Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Крест Евфросинии Полоцкой, печать Изяслава». В Литве призвали запретить беларусам использовать «Погоню» и предложили выбрать иной символ
  2. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  3. Похоже, что у Лукашенко внебрачных детей не меньше, чем законных. А как обстоят дела у его коллег-диктаторов?
  4. ISW о предложении представителя Трампа взять за основу в переговорах стамбульские протоколы: Это фактически полная капитуляция Украины
  5. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  6. Лукашенко намекнул, кто останется работать в правительстве, а чьи кандидатуры «подлежат рассмотрению»
  7. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  8. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  9. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  10. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  11. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  12. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  13. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  14. Эксперт рассказал, кто в Беларуси пострадает от отмены санкций против России. Об этом забеспокоился и Лукашенко
  15. У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шэраговай аперацыі
  16. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  17. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
Читать по-русски


З першага дня вайны Украіна заяўляла, што расійскія салдаты масава здаюцца ў палон — 24 лютага, паводле паведамленняў галоўнакамандуючага УСУ, пад Чарнігавам склаў зброю ўзвод разведкі 74-й мотастралковай брыгады. На чацвёрты дзень уварвання салдатам, якія здадуцца добраахвотна, паабяцалі поўную амністыю і нават кампенсацыю. У краіне для такіх вайскоўцаў запусцілі гарачыя лініі. А з сярэдзіны верасня — дзяржпраект «Адзіны цэнтр прыёму зваротаў вайскоўцаў РФ па здачы ў палон „Хачу жыць“». Яго спікер Віталь Мацвіенка ў вялікім інтэрв'ю «Люстэрку» расказаў, хто тэлефануе ў кол-цэнтр, ці здаюцца камандзіры, як Украіна ўтрымлівае расійскіх палонных і колькі ім плаціць, а таксама чаму вярнула Расіі асуджанага вагнераўца, якога потым забілі кувалдай.

Виталий Матвиенко, спикер проекта "Хочу жить". Фото: t.me/hochu_zhyt
Віталь Мацвіенка, спікер праекта «Хачу жыць». Фота: t.me/hochu_zhyt

«Спачатку пыталі, ці не фэйк гэта, ці не падстава ФСБ»

— Апішыце сярэдні партрэт чалавека, які вам тэлефануе.

— З выразным намерам здацца — гэта чалавек ва ўзросце 25−40 гадоў, які мае сям’ю, ужо чагосьці дасягнуў у жыцці, працуе службоўцам або займаецца бізнесам — то-бок у яго ёсць крыніца даходу. Ён часцей за ўсё служыў у расійскай арміі, але не мае баявога досведу. І ён не хоча ісці на вайну, забіваць, быць пакалечаным або забітым. У такіх ёсць канкрэтныя планы, яны лагічна выбудоўваюць паслядоўнасць сваіх дзеянняў, каб не ўдзельнічаць у вайне і здацца.

— Пра што пытаюць гэтыя людзі, чаго баяцца больш за ўсё?

— Пераважна пыталі, ці не фэйк гэта, ці не падстава ФСБ. Даведваліся, ці насамрэч гэта ўкраінская дзяржаўная лінія для здачы ў палон. Многія не давяралі. Цяпер ужо менш такіх званкоў, таму што праект робіцца ўсё больш вядомым, мы знаходзімся на дзяржаўных рэсурсах. І, вядома, кожны турбуецца пра сваю бяспеку, перажывае, каб інфармацыю не перахапілі расійскія спецслужбы і не было праблем пасля.

— Пасля абвяшчэння мабілізацыі вырасла колькасць зваротаў ад расіян?

— Так. Мы пачалі працаваць 18 верасня, якраз напярэдадні мабілізацыі ў Расіі. Мы вымушаныя былі павялічыць колькасць ліній і аператараў, таму што быў усплёск, істотна вырас паток званкоў, людзі былі напалоханыя, не хацелі ісці ваяваць.

— Колькі званкоў і зваротаў за дзень вы атрымліваеце ад расіян, якія хочуць здацца ў палон?

— У сярэднім па ўсіх каналах, то-бок улічваючы паведамленні ў чат-бот, тэлеграм і званкі, у нас ад 50 да 100 зваротаў штодня. Большасць — гэта, як мы называем, папярэдняя здача ў палон. Тэлефануюць самі людзі, каб даведацца, як гэта зрабіць бяспечна, іх сваякі, і апошніх досыць шмат. Ёсць працэнт тых, хто тэлефануе з Беларусі: у некага ўнук ці сын жыве ў Расіі, падлягае мабілізацыі. Сваякі з Украіны, з-за мяжы таксама тэлефануюць за сваіх блізкіх — расіян. Таксама шмат — з акупаваных тэрыторый, у прыватнасці Крыма. Там цяпер вялікая кампанія мабілізацыі маладых хлопцаў, і яны таксама хочуць ведаць, як правільна здавацца. І яшчэ частка званкоў — гэта тыя, каму проста цікава, як усё працуе. У такіх мэты здавацца насамрэч няма.

Перад трапляннем на фронт людзі могуць звязацца з намі і зарэгістравацца. Пасля мабілізацыі ў іх адразу абмяжоўваецца магчымасць камунікацыі з намі: яны трапляюць пад назіранне, у вайсковыя калектывы, дзе людзі адно аднаму не давяраюць, часта там забіраюць сродкі сувязі. Таму мы ўсім раім набыць сім-карту, просты кнопкавы тэлефон, які доўга трымае зарад, каб можна было яго дзесьці схаваць, і запомніць наш нумар.

— Вам ужо тэлефанавалі ўкраінцы, якіх забралі ваяваць з нядаўна акупаваных тэрыторый, дзе правялі «рэферэндум»? Там людзі вельмі баяліся гэтага і перыядычна кажуць, што кагосьці забіраюць.

— Мы ведаем, што падрыхтоўка да гэтага вядзецца, і расіяне гатовыя мабілізаваць украінцаў і адтуль, як гэта адбываецца ў асобных акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.

Евгений, военнослужащий из подконтрольной России части Донецкой области, сидит со своей матерью Людмилой после своего освобождения в ходе недавнего обмена пленными между сепаратистскими властями из Донецкой и Луганской областей и украинскими властями, в г
Яўген, вайсковец з акупаванай Расіяй часткі Данецкