі таксама мусілі прайсці кароткатэрміновыя курсы;
- у сямігадовыя школы і тэхнікумы ў якасці абавязковага прадмета ўводзіліся беларуская літаратура, гісторыя і геаграфія;
- усе культурна-адукацыйныя ўстановы мусілі быць забяспечаныя дастатковай колькасцю кніг на роднай мове;
- экзамен па беларускай мове станавіўся абавязковым падчас паступлення ў ВНУ;
- павялічвалася колькасць кніг, слоўнікаў, даведнікаў, часопісаў, газет і г. д. на роднай мове.

У чэрвені таго ж года ў БССР была створаная Камісія па рэалізацыі нацыянальнай палітыкі. Яе аддзелы былі ў мясцовых выканкамах. Камісія займалася арганізацыйнымі пытаннямі беларусізацыі, кантралявала, як выконваецца яе графік, і праводзіла праверкі таго, наколькі чыноўнікі ведаюць беларускую. Першым старшынёй Камісіі быў абраны Дзмітрый Чарнушэвіч, потым яго памяняў Аляксандр Хацкевіч.
Што ўдалося зрабіць?
Кіраўнікі Камуністычнай партыі ўсяляк падтрымлівалі палітыку беларусізацыі. Напрыклад, кіраўнік БССР Аляксандр Крыніцкі (1924−1927), прысланы ў Мінск з Масквы, нават вывучыў беларускую і чытаў на ёй даклады.
Дзякуючы іх падтрымцы арганізатары беларусізацыі змаглі наладзіць канкрэтны механізм вывучэння мовы. Напрыклад, ва ўсіх наркаматах БССР, раённых і акруговых цэнтрах (у апошнім выпадку гаворка ідзе пра сучасныя абласныя цэнтры) адкрыліся курсы для супрацоўнікаў. Заняткі ішлі два разы на тыдзень па дзве гадзіны. У раёнах яны доўжыліся шэсць месяцаў, у акруговых цэнтрах і ў наркаматах — год. Пасля гэтага праходзіў экзамен, які трэба было здаць як мінімум на адзнаку «добра». Патрабавалася напісаць дыктоўку, чытаць, перакладаць і размаўляць з экзаменатарамі на беларускай. У выпадку, калі чыноўнікі своечасова не пераходзілі на беларускую, іх маглі папярэдзіць, даць вымову, панізіць на пасадзе і г. д. Звальнялі ж толькі тых, хто свядома адмаўляўся вывучаць беларускую. Напрыклад, у 1927-м такіх ва ўсёй рэспубліцы знайшлося ўсяго 27 чалавек.
І калі ў 1925-м толькі 22% чыноўнікаў, якія працавалі ў цэнтральных установах БССР, валодалі беларускай, сярод тых, хто працаваў на месцах, — 36%. Праз два гады — ужо, адпаведна, 80 і 70%.
Найбольш паспяхова змянялася сітуацыя ў адукацыі. Як пісаў чэшскі даследчык Міраслаў Грох, падчас перафарматавання пачатковай школы праблемай было ўпэўніць сялян у тым, што кампанія па ліквідацыі непісьменнасці павінная праходзіць на беларускай мове. Тыя лічылі рускую адзінай літаратурнай мовай, якая ў дадатак адкрые ім дарогу да ўзыходжання па сацыяльнай лесвіцы. У сярэдняй прафесійнай і вышэйшай адукацыі праблемай было няведанне выкладчыкамі беларускай мовы. Зрэшты, за некалькі наступных гадоў асноўная частка настаўнікаў засвоіла нашую мову і пачала весці на ёй заняткі. Павялічвалася і колькасць беларускіх школ. Да 1930/31 навучальнага года ў 88% з іх (гаворка пра агульнаадукацыйныя) выкладанне ішло на роднай мове.

З 1927 года на беларускую мову перавялі газету «Звязда» — галоўнае выданне рэспублікі. Разам з ёй на гэтай жа мове пачалі выходзіць і абласныя газеты.
