Аляксандр Сырскі замяніў Валерыя Залужнага на пасадзе галоўнакамандуючага УСУ больш за месяц таму — 8 лютага. І прыкладна за гэты ж час дзеянні ўкраінскіх войскаў, якія адбіваюць расійскае ўварванне, прыкметна змяніліся. У апошнія тыдні ў паведамленнях пра баявыя дзеянні ўсё часцей фігуруюць назвы расійскіх рэгіёнаў і населеных пунктаў, а навіны пра ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах у глыбіні РФ ператварыліся ў штодзённасць. Падобна да таго, што проста на нашых вачах УСУ планамерна пераходзяць да новай для сябе стратэгіі. Чаму яны гэта робяць, пра якую стратэгію ідзе гаворка і чым яна можа дапамагчы Украіне? Разбіраемся.
Навошта Украіне ўвогуле нешта мяняць?
Станам на восень мінулага года фронт расійска-ўкраінскай вайны застыў у пазіцыйным тупіку. У такой сітуацыі арміі праціўнікаў маюць дастаткова сіл і рэсурсаў, каб стварыць трывалую абарону, але ні ў адной з іх няма дастатковага патэнцыялу, каб прарваць абарону праціўніка і перайсці ў хуткі наступ. Ні ўкраінскае контрнаступленне лета 2023 года, ні зімовыя расійскія ўдары істотна не змянілі лінію фронту.
Апісваючы сітуацыю, якая склалася на фронце ў лістападзе мінулага года, мы дапусцілі, што Расія абярэ для вырашэння гэтай праблемы стратэгію вайны на знясіленне, падчас якой будзе далей выпрабоўваць украінскую абарону на трываласць з дапамогай самазабойчых «мясных штурмаў». Маючы значную перавагу ў мабілізацыйных рэсурсах, яна можа сабе дазволіць такі падыход. Мяркуючы з усяго, гэты прагноз пакуль спраўджваецца — пра гэта можа сведчыць, напрыклад, характар баявых дзеянняў падчас штурму расійскімі войскамі Аўдзееўкі.
Але Украіна не можа сабе дазволіць ваяваць падобным чынам. Для Кіева выкарыстанне «мясных штурмаў» з мэтай прасоўвання лініі фронту ў патрэбным кірунку на пару кіламетраў — загадзя пройгрышны варыянт. Праз значна меншую колькасць насельніцтва краіна проста не ў стане разменьваць у штурмах па тры-пяць салдацкіх жыццяў на адно.
У лістападзе мы прыйшлі да высновы, што вайсковае кіраўніцтва Украіны будзе шукаць іншыя спосабы выхаду з пазіцыйнага тупіка. Як тэхнічныя, так і арганізацыйныя. Напрыклад, выкарыстанне новых відаў зброі, а таксама незвычайныя спосабы выкарыстання ўжо наяўных узораў. І ў першую чаргу — беспілотных лётных апаратаў.
Варта адзначыць, што пераход УСУ да новай стратэгіі зусім неабавязкова наўпрост звязаны са зменай галоўнакамандуючага. Валерый Залужны да адстаўкі з гэтай пасады выдатна разумеў неабходнасць пошуку спосабаў выйсці з пазіцыйнага тупіка. У лістападзе мінулага года ён сам казаў пра тое, што цяперашнюю вайну супраць Расіі Украіна не зможа выйграць зброяй мінулага пакалення і састарэлымі метадамі.
А ў інтэрв'ю для CNN у пачатку лютага (за тыдзень да адстаўкі) Залужны выклаў сваё бачанне таго, якой мусіць быць стратэгія Украіны ў 2024 годзе. Генерал лічыў прыярытэтам авалоданне арсеналам адносна танных, сучасных і эфектыўных беспілотных узбраенняў і іншых найноўшых тэхналагічных сістэм. Гэта мусіла дазволіць знізіць узровень стратаў, выкарыстоўваць мінімальную колькасць дэфіцытнай бранятэхнікі, наносіць удары па расійскіх цэлях у моры без наяўнасці баявых караблёў, а па аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў расійскім тыле — без выкарыстання дарагіх ракет.
Перабудова УСУ пад новую стратэгію таксама пачалася яшчэ за Валерыем Залужным. У снежні 2023 года ў складзе Генеральнага штаба Украіны з’явілася цэнтральнае ўпраўленне беспілотных сістэм, якое 6 лютага рэарганізавалі ў асобны род войскаў — Сілы беспілотных сістэм.
