Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган лічыць, што дазвол забраць ва Украіну камандзіраў — абаронцаў «Азоўсталі» ўрэшце «выйшаў на пазітыў» у адносінах з Расіяй. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі па выніках саміту NATO ў Вільнюсе, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Эрдаган адзначыў, што дамоўленасці пра тое, што вайсковыя камандзіры, якія абаранялі «Азоўсталь», павінныя заставацца ў Турцыі, былі дасягнутыя на двухбаковай аснове паміж Украінай і Расіяй. Турцыя дала ім прытулак для выканання расійска-ўкраінскай дамоўленасці.
— Спачатку гэта было вынікам дыскусіі паміж Украінай і Расіяй, і да пятніцы яны былі ў нас, — растлумачыў ён.
Паводле словаў Эрдагана, ён аддаў абаронцаў «Азоўсталі» толькі таму, што пра гэта папрасіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Турэцкі лідар не лічыць, што гэта паўплывала на адносіны з Расіяй.
— Спачатку Расія абурылася, а потым гэта перайшло ў пазітыў, — заявіў ён.
Нагадаем, пяцярых камандзіраў, якія абаранялі «Азоўсталь», абмянялі на 55 расійскіх вайскоўцаў яшчэ 22 верасня мінулага года. Яны знаходзіліся ў Турцыі «пад гарантыямі прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана». Камандзіры жылі ў рэжымным аб’екце, і планавалася, што яны застануцца там да канца вайны. Прынамсі, такое патрабаванне выстаўляла Расія.
8 ліпеня 2023 года з Турцыі ва Украіну разам з Уладзімірам Зяленскім вярнуліся пяцёра камандзіраў, якія абаранялі «Азоўсталь». Трое з іх — гэта камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка, яго намеснік Святаслаў Паламар і старшы афіцэр Алег Хаменка.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў абвінаваціў Кіеў і Анкару ў парушэнні дамоўленасцяў, заявіўшы, што Маскве ніхто не паведаміў «пра перадачу Украіне верхаводаў тэрарыстычнай групоўкі „Азова“ з Турцыі».
Чытайце таксама