Нарэшце, за перыяд беларусізацыі з’явілася вялікая колькасць кніг, падручнікаў, слоўнікаў. Пералічваць іх мы не будзем: для гэтага спатрэбіўся б асобны тэкст. Прывядзём толькі адзін прыклад. Беларусізацыя праводзілася і ў войску, у Беларускай вайсковай акрузе. У 1927-м выйшла першая частка «Практычнага беларускага вайсковага слоўніка», куды ўвайшло дзесяць тысяч слоў. Прычым беларусізацыя ў войску працягвалася і пасля таго, як яе згарнулі ва ўсёй рэспубліцы (пра гэта ніжэй): да 1935 года вайсковы сектар Дзяржвыдавецтва Беларусі выпусціў 418 кніг і брашур, з іх на рускай — толькі восем.
Дваццатыя гады сталі часам росквіту беларускай літаратуры. Творы Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Дубоўкі, створаныя ў перыяд беларусізацыі, цяпер лічацца класікай.
Чаго не ўдалося зрабіць?
Беларусізацыя праходзіла далёка не ў бясхмарнай атмасферы. Як пісаў Міраслаў Грох, частыя праверкі ўсё роўна паказвалі, што дзяржслужбоўцы — нават ведаючы беларускую — усё роўна выкарыстоўвалі падчас працы рускую. Гэта тлумачылася тым, што для большасці з іх нашая мова не была роднай (яны маглі быць як рускімі, так і беларусамі паводле нацыянальнасці, але гарадское асяроддзе было рускамоўным).
Нягледзячы на публічную падтрымку беларусізацыі з боку кіраўнікоў рэспублікі (вышэй мы прыводзілі прыклад з Аляксандрам Крыніцкім), беларуская ў справаводстве партыі амаль не выкарыстоўвалася. Яшчэ ў сярэдзіне 1925-га амаль усе дакументы пісаліся па-руску. У канцы 1927-га беларускую на партыйных сходах можна было пачуць толькі ў кожнай трэцяй гарадской партарганізацыі (у вёсцы — у палове выпадкаў). Праз год сітуацыя карэнным чынам не змянілася.

«Справа не толькі ў тым, што вынікі іх іспытаў па граматыцы ці ўзроўні валодання гутарковай мовай амаль заўсёды былі самымі дрэннымі. Бадай самым істотным было тое, што гэтыя службоўцы ўвогуле адмоўна ставіліся да самой беларускай мовы, беларусізацыі і звязаных з ёю ініцыятыў», — пісала пра такіх чыноўнікаў гісторык Алена Маркава.
Чаму і як у Крамлі згарнулі беларусізацыю?
Працэс пачаўся ў канцы 1920-х гадоў. Ён быў непазбежны: Масква рашуча мяняла агульную палітыку. Менавіта тады, на мяжы дзесяцігоддзяў, паслярэвалюцыйная рамантыка сышла на нішто — пачаліся цяжкія будні: калектывізацыя, індустрыялізацыя і ўзмацненне рэпрэсій. Савецкае кіраўніцтва пачало ўзмацняць кантроль ва ўсіх сферах жыцця: увялі пашпартную сістэму, пачалі барацьбу з «рэшткамі буржуазіі». У межах сямейнай палітыкі савецкая ўлада прыйшла да пурытанства, у адукацыі — да знаёмай нам класна-ўрокавай сістемы, у літаратуры — да метаду сацыялістычнага рэалізму, у архітэктуры — да неакласіцызму і г. д. Усе астатнія стылі, падыходы, метады, напрамкі абвяшчаліся ілжывымі і варожымі. Маглі існаваць толькі тыя, што выбрала дзяржава. Нядзіўна, што ў новым, сталінскім, СССР — менавіта тады, на мяжы дзесяцігоддзяў, Іосіф Сталін усталяваў сваю аднаасобную дыктатуру — не магло існаваць моўнага шматгалосся. Шанец на паспяховае развіццё мела толькі адна мова — руская.

У траўні — чэрвені 1929 года ў БССР працавала «камісія Затонскага», якая на даручэнне Масквы правярала, як праводзіцца беларусізацыя. Уладзімір Затонскі быў старшынёй Цэнтральнай кантрольнай камісіі Усесаюзнай кампартыі. 27 чэрвеня ён выступіў з дакладам на паседжанні ЦК Кампартыі Беларусі.
Як пісала гісторык Алена Маркава, Затонскі заявіў, што беларускі нацыяналізм да гэтага быў небяспекай патэнцыйнай, а цяпер стаў рэальнай і нібыта пачаў задаваць тон усёй нацыянальнай палітыцы ў рэспубліцы: «Затонскі падкрэсліваў, што ў палітычным жыцці Беларусі „рэзка кідаецца ў вочы непамерна вялікая роля так званых культурных сілаў — акадэмікі, паэты, філолагі і інш. дзеячы беларускай культуры“. Свой светапогляд яны фармуюць з аглядкай на культурную спадчыну Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча або стваральнікаў „Нашай Нівы“ (выданне, у якім друкаваліся ўсе беларускія класікі пачатку ХХ стагоддзя — ад Янкі Купалы да Якуба Коласа. — Заўв. рэд.) і прасоўваюць свае ўяўленні аб культурнай і гістарычнай самабытнасці беларускай дзяржавы».
На думку Затонскага, такі падыход быў непрымальны і шкодны, бо дарэвалюцыйная гістарычная і культурная спадчына нібыта не спрыяла вызваленню пралетарыяту (на што рабіла стаўку новая ўлада). Як адзначала Маркава, логіка развагаў прамоўцы дазваляла лічыць практычна любыя элементы нацыянальнай самабытнасці праявай класава непрымальнай ідэалогіі.
Пасля гэтага разгромнага дакладу пачалося згортванне беларусізацыі. «Беларусізацыйныя мерапрыемствы яшчэ некаторы час праводзіліся, але ўжо не былі такімі інтэнсіўнымі і паступова згортваліся, бо не мелі ранейшай масіўнай падтрымкі з боку дзяржавы», — пісала Маркава.
Наступным этапам сталі рэпрэсіі супраць людзей, якія рэалізоўвалі беларусізацыю. У 1930-м супрацоўнікі спецслужбаў прыдумалі няісны «Саюз вызвалення Беларусі», па справе якога праходзіла больш за 100 чалавек. У кіраўніцтве арганізацыяй абвінавачвалі Усевалада Ігнатоўскага, тады ўжо не наркама асветы, а першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР — у выніку ён застрэліўся. Потым — паэта Янку Купалу, ён паспрабаваў здзейсніць суіцыд, але яго выратавалі ў апошні момант. Пераважную большасць іншых дзеячаў беларускай культуры рэпрэсавалі, многіх з іх пазней расстралялі. Такі ж лёс чакаў і людзей, якія праводзілі беларусізацыю: Чарвякоў скончыў жыццё самагубствам, Крыніцкі, Чарнушэвіч, Хацкевіч былі расстраляныя (як, дарэчы, і Затонскі).
Пасля згортвання беларусізацыі яе месца паступова заняла русіфікацыя. Яе важнай часткай стала штучнае збліжэнне нацыянальных моваў з рускай. У 1933-м прайшла рэформа беларускага правапісу. У камісію, якая распрацавала новы праект (менавіта згодна з ім з пэўнымі зменамі мы пішам на беларускай дагэтуль), не ўвайшоў ніводзін мовазнавец. Менавіта тады адбылася адмова ад мяккага знака: калі раней пісалі «сьнег», што адпавядае вымаўленню, то пасля гэтага — «снег». Мэтай жа рэформы, як прызнавалі пасля вайны, стала, «наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага».
Пікам жа русіфікацыі стала пастанова 1938 года, калі руская мова стала абавязковай для вывучэння ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей. Фактычна да пачатку 1940-га беларускую не выкладалі зусім.
Паралельна з гэтымі працэсамі ў краіне разгортваліся палітычныя рэпрэсіі, пік якіх прыпаў на 1937 год. У гэты час былі знішчаныя тысячы прадстаўнікоў айчыннай культуры, якіх абвінавачвалі ў нацыяналізме.
