У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што падчас ранішняй ракетнай атакі не наносілі ўдараў па цывільных аб’ектах ва Украіне. У Службе бяспекі Украіны кажуць пра адваротнае і публікуюць фота, як сцвярджаецца, абломкаў расійскай ракеты, знойдзеных на тэрыторыі дзіцячай бальніцы «Ахматдзет». Расказваем, што вядома на гэты момант.
Мінабароны РФ: Ракета ўкраінскай СПА
Міністэрства абароны Расіі дало справаздачу пра эфектыўны групавы ўдар «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці па аб’ектах вайсковай прамысловасці Украіны і авіяцыйных базах УСУ». Там заявілі, што ён быў нанесены «ў адказ на спробы нанясення кіеўскім рэжымам шкоды аб’ектам расійскай энэргетыкі і эканомікі».
«Заявы прадстаўнікоў кіеўскага рэжыму пра нібыта наўмысны ракетны ўдар Расіі па цывільных аб’ектах абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці. Шматлікія апублікаваныя фота і відэакадры з Кіева адназначна пацвярджаюць факт разбурэнняў з прычыны падзення ўкраінскай ракеты СПА, запушчанай з зенітнага ракетнага комплексу ў межах горада», — гаворыцца ў паведамленні расійскага вайсковага ведамства.
СБУ: Гэта ваеннае злачынства
Між тым украінскія тэлеграм-каналы публікуюць відэа, як сцвярджаецца, моманту прылёту ракеты ў дзіцячую бальніцу «Ахматдзет».
Служба бяспекі Украіны паведамляе, што, паводле звестак следства, Расія нанесла ўдар ракетай Х-101.
«На месцы трагедыі ўжо знойдзеныя адпаведныя доказы: у прыватнасці, абломкі корпуса задняй часткі ракеты Х-101 з серыйным нумарам і частка руля гэтай жа ракеты», — заявілі ў СБУ, апублікаваўшы фота знаходак.
Удар па Нацыянальнай дзіцячай спецыялізаванай бальніцы «Ахматдзет» СБУ кваліфікавала як ваеннае злачынства. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны (Парушэнні законаў і звычаяў вайны, спалучаныя з наўмысным забойствам).
Выратавальныя работы працягваюцца, колькасць ахвяраў расце
Для нанясення ўдару Расія выкарыстала 38 ракет розных тыпаў, у тым ліку аэрабалістычную ракету «Кінжал», «Іскандэры», крылатыя ракеты «Цыркон»,
Х-101, «Калібры», Х-22 і кіравальныя авіяцыйныя ракеты Х-59/Х-69, расказалі ў Паветраных сілах Украіны. СПА знішчыла 30 з іх.
Ахвярамі ранішняй ракетнай атакі, паводле апошніх звестак, стала больш за 140 чалавек: загінуў 31 мірны жыхар — 20 у Кіеве і 11 на Днепрапятроўшчыне, раненні атрымалі 125 чалавек.
«Пацверджаная гібель двух дарослых у бальніцы „Ахматдзет“. Адна з іх — маладая доктарка медустановы. У бальніцы „Ахматдзет“ цяпер 16 пацярпелых. Сямёра з іх — дзеці. 15 пацярпелых шпіталізавалі», — расказаў мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле яго звестак, папярэдне сем чалавек загінулі ў Дняпроўскім раёне ў выніку падзення абломкаў на медыцынскі цэнтр, яшчэ сямёра загінулых у бізнес-цэнтры ў Саломенскім раёне.
У Крывым Рогу дзесяць загінулых і 41 паранены. 9 ліпеня ў Кіеве і Крывым Рогу абвешчаны дзень жалобы.