У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць «актыўныя дзеянні» на Чырвона-Ліманскім і Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што расіяне за суткі нанеслі шэсць ракетных і 13 авіяўдараў, ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што вясновы наступ РФ на Данбасе не прынёс значных поспехаў і набліжаецца да бясплённай кульмінацыі.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 390-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі 69 атак праціўніка на пяці напрамках
У Херсонскай вобласці расійскія акупацыйныя ўлады прымушаюць мясцовае насельніцтва атрымліваць расійскія пашпарты, пагражаючы ў адваротным выпадку карнымі мерамі. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія сілы працягваюць весці наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі на названых напрамках было адбіта 69 атак. Эпіцэнтрам баявых дзеянняў застаецца Бахмут.
— За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі шэсць ракетных і 13 авіяцыйных удараў, правялі 56 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у тым ліку і па цывільнай інфраструктуры Данецкай і Запарожскай абласцей. Ёсць загінулыя і параненыя мірныя грамадзяне, пашкоджаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расіяне абстралялі раёны 22 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках праціўнік беспаспяхова спрабаваў наступаць у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Крамянная і Белагораўка. З артылерыі абстраляў раёны 10 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Бахмут, Іванаўскае, Багданаўка і Грыгораўка. Армія РФ абстраляла восем населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках расійскія войскі спрабавалі весці наступальныя дзеянні ў раёнах Каменкі, Аўдзееўкі, Паўночнага, Вадзянога, Бярдычава і Мар'інкі. Варожым абстрэлам падвергліся 16 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне абараняюцца. Абстрэлам падвергліся раёны 27 населеных пунктаў. Сярод іх і Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны Украіны за дзень нанесла ўдар па трох зенітных ракетных комплексах «Бук-М1−2», сем удараў — па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх сіл і знішчыла склад боепрыпасаў.
— УСУ знішчылі расійскі беспілотнік тыпу «Зала».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па расійскім зенітным ракетным комплексе «Тор», трох раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка і трох сродках радыёэлектроннай барацьбы.
Мінабароны РФ: перахапілі пяць HIMARS і адну HARM
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Харкаўскай вобласці ў раёне населенага пункта Калеснікоўка збілі верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны.
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанеслі паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Бераставое Харкаўскай вобласці і Арцёмаўка Луганскай вобласці. Знішчаныя да 55 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два пікапы, а таксама гаўбіца Д-20
— На Чырвона-Ліманскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі авіяцыі і агнём артылерыі пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямполаўка і Церны Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 100 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, тры пікапы, аўтамабіль, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў і агню артылерыі ў раёнах населеных пунктаў Сямёнаўка, Пятроўскае і Тоненькае за дзень знішчаныя больш за 245 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, тры баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, баявая машына РСЗА «Град», а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» нанеслі паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці. Агульныя страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі звыш 50 украінскіх вайскоўцаў, тры танкі, чатыры баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі і адна гаўбіца Д-20.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння знішчаныя да 40 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, самаходная гаўбіца «Гваздзік», гаўбіца Д-30, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Paladin.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 82 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 112 раёнах. Збіты верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны, перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама адна супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM. Знішчаныя сем украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Украіна правяла паспяховую контратаку ў раёне Бахмута
Тэмп расійскіх наступальных аперацый у апошнія тыдні запаволіўся, што дазваляе дапусціць, што вясновы расійскі наступ на Данбасе, магчыма, набліжаецца да кульмінацыі. Украінскія афіцыйныя асобы адзначылі, што буйныя страты расіян пад Вуглядарам сур’ёзна абмяжоўваюць магчымасці расійскіх войскаў праводзіць далейшыя наступальныя аперацыі ў Данецкай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Эксперты адзначаюць, што на кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 19 сакавіка, відаць, што ўкраінскія сілы правялі паспяховую контратаку на паўднёвы захад ад населенага пункта Іванаўскае за 6 км на захад ад Бахмута і адціснулі расійскія сілы далей ад трасы ў гэтым раёне. Пры гэтым расійскія войскі правялі 25 атак у раёне Бахмута, але, імаверна, дамагліся толькі нязначных поспехаў. Вядомы расійскі блогер заявіў, што ўкраінскія сілы цяпер здольныя актывізаваць контратакі, каб стабілізаваць лінію фронту вакол Бахмута. Усё большая колькасць дыскусій наконт падрыхтоўкі контрнаступлення Украіны ў раёне Бахмута сведчыць пра тое, што расійскія крыніцы ўсё больш сумняваюцца ў здольнасці ўзброеных сіл РФ захаваць ініцыятыву вакол Бахмута, мяркуюць аналітыкі.
