Ужо больш за тыдзень бакі абменьваюцца ўдарамі на мяжы. Прынамсі 46 чалавек загінулі ў выніку пакістанскіх авіяўдараў на ўсходзе Афганістана 24 снежня. Пакістан заявіў, што мэтай атак былі «схованкі тэрарыстаў» з пакістанскага «Талібану». Паводле афганскага кіраўніцтва, большая частка з 46 ахвяр — жанчыны і дзеці, піша BILD.
У адказ афганскія талібы перакінулі на мяжу ваенную тэхніку і 15 тысяч салдат (паводле звестак брытанскіх СМІ). Пасля гэтага афганцы напалі і знішчылі «некалькі» пакістанскіх пазіцый на спрэчнай мяжы. Сутычкі там працягваюцца.
Прадстаўнікі «Талібану» сказалі брытанскай газеце Telegraph, што гатовыя да любой далейшай эскалацыі канфлікту. «Нам усё роўна, ці ёсць у іх ядзерная бомба — у нас ёсць вера, і мы ведаем, што Бог з намі», — сказаў адзін з высокапастаўленых талібаў.
Лідары Пакістана таксама не схільныя саступаць. Урад абвінавачвае афганскіх талібаў у прадстаўленні прытулку пакістанскім баевікам. Перш за ўсё гаворка ідзе пра групоўку «Тэхрык-е Талібан Пакістан» (ТТП), якую афганскія талібы, паводле пэўных звестак, забяспечваюць зброяй. ТТП сее ў Пакістане хаос. Толькі ў 2024 годзе ў выніку 444 атак на пакістанскія сілы бяспекі загінула не менш за 685 чалавек.
Паводле апошняга дакладу Савета Бяспекі ААН, да 6,5 тысячы баевікоў ТТП хаваюцца ў Афганістане. «Талібы не лічаць ТТП тэрарыстычнай групай», — гаворыцца ў дакладзе. Пасля захопу ўлады яны выпусцілі баевікоў з турмаў.