Якую ролю гэтая палітыка адыграла ў беларускай гісторыі?
На першы погляд, беларусізацыя скончылася няўдачай. Яе хутка згарнулі, арганізатараў рэпрэсавалі. Паверыўшы ў рэальнасць гэтай палітыкі, на радзіму вярнуліся стваральнікі БНР (напрыклад, Вацлаў Ластоўскі) — і былі расстраляныя.
Зрэшты, Міраслаў Грох лічыць беларусізацыю няўдалай не толькі з прычыны згортвання гэтай палітыкі. На яго думку, беларускі нацыянальны рух не знаходзіўся ў масавай фазе, узровень нацыянальнай ідэнтычнасці быў нізкі, а таму магчымасці беларусізацыі не былі рэалізаваныя да канца.
Аднак гэта той выпадак, калі з навукоўцам цяжка пагадзіцца. Беларусізацыя рэалізоўвалася ўсяго пяць гадоў і за гэты кароткі час дасягнула вялікіх поспехаў, а таксама адыграла найважнейшую ролю ў наступных падзеях і беларускай гісторыі ў цэлым.
Беларусь трапіла ў залежнасць ад Крамля (у фармаце БССР) не проста так. У 1918-м нашыя продкі абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, але ўзровень нацыянальнай самасвядомасці быў яшчэ вельмі нізкі, падтрымкі ні ў насельніцтва, ні ў буржуазіі, якая мела грошы, лідары БНР не атрымалі — а таму не змаглі стварыць свае ўзброеныя сілы (хоць такія спробы неаднаразова рабіліся), а без іх абараніць інтарэсы краіны тады было нерэальна.
Гісторык Алена Маркава тлумачыла ў інтэрв'ю TUT.BY, што нацыя можа фармавацца некалькімі шляхамі (гэтая класіфікацыя належыць гісторыку Міраславу Гроху):
«Першы шлях — „інтэграваны“, калі ідзе крок за крокам натуральнае развіццё. Напрыклад, гэта чэхі.
Другі тып — „спознены“, калі развіццё нацыі з нейкай прычыны затрымалася, напрыклад, індустрыялізацыя прыйшла пазней, нацыянальны рух развіваецца са спазненнем, але прыходзіць да фармавання. Напрыклад, гэта славакі.
Трэці тып — „рэвалюцыйны“, калі нацыянальнае развіццё пачынаецца з рэвалюцыі, прыклад — балканскія краіны.
Чацвёрты тып — „дэзінтэграваны“. Развіццё пачынаецца на фоне ўжо сфармаванага „грамадзянскага“ грамадства. І няма трыгера (сацыяльнай ці эканамічнай супярэчнасці, што закранае нацыянальныя інтарэсы), які могуць выкарыстоўваць патрыёты, каб павесці за сабой масы. І гэта няўдалы шлях. Прыклад — каталонцы ці баскі. Яны ніяк не могуць атрымаць сваю незалежнасць».
Маркава прыйшла да высновы, што беларусы фармальна адносяцца да другога, «спозненага», тыпу. Але насамрэч гэта ўнікальны, пяты, тып нацыянальнага развіцця: «Мы атрымліваем савецкую дзяржаўнасць — БССР, то-бок „шкарлупіна“ ў выглядзе дзяржавы ёсць, а нацыянальны элемент толькі пачынае інтэнсіўна развівацца, як у параварцы. Гэты механізм запускаецца „зверху“ ўладамі ў выглядзе беларусізацыі: мова ў дзяржкіраванні, у адукацыі, у культуры… Працэс максімальна паскораны дзяржавай штучна: тое, што ў Чэхіі адбывалася цягам 150 гадоў, у Беларусі фактычна адбылося за пяць. Феномен у тым, што спачатку мы атрымліваем дзяржаўнасць, а потым у адваротным парадку — нацыянальнае развіццё нібы „даганяе і напаўняе“ створаную дзяржаўнасць, падтрымліваецца „зверху“».
Чытайце таксама


