Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн усё ж пайшоў на абмеркаванне пытання пра тое, каб падняць столь амерыканскага дзярждоўгу — кіраўнік Белага дома і спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Кевін Макарці прыйшлі да папярэдняй дамоўленасці, піша Reuters. Калі дазволеную планку не падняць, грошы могуць скончыцца ўжо ў першыя дні чэрвеня.
Напярэдадні, 27 траўня, Байдэн і Макарці правялі 90-хвілінную тэлефонную размову, каб абмеркаваць пытанне.
«Пэўны час таму я размаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам. Пасля таго як ён марнаваў час і месяцамі адмаўляўся весці перамовы, мы прыйшлі да прынцыповага пагаднення, вартага амерыканскага народа», — напісаў Макарці па выніках перамоваў у Twitter.
Байдэн, у сваю чаргу, назваў пагадненне важным крокам наперад і «кампрамісам, які азначае, што не ўсе атрымліваюць тое, што хочуць. Гэта адказнасць кіраўніцтва».
Цяпер запазычанасць ЗША ўжо перавышае 31,4 трыльёна даляраў. Пагадненне, як пішуць журналісты, «далёкае ад ідэальнага», яно яшчэ мусіць прайсці цяжкі шлях да канчатковага рашэння ў Кангрэсе. Тады яго падпіша прэзідэнт. Каб пазбегнуць дэфолту, пытанне мусіць быць закрытае да 5 чэрвеня, калі ў Міністэрства фінансаў скончацца грошы для пакрыцця сваіх абавязанняў.
У ЗША могуць прыпыніць дзеянне ліміту доўгу да студзеня 2025-га, пры гэтым абмежаваўшы выдаткі ў бюджэтах 2024-га і 2025 гадоў. Гэта таксама верне нявыкарыстаныя сродкі ад COVID, паскорыць працэс выдачы дазволаў на некаторыя энергетычныя праекты і ўключыць некаторыя дадатковыя патрабаванні да выканання работ па праграмах харчовай дапамогі бедным.
«Гэта гістарычнае скарачэнне выдаткаў, наступныя рэформы, якія выведуць людзей з беднасці на рынак працы, утаймуюць урадавы перагін — ні новых падаткаў, ні новых урадавых праграм», — сказаў Макарці.
Нагадаем, павышэнне столі дзяржаўнага доўгу — працэдура для ЗША даволі звычайная: з 1960 года гэта адбывалася ўжо 78 разоў. Калі ў краіны скончацца грошы для аплаты сваіх рахункаў, гэта можа абрынуць сусветныя фінансавыя рынкі і разбурыць веру ў ЗША як у надзейнага гульца.
Чытайце таксама