Украінскія вайскоўцы паведамілі, што за суткі нанеслі дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка. У Мінабароны РФ заявілі, што ўначы нанеслі групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці марскога і наземнага базавання па цэнтры прыняцця рашэнняў УСУ. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны ўпэўненыя, што загад забіць Прыгожына амаль дакладна аддаў Пуцін. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 547-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка і два пабітыя пункты кіравання
«Уначы Расія нанесла ракетны ўдар па горадзе Днепр. Інфармацыя пра наступствы гэтай тэрарыстычнай атакі пакуль удакладняецца. За суткі вораг нанёс 10 ракетных і 57 авіяцыйных удараў, здзейсніў 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Таксама расійскія войскі чарговым разам атакавалі тэрыторыю Украіны „Шахедамі“. СПА знішчыла 12 ударных дронаў праціўніка. У выніку расійскіх тэрарыстычных атак ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнні зазналі жылыя дамы, партовая інфраструктура, школы і іншая цывільная інфраструктура», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за мінулыя суткі адбылося 23 баявыя сутыкненні.
- На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў.
- На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах некалькіх населеных пунктаў. Ажыццявіў мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы больш чым 15 населеных пунктаў.
- На Купянскім напрамку вораг вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці. Нанёс некалькі авіяцыйных удараў. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся населеныя пункты Двурэчная, Кіслоўка, Катляроўка, Табаеўка, Крахмальнае, Пясчанае Харкаўскай вобласці.
- На Ліманскім напрамку артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся больш чым 30 населеных пунктаў.
- На Бахмуцкім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Вясёлага Данецкай вобласці. Ад варожых артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі больш чым 25 населеных пунктаў.
- На Аздзееўскім напрамку УСУ паспяхова адбілі атакі расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў.
- На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці. Вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Краснагораўкі Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся некалькі населеных пунктаў.
- На Шахцёрскім напрамку вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Благадатнага Данецкай вобласці. Ад варожых артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі больш за дзесяць населеных пунктаў.
- На Запарожскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Малой Такмачкі Запарожскай вобласці. Ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш чым 20 населеных пунктаў.
- На Херсонскім напрамку вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Берыслава, Адрадакаменкі, Львова, Херсона Херсонскай вобласці і Ізмаіла Адэскай вобласці.
«УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім напрамку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы», — адзначылі ў Генштабе.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі два пункты кіравання, раён канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама два артылерыйскія сродкі на агнявых пазіцыях праціўніка. Украінская авіяцыя нанесла два ўдары па пунктах кіравання, дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і чатыры — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.

Мінабароны РФ: Нанеслі групавы ўдар высокадакладнай зброяй па цэнтры прыняцця рашэнняў УСУ
«Уначы ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі нанеслі групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці марскога і наземнага базавання па цэнтры прыняцця рашэнняў Узброеных сіл Украіны. Мэта ўдару дасягнутая. Аб’ект пабіты», — заявілі ў Мінабароны Расіі.
— На Купянскім напрамку штурмавыя атрады Заходняй групоўкі войскаў працягнулі паспяховае вядзенне наступальных дзеянняў у прызначаных зонах адказнасці. У выніку дзеянняў падраздзяленняў, удараў армейскай авіяцыі і агню артылерыі адбітыя пяць атак праціўніка. За суткі забітыя да 50 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя машыны пяхоты, тры пікапы, а таксама тры артылерыйскія сістэмы М777 вытворчасці ЗША.
— На Запарожскім напрамку актыўнымі і зладжанымі дзеяннямі падраздзяленняў расійскай групоўкі войскаў пры падтрымцы артылерыі адбітыя пяць атак праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Рабоціна і Успенаўка Запарожскай вобласці. Страты праціўніка склалі больш за 110 вайскоўцаў, чатыры танкі, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці, а таксама чатыры артылерыйскія сістэмы М777.
— На Данецкім напрамку падраздзяленнямі Паўднёвай групоўкі войскаў пры падтрымцы штурмавой і армейскай авіяцыі, паспяхова адбітыя шэсць атак УСУ. Забітыя да 125 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя танк, чатыры баявыя машыны пяхоты, чатыры аўтамабілі, а таксама гаўбіца «Мста-Б». Акрамя таго, у раёне населенага пункта Верхнякаменскае Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Усход», ударамі аператыўна-тактычнай авіяцыі, агнём артылерыі адбітая атака праціўніка ў раёне населенага пункта Прыютнае Запарожскай вобласці. Акрамя таго, нанесенае паражэнне падраздзяленням 37-й, 38-й брыгад марской пяхоты УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ураджайнае і саўгаса «Кастрычнік» Данецкай вобласці. У выніку баёў забітыя да 230 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два бронетранспарцёры, тры аўтамабілі, а таксама дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік».