Што за стратэгію пачала выкарыстоўваць Украіна?
Падзеі на фронце расійска-ўкраінскай вайны ў апошнія паўтара месяца дазваляюць вылучыць тры асноўныя элементы новай украінскай стратэгіі. Гэта:
- поўны пераход да стратэгічнай абароны на фронце, адмова ад маштабных наступальных дзеянняў, якія не прыводзяць да буйных поспехаў, але марнуюць рэсурсы;
- канцэнтрацыя на дыверсійных дзеяннях унутры Расіі — у першую чаргу на ўдарах па аб’ектах крытычна важнага для РФ і яе ўзброеных сіл нафтахімічнага комплексу;
- рэйды на расійскую тэрыторыю з другарадных напрамкаў сіламі расійскіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў.
У сукупнасці ўсё гэта дазваляе ахарактарызаваць актыўнасць Украіны як стратэгію непрамых дзеянняў. Так іх назваў, напрыклад, украінскі гісторык і афіцэр аднаго з падраздзяленняў Нацыянальнай гвардыі краіны Раман Панамарэнка. Сам гэты тэрмін вынайшаў брытанскі афіцэр, ваенны гісторык і тэарэтык сэр Бэзіл Лідэл Гарт, які прааналізаваў досвед Першай сусветнай вайны і прапанаваў магчымыя спосабы выхаду з пазіцыйнага тупіка (які акурат быў характэрны для таго канфлікту).
Да ідэй Лідэл Гарта мы яшчэ вернемся, але пакуль звернем увагу на тое, што многія прынцыпы стратэгіі непрамых дзеянняў ўпершыню былі сфармуляваныя яшчэ да яго. У прыватнасці, у старажытнакітайскім ваенным трактаце «Трыццаць шэсць стратагем», аўтарства якога часам прыпісваюць знакамітаму паўлегендарнаму генералу Сунь Цзы. Насамрэч гэтая праца створаная калектыўнымі намаганнямі аўтараў, што жылі ў розны час. Але адна з апісаных там формул дасягнення перамогі, магчыма, сапраўды была сфармуляваная Сунь Цзы.
Сутнасць стратэгіі непрамых дзеянняў заключаецца ў пазбяганні лабавых атак і буйных бітваў. Замест іх для дасягнення перамогі варта наносіць ўдары там, дзе праціўнік да іх не гатовы.
Усе стратагемы ў кітайскай працы згрупаваныя ў шэсць катэгорый. Непрамыя дзеянні апісваюцца ў многіх з іх, але выразней за ўсё прасочваюцца ў першай («Стратагемы супраць мацнейшага»), чацвёртай («Стратагемы хаосу, або заблытвання праціўніка») і шостай групах («Стратагемы бязвыхадных сітуацый»).
Самым яскравым прыкладам можа служыць стратагема № 2 з групы прыёмаў для барацьбы супраць мацнейшага праціўніка, якая называецца «Узяць у аблону Вэй, каб уратаваць Чжаа». Часам яе яшчэ называюць «стратагемай ахілесавай пяты». Назву яна атрымала ў гонар падзеі са старажытнакітайскай эпохі Ваяўнічых царстваў. У 354 годзе да н. э. царства Вэй напала на суседняе царства Чжаа, якое звярнулася па дапамогу да саюзнага царства Цы. Цар Цы збіраўся адправіць сваё войска ў Чжаа, каб дапамагчы адбіць уварванне, але ваенны дарадца Сунь Бінь, што служыў яму, адгаварыў яго ад гэтай відавочнай ідэі. Ён прапанаваў адправіць войска адразу ў Вэй, якое засталося без арміі. Цар пагадзіўся, войскі Цы аблажылі сталіцу Вэй, пасля чаго вэйская армія паспяшалася вярнуцца з Чжаа. За гэты час армія Цы здолела выбраць удалае месца для сустрэчы агрэсара і нанесла поўную паразу яго арміі — значна мацнейшай, але знясіленай хуткім маршам на радзіму.
Дзеянні добраахвотніцкіх расійскіх фармаванняў, якія на баку УСУ здзяйсняюць рэйды на тэрыторыю Белгародскай вобласці, выглядаюць як добрая ілюстрацыя гэтай стратагемы. Пакуль асноўная частка расійскіх сухапутных войскаў уцягнутая ў кровапралітныя баі на тэрыторыі ўсходняй і паўднёвай Украіны, саюзныя Украіне сілы наносяць удары па расійскай тэрыторыі. Выкарыстанне такіх невялікіх атрадаў дзе-небудзь пад Аўдзееўкай, хутчэй за ўсё, нават не трапіла б асобным пунктам у баявыя зводкі. Але нават невялікія наступы на тэрыторыю Курскай і Белгародскай абласцей Расіі дазваляюць УСУ перахапіць тут ініцыятыву, вымушаюць расіян выкарыстоўваць рэзервы на другарадных кірунках, пераносяць вайну на тэрыторыю агрэсара і ствараюць панічныя настроі ўнутры самой РФ.
