На гэтым тыдні шырока разышлося відэа, дзе, як мяркуецца, украінскаму ваеннапалоннаму жыўцом адразаюць галаву. Тэлеканал CNN сцвярджае, што ёсць яшчэ адзін ролік з целамі двух салдат УСУ, у якіх таксама адрэзаныя галовы, а таксама рукі. «Люстэрка» паразмаўляла з украінскім байцом, які падчас Афганскай вайны бачыў такія выпадкі сам. Ён расказаў, якую рэакцыю гэта тады выклікала ў яго і таварышаў па службе, і выказаў здагадку, навошта так рабілі афганскія мужчыны 30 гадоў таму і чаму цяпер, імаверна, робяць расіяне.

«Усё гэта на псіхалогію маладых хлопцаў вельмі моцна ўплывала — ім хацелася адпомсціць за сваіх»
Украінец з пазыўным Баця ў канцы 80-х два гады ваяваў у Афганістане. Мужчына кажа, што падчас той вайны практыка абезгалоўлівання палонных сустракалася ў мясцовага народа. Ён успамінаў, што афганцы «глоткі пераразалі і маглі галаву палоннага надзець на піку».
— Мы такую практыку не выкарыстоўвалі — гэта рабілі душманы. Бывала, хлопцы іх выбівалі са скалаў, дзе яны хаваліся, і ў баі маглі пакласці шмат іх байцоў. А душманы потым, магчыма, былі настолькі азлобленыя праз гэта, што, калі бралі кагосьці з нашых салдат у палон, — рэзалі ім галовы. Нячаста, але такое здаралася.
Але гэта ж мы прыйшлі на іх зямлю, і яны, каб мы баяліся і хутчэй адтуль сыходзілі, такія метады выкарыстоўвалі. Проста яны тады не разумелі, што мы былі абалваненыя ўстаноўкай «трэба дапамагчы афганскаму народу лепш жыць». Цяпер чаму і ўкраінцы такія злыя? Таму што гэтак жа не разумеем, чаму расіяне да нас прыйшлі, — мы жылі мірна, добра, працавалі, хто як мог зарабляў да іх прыходу.
Адзін з такіх выпадкаў Баця бачыў сам. Ён кажа, што так афганскія мужчыны запалохвалі праціўніка і стараліся на яго ціснуць маральна. Пры гэтым, дадае баец, у многіх савецкіх салдат гэта выклікала не страх, а злосць і жаданне адпомсціць, кагосьці матывавала не здавацца ў палон у баі. Камандаванне ж, з ягоных словаў, такія сітуацыі выкарыстоўвала для прапаганды.
— Душманы ведалі, як катаваць, каб салдаты расказвалі ўсё запар. Быў, напрыклад, яшчэ так званы чырвоны цюльпан — чалавеку зразалі скуру і задзіралі ўверх. Такое не вытрываць. Таму зампаліты ўсіх хлопцаў настройвалі: «Калі здасцеся ў палон, раскажаце ўсё — і што ведаеце, і што не ведаеце». Па ўсім Афганістане для савецкай арміі выпускаўся баявы лісток, дзе шмат пісалі пра прыклады «воінскага духу» — пра салдат, якія так загінулі і забралі з сабой яшчэ трох-чатырох душманаў. Гэта таксама рабілася не проста так — з падаплёкай, што трэба ваяваць, каб працэнт салдат, агрэсіўна настроеных да душманаў, рос. Усё гэта на псіхалогію маладых хлопцаў вельмі моцна ўплывала — ім хацелася адпомсціць за сваіх.
У тым ліку таму ў многіх падраздзяленнях, як у тым, дзе я служыў, змагаліся да канца і ў палон не здаваліся. Мы паміж сабой і з камандзірамі дамовіліся, што лепш пакідаць адну гранату, калі бой няроўны, і падарваць сябе, але не здацца і не трываць такія пакуты. Ці, калі гранаты не было, прыстрэліць сябе. У нас на такі выпадак да каўняра быў падшыты ніткамі адзін патрон, называўся «смяротнік».
Баця лічыць, што тое, што адбылося з украінскім салдатам на відэа, зрабілі байцы расійскіх прыватных ваенных кампаній:
— Думаю, гэта вагнераўцы, дакладна не мабілізаваныя. Вы ведаеце, яны ваявалі ў розных краінах, і там былі ўсякія зверствы. І калі ў нас, ва ўкраінцах, закладзены ген свабоды, то ў іх — паказаць свету, што яны моцныя, Расія моцная. Ім унушаюць, што яны найлепшыя, у іх найлепшы прэзідэнт, яны перамогуць. Адсюль і здзекі.
Паглядзіце, які побыт у расійскіх ваеннапалонных у нас і якімі яны вяртаюцца, і які побыт у нашых там, у РФ, у самаабвешчаных ЛДНР, якімі яны прыходзяць. У нас стаўленне лепшае. І выпадак з адрэзанай галавой нашаму вайскоўцы, і яшчэ адзін, калі наш баец, Аляксандр Мацыеўскі, стаяў без зброі, проста курыў і за «Слава Украіне» атрымаў кучу куляў у сябе, — гэта рэклама таго, што робяць расіяне з ваеннапалоннымі. Можа, хтосьці падумае, што я нейкі ненармальны, але ў гэтым прыклад, чаму не трэба здавацца ў палон. Ворагу нельга давяраць.
Калі б мы былі на іх зямлі і яны адрэзалі б нам галаву, усё было б зразумела. Але гэта яны на нашай зямлі і яны акупанты. Яны хочуць напалохаць нас такімі дзеяннямі і думаюць, што могуць гэта зрабіць, але гэта іх вялікая памылка.
Што адбылося?
Відэа з абезгалоўліваннем салдата ў камуфляжы і з жоўтай павязкай, якой пазначаюць сябе ўкраінскія вайскоўцы, а таксама з іншымі знакамі адрознення УСУ з’явілася позна ўвечары 11 красавіка. На кадрах чалавек у камуфляжы з закрытым тварам і белай павязкай на назе нажом адразае галаву жывому палоннаму. Некалькі чалавек вакол крычаць: «Працуем, браты! Адразай, бл*ць! Ламай пазваночнік яму! Што, ніколі бошкі не рэзаў? Да канца, бл*ць».
Паведамляецца, што відэа з’явілася ў закрытым тэлеграм-канале стваральніка «Мужского государства» (расійскі экстрэмісцкі мужчынскі рух, які дэкларуе ідэі патрыярхату, расізму і нацыяналізму. — Заўв. рэд.) Уладзіслава Пазнякова, затым разышлося па сеціве. Дзе, калі і кім яно было знятае — невядома, яго сапраўднасць не пацверджаная.
У пачатку сакавіка ў сеціве з’явілася відэа расстрэлу ўкраінскага ваеннапалоннага пасля словаў «Слава Украіне!». Як пазней высветлілі, забіты — вайсковец УСУ Аляксандр Мацыеўскі.
Жэнеўская канвенцыя забараняе жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі. Расія і Украіна перыядычна абвінавачваюць адна адну ў парушэнні гэтых правілаў. Так, у лістападзе мінулага года Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу пасля з’яўлення відэазапісаў, зробленых у раёне вёскі Макееўка пад Сватавам у Луганскай вобласці. На першай з іх групу вайскоўцаў, як мяркуецца, у форме ўзброеных сіл РФ бяруць у палон у двары жылога дома, затым з’яўляецца чалавек са зброяй, гучаць гукі стрэлаў, і відэа рэзка абрываецца. На другім ужо відаць целы 12 салдат у той жа форме.
У канцы ліпеня ў расійскіх тэлеграм-каналах было апублікаванае відэа катаванняў ваеннапалоннага ўкраінца — мужчыну адразалі геніталіі канцылярскім нажом.
Чытайце таксама