Афіцыйны прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты 19 сакавіка заявіў, што Расія не змагла сабраць дастатковыя сілы для чаканага буйнога наступу на Данбасе, і адзначыў, што цяперашнія наступальныя дзеянні расіян нельга назваць «буйной стратэгічнай аперацыяй». Чараваты падкрэсліў, што расіяне не могуць нават завяршыць тактычны захоп Бахмута, што пацвярджае ацэнку ISW пра тое, што наступ групы Вагнера пад Бахмутам, імаверна, блізкі да кульмінацыі.
Расійскія сілы таксама спрабуюць дамагчыся аператыўных поспехаў у раёнах Аўдзееўка — Данецк і Вуглядар. Прадстаўнік украінскіх Сіл абароны Таўрыі палкоўнік Аляксей Дзмітрашкіўскі 19 сакавіка заявіў, што аднаўленне наступу на Аўдзееўку нядаўна прывяло там да буйных стратаў у расіян, пра што раней паведамляў ISW. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы працягваюць адзначаць, што масавыя страты расіян у раёне Вуглядара сур’ёзна падрываюць наступальныя магчымасці Расіі ў Данецкай вобласці.
Такім чынам, усеагульны вясновы наступ расіян, імаверна, набліжаецца да кульмінацыі, робяць выснову ў Інстытуце. Калі 300 тысяч спецыяльна мабілізаваных пад вясновы наступ не змаглі даць Расіі вырашальнай перавагі, малаімаверна, што ўвод дадатковых сіл падчас будучых хваляў мабілізацыі прывядзе да кардынальна іншага выніку сёлета. Такім чынам, Украіна мае добрыя магчымасці для таго, каб перахапіць ініцыятыву і пачаць контрнаступленне на крытычных участках цяперашняй лініі фронту, лічаць эксперты Інстытута.
Што да візіту расійскага прэзідэнта ў Марыупаль, то, як адзначаюць у ISW, у гэтага ёсць некалькі прычын:
1. Пуцін, імаверна, спрабуе стварыць вобраз непераможнага і ўцягнутага ў вядзенне вайны лідара.
2. Візіт Пуціна, імаверна, таксама быў скіраваны на тое, каб супакоіць даўні і ўсёпранікальны страх у расійскай нацыяналістычнай прасторы з нагоды магчымага контрнаступлення УСУ на поўдні Украіны.
3. Візіт Пуціна ў Марыупаль таксама мог быць часткай ягонага адказу на ордар, выдадзены Міжнародным крымінальным судом: прэзідэнт РФ спрабаваў паказаць, што ягоная роля ў дэпартацыі дзяцей і знішчэнні Марыупаля нібыта знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй міжнароднай супольнасці, а ён можа бяспечна адчуваць сябе за 80 км ад УСУ.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наступальныя дзеянні на мяжы Купянск — Сватава — Крамянная;
- расійскія сілы, імаверна, дамагліся нязначных поспехаў у раёне Багданаўкі (6 км на паўночны захад ад Бахмута) на фоне працяглых расійскіх наступальных аперацый у Бахмуце і яго ваколіцах;
- расійскія сілы працягвалі наступальныя аперацыі на ўскраінах Данецка і, магчыма, прасунуліся да Бердычава, прыкладна за 10 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі;
- расійскія войскі працягвалі ўзводзіць абарончыя ўмацаванні на поўдні Украіны;
-
- невядомыя забілі камандзіра ўзвода патрульна-паставой службы МУС Расіі ў акупаванай Херсонскай вобласці, падарваўшы яго аўтамабіль. Украінскія СМІ выказалі здагадку, што гэта маглі зрабіць партызаны ці ён стаў ахвярай унутраных звадаў.