— На Чырвоналіманскім напрамку прафесійнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі армейскай авіяцыі і агнём артылерыі адбітыя тры атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Грыгораўка, Тарское Данецкай вобласці і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Агульныя страты праціўніка склалі да 80 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны і два пікапы.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння забітыя да 30 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30. Акрамя таго, спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
У Мінабароны Расіі таксама расказалі пра ўдары па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя пабілі жывую сілу і ваенную тэхніку ў 153 раёнах. У раёне населенага пункта Зялёны Гай Мікалаеўскай вобласці знішчаныя пункт кіравання, радыёлакацыйная станцыя і дзве пускавыя ўстаноўкі зенітнага ракетнага комплексу С-300ПС. Таксама знішчаныя чатыры склады боепрыпасаў праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Львова Херсонскай вобласці, Міхайлаўка Харкаўскай вобласці, Іскра Днепрапятроўскай вобласці і Краснагораўка Данецкай вобласці;
- сродкі супрацьпаветранай абароны перахапілі чатыры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню і HIMARS, знішчылі 42 украінскія беспілотныя лётныя апараты.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі: Паездка Пуціна ў Растоў, каб прадэманстраваць свой аўтарытэт
19 жніўня Уладзімір Пуцін здзейсніў рэдкі візіт у штаб Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, што прыкладна за 160 км ад лініі фронту, гаворыцца ў штодзённай зводцы ваеннай разведкі Вялікабрытаніі.
Ён правёў сустрэчу з найвышэйшымі афіцэрамі, у тым ліку з начальнікам Генеральнага штаба генералам Валерыем Герасімавым, які працягвае камандаваць войскамі ва Украіне.
«У чэрвені 2023 года ПВК Вагнера захапіла гэтую штаб-кватэру. Пуцін, імаверна, хацеў прадэманстраваць гэтым прыездам свой аўтарытэт і паказаць, што найвышэйшае вайсковае камандаванне функцыянуе ў звычайным рэжыме», — расказалі ў ваеннай разведцы.
Інстытут па вывучэнні вайны: Загад забіць Прыгожына амаль напэўна аддаў Пуцін
Амерыканскі інстытут па вывучэнні вайны (ISW), які шмат разоў падчас вайны прысвячаў большую частку сваіх штодзённых зводак заявам і дзеянням Яўгена Прыгожына, цяпер, пасля вестак пра (пакуль не пацверджаную афіцыйна) гібель заснавальніка ПВК Вагнера, піша, што загад збіць яго самалёт амаль напэўна аддаў прэзідэнт Пуцін, паведамляе Руская служба Бі-бі-сі.
«Вельмі малаімаверна, каб прадстаўнікі расійскага войска, асабліва міністр абароны Сяргей Шайгу і начальнік Генштаба генерал войска Валерый Герасімаў расправіліся з Прыгожыным без загаду Пуціна», — пішуць аглядальнікі ISW і дадаюць, што ўся расійская эліта, хутчэй за ўсё, была ўпэўненая, што пасля спробы мяцяжу 23 чэрвеня Прыгожын застаецца ў жывых толькі з ласкі Пуціна.
Інстытут заяўляе, што ў далейшым будзе даваць ацэнкі звязаным з усёй гэтай гісторыяй падзеям менавіта зыходзячы са здагадкі, што загад забіць Прыгожына аддаў Пуцін — калі не з’явяцца доказы адваротнага.
Развагі ISW наконт магчымых прычын забойства Прыгожына менавіта цяпер у асноўным супадаюць з развагамі іншых палітычных аглядальнікаў. Аўтары зводкі мяркуюць, у прыватнасці, што Пуцін мог вырашыць, што аўтарытэт Прыгожына ў ПВК Вагнера ўжо ў дастатковай меры падарваны, а сама кампанія — расколатая і аслабленая, каб пагражаць яму сур’ёзнымі праблемамі.
ISW згаджаецца з тымі паліткаментатарамі, якія лічаць, што крушэнне самалёта Прыгожына невыпадкова адбылося роўна праз два месяцы пасля мяцяжу.
Інстытут нагадвае, што раніцай таго ж дня, 23 жніўня, дзяржаўнае агенцтва РІА «Новости» апублікавала інфармацыю пра зняцце генерала Сяргея Суравікіна з пасады галоўнакамандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі.
Суравікін, які раней камандаваў расійскімі сіламі ва Украіне, пасля прыгожынскага мяцяжу знік з публічнай прасторы, і многія аглядальнікі лічаць гэта прыкметай і вынікам таго, што ён падтрымліваў Прыгожына.
«Афіцыйнае пацверджанне звальнення Суравікіна ў расійскай дзяржаўнай прэсе ў той жа дзень, калі адбылося забойства Прыгожына, — гэта, хутчэй за ўсё, не выпадковае супадзенне», — лічаць амерыканскія аналітыкі.
Ключавыя высновы ISW:
- далейшыя тактычна значныя поспехі Украіны ў раёне Рабоціна і вакол яго на захадзе Запарожскай вобласці ставяць пад пагрозу наступныя расійскія лініі абароны;
- украінскія сілы, імаверна, нанеслі ўдар па расійскай сістэме СПА С-400 у Крыме 23 жніўня;
- расійскія войскі 23 жніўня вялі наступальныя дзеянні на рубяжы Купянск — Сватава — Крамянная, у раёне Бахмута, на мяжы Аўдзееўка — Данецк і не дамагліся пацверджаных поспехаў.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.