Стратагема № 4 «Спакойна чакаць стомленага ворага» даўно выкарыстоўваецца УСУ на практыцы ў форме знясілення расійскіх войскаў, якія наступаюць.
Вывад з ладу расійскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў адпавядае стратагеме № 19 «Выцягвай галлё з ачага», згодна з якой варта пастаянна аслабляць эканамічную апору праціўніка, па магчымасці ўнікаючы супрацьстаяння з яго галоўнымі сіламі.
УСУ выкарыстоўваюць і стратагему № 36 «Уцёкі — найлепшы прыём», якая за кошт ухілення ад бітваў з мацнейшым праціўнікам у нявыгадных умовах дазваляе захоўваць сілы і выйграваць час. Адыходзячы на выгадныя пазіцыі, менш моцная армія захоўвае свае рэсурсы і заваблівае праціўніка на зручнейшую для сябе мясцовасць. Адступленне з гэтага пункту гледжання разглядаецца не як параза, а як прымальная альтэрнатыва ёй (то-бок капітуляцыі ці перамоваў на ўмовах агрэсара). Пры гэтым пазбегнуць паразы вельмі важна, бо гэта пакідае шанец у будучыні атрымаць перамогу.
Чым выкарыстанне такой стратэгіі можа дапамагчы Украіне?
Бэзіл Лідэл Гарт сістэматызаваў мноства згаданых стратэгічных прыёмаў і звёў іх да васьмі прынцыпаў, якія мусяць быць асновай для паспяховага выкарыстання стратэгіі непрамых дзеянняў. Шэсць з іх — пазітыўныя, то-бок падказваюць, што трэба рабіць. Яшчэ два — негатыўныя, то-бок гавораць пра тое, чаго палкаводцам варта ўсімі сіламі пазбягаць.
Разбяромся, што гэта за прынцыпы — і як яны могуць паўплываць на будучы характар баявых дзеянняў УСУ.
Пазітыўныя прынцыпы:
- Выбар мэты ў залежнасці ад сродкаў. У адпаведнасці з ім УСУ будуць пазбягаць атак на добра падрыхтаваныя рубяжы абароны расіян да моманту, пакуль не атрымаюць прыдатныя для іх пераадолення інструменты. Напрыклад, для прарыву ліній абароны накшталт «лініі Суравікіна» ўкраінцам пакуль відавочна не хапае інжынернай тэхнікі накшталт машын разгароджвання і ўстановак размініравання. А недахоп ракет сярэдняй і вялікай далёкасці не дазваляе эфектыўна прарывацца праз глыбока эшаланаваную абарону (перад пачаткам такіх прарываў варта максімальна здушыць пункты кіравання і склады боепрыпасаў, размешчаныя ўдалечыні ад фронту).
- Уменне не адхіляцца ад мэты нават ва ўмовах зменлівай абстаноўкі. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам УСУ, імаверна, нягледзячы ні на што працягнуць наносіць ўдары па аб’ектах нафтаперапрацоўкі і чыгуначнай інфраструктуры ўнутры Расіі. Па магчымасці яны будуць нарошчваць іх тэмпы.
- Дзеянні на кірунку, адкуль менш за ўсё чакаюць удару. Можна меркаваць, што рэйды на тэрыторыю Курскай і Белгародскай абласцей былі толькі спробнымі камянямі. І ў недалёкай будучыні праўкраінскія ўзброеныя фармаванні «наведаюць» яшчэ нейкія з расійскіх рэгіёнаў.
- Дзеянні па лініі найменшага супраціву. Хутчэй за ўсё, чарговая спроба буйнога ўкраінскага контрнаступлення на поўдні альбо на ўсходзе Украіны адбудзецца толькі пры спрыяльных умовах. А вось баявыя дзеянні на кепска прыкрытых расіянамі межах Бранскай, Курскай і Белгародскай абласцей з высокай імавернасцю працягнуцца і будуць усё больш інтэнсіўнымі.
- Стварэнне адначасовай пагрозы некалькім аб’ектам. Геаграфія удараў дронамі і дыверсій на тэрыторыі Расіі будзе пашырацца. Перавага Расіі ў выглядзе яе велізарнай тэрыторыі ператворыцца ў недахоп: закрыць усё яе неба надзейнымі сістэмамі СПА вельмі складана. Гэтак жа, як надзейна ахоўваць ад дыверсій тысячакіламетровыя чыгункі і трубаправоды на ўсёй іх даўжыні. Спробы прыкрыць ад атак з паветра ці дыверсій хоць нешта будуць адцягваць неабходныя рэсурсы з фронту.
- Гнуткасць плана. УСУ будуць спрабаваць дасягнуць сваёй галоўнай мэты — прымусіць Расію пакінуць Украіну — адразу на некалькіх кірунках (сухапутная вайна ў самой Украіне, нанясенне непрымальных для Масквы інфраструктурных стратаў унутры Расіі, дэстабілізацыя эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай сітуацыі ў РФ і гэтак далей). Каб няўдача або абмежаваны поспех на адным з іх не прывялі да паразы ў цэлым.

Негатыўныя прынцыпы:
- Для дасягнення дэмаралізацыі і дэзарганізацыі праціўніка не варта наносіць удар усімі сіламі тады, калі праціўнік да гэтага гатовы. Выбар спрыяльнага месца і часу для нанясення моцнага ўдару — вельмі складаная задача ва ўмовах пазіцыйнага тупіка. Магчыма, такі ўдар адбудзецца ў тым месцы, дзе расіяне лічаць яго малаімаверным. Папярэдняя спроба контрнаступлення Украіны была зробленая там, дзе прадказвалі многія эксперты — і дзе РФ доўга да гэтага рыхтавалася.
- Не варта пасля кароткага перапынку аднаўляць наступ на тым самым кірунку, на якім ён быў няўдалым. УСУ, хутчэй за ўсё, не будуць паўтараць адну за адной бясплодныя спробы вызваліць адзін горад. Кожны новы такі ўдар мусіць быць сюрпрызам для расійскіх войскаў — і ў такім выпадку ён зможа завяршыцца поспехам.
Калі Украіна сапраўды мяняе сваю стратэгію такім чынам, то гэта адбываецца вымушана. У 2023 годзе УСУ спрабавалі вызваліць паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны краіны з дапамогай традыцыйнага контрнаступлення. Вынік вайны мусілі вырашыць поспехі на фронце. Але наступ не дасягнуў сваёй мэты, а назапашаныя для яго рэзервы былі ў значнай ступені патрачаныя.

Стратэгія непрамых дзеянняў дапамагае эканоміць рэсурсы і пры гэтым дазваляе перахапіць ініцыятыву. Нягледзячы на ўсё яшчэ актуальны для УСУ недахоп боепрыпасаў, сітуацыя на фронце выраўнялася. Расійская армія, якая панесла вялікія страты падчас штурму Аўдзееўкі, цяпер вымушаная распыляцца на прыкрыццё межаў Белгародскай і Курскай абласцей. А паспяховыя ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах унутры РФ падрываюць маральны дух расійскага насельніцтва. Адначасова ўсё менш пераканаўчым выглядае наратыў крамлёўскай прапаганды пра немагчымасць уразіць тэрыторыь Расіі і непазбежнасць ваеннай паразы Украіны.
Адваротны бок стратэгіі непрамых дзеянняў — гэта тое, што з яе дапамогай наўрад ці ўласца дасягнуць хуткай перамогі. Рух у абыход заўсёды даўжэйшы, чым прамы шлях. Але калі для перамогі ўдарам у лоб не хапае сіл, старажытнае вынаходніцтва кітайскіх стратэгаў, сістэматызаванае Лідэл Гартам, выглядае вельмі ўдалым сродкам, які можа дапамагчы выстаяць у вайне на знясіленне супраць значна мацнейшага праціўніка.
Што стаіць за ваеннымі зводкамі? «Люстэрка» з дапамогай экспертаў разбіраецца ў стратэгіі, якую выкарыстоўваюць на вайне, каб вы разумелі сутнасць баявых дзеянняў і тое, як яны могуць скончыцца.
Дапамажыце «Люстэрку» ствараць больш такіх матэрыялаў 👇
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Любая дапамога, асабліва калі яна рэгулярная, дапаможа нам працаваць. Пяць, дзесяць, 25 еўра — гэта нашая магчымасць планаваць працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.
Чытайце таксама


