Раніцай панядзелка, 24 ліпеня, у Маскве былі заўважаныя два беспілотныя лётныя апараты. У выніку глушэння расійскімі вайскоўцамі яны ўпалі на два будынкі.
Як заявіў мэр Масквы Сяргей Сабянін, атака адбылася каля чатырох раніцы паводле маскоўскага часу, пацярпелі два нежылыя будынкі. «Сур'ёзных разбурэнняў і пацярпелых няма», — паведаміў чыноўнік.
У Мінабароны Расіі заявілі, што гэта ўкраінскія беспілотнікі і «тэрарыстычная атака кіеўскага рэжыму» спыненая.
«Сродкамі радыёэлектроннай барацьбы два ўкраінскія БПЛА былі заглушаныя і пацярпелі катастрофу», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Адзін з беспілотнікаў упаў на Камсамольскім праспекце, 17 — гэта за 500 метраў ад будынка самога Міністэрства абароны РФ. Другі трапіў у верхнія паверхі бізнес-цэнтра на праспекце Ліхачова. На 17-м і 18-м паверхах бізнес-цэнтра выбіла шыбы.
«Нешта ў нас выбухнула, аж вокны ледзь не вылецелі», — кажа сведка, жыхар аднаго з дамоў у акрузе на відэа, якое апублікавала ASTRA.



У раёнах абодвух месцаў падзення беспілотнікаў улады Масквы перакрылі рух аўтамабіляў, частку рэйсаў у аэрапорт Унукава перанакіравалі ў іншыя аэрапорты, паведамляе ТАСС.
З украінскага боку не было ніякіх афіцыйных паведамленняў пра датычнасць да атакі.
Куды накіроўваліся дроны, невядома. Сваё меркаванне пра магчымыя мэты атакі ўжо выказалі некаторыя заходнія эксперты, звярнула ўвагу Руская служба Бі-бі-сі. Старшы навуковы супрацоўнік амерыканскага Інстытута даследаванняў знешняй палітыкі Роб Лі адзначыў, што менш чым за 200 метраў ад Камсамольскага праспекта 17 размешчаны Нацыянальны цэнтр кіравання абаронай Мінабароны РФ.
Журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў піша, што гэты будынак — проста насупраць «цэнтральнага офіса кібервойскаў ГРУ, дзе сярод іншых падраздзяленняў знаходзіцца [хакерская група] FancyBear».
«У гэтым месцы таксама Ваенны ўніверсітэт Мінабароны і некалькі цалкам сакрэтных аб’ектаў ГРУ, уключаючы кіраўніцтва іх праграмы нелегалаў (адпраўкі за мяжу агентаў, якіх спрабуюць выдаць за мясцовых жыхароў. — Заўв. рэд.). Калі Украіна трапіла ў гэты комплекс будынкаў, сімвалічная шкода для Мінабароны і ГРУ будзе вельмі істотным», — адзначае Грозеў.
Паводле яго словаў, мяркуючы са здымкаў, комплексу ГРУ/Мінабароны нанесеная прынамсі невялікая шкода. У ім выбітыя шыбы, пацярпеў дах.