Расійская армія нанесла масіраваны ўдар па Украіне — спачатку запусціла беспілотнікі, а потым крылатыя ракеты. Выбухі прагрымелі ў Мікалаеве, Харкаве, Кіеве, на Львоўшчыне. Ёсць загінулы і параненыя.
Ва ўкраінскай сталіцы, паводле апошніх звестак, пацярпелі дзевяць чалавек, у тым ліку цяжарная жанчына.
Успыхнуў пажар у 18-павярховым жылым доме, а таксама на станцыі тэхабслугоўвання. Левы бераг украінскай сталіцы застаўся без святла і цяпла — пашкоджаныя электра- і цепламагістралі, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.
Два чалавекі пацярпелі ў Кіеўскай вобласці, абломкамі ракет пашкоджаныя прыватны і шматкватэрны жылыя дамы.
У Мікалаеве пацярпеў прыватны жылы сектар — пашкоджаныя жылыя дамы, газа- і водаправоды. Таксама пашкоджанні атрымаў інфраструктурны аб’ект — узнік маштабны пажар, расказалі ў мясцовым аддзяленні Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях.
Загінуў мужчына 1953 года нараджэння — ён атрымаў цяжкія мінна-выбуховую і чэрапна-мазгавую траўмы і памёр у бальніцы.
У Харкаўскай вобласці, паводле звестак МУС, двое пацярпелых.
У Днепрапятроўскім раёне праз падзенне абломкаў беспілотнікаў пашкоджанае камунальнае прадпрыемства, успыхнуў пажар.
У Драгобычы Львоўскай вобласці пашкоджаны прамысловы аб’ект. На плошчы каля 300 м² працягваецца пажар. На месцы працуюць ратавальнікі. Звестак пра пацярпелых няма.
Паводле заявы Паветраных сіл УСУ, адна з расійскіх ракет рухалася ў напрамку Польшчы, але потым змяніла курс на Львоў. Для бяспекі паветранай прасторы Польшча задзейнічала свае і саюзніцкія самалёты.
У цэлым паветраная трывога доўжылася каля трох гадзін. Пад удар трапілі шэсць рэгіёнаў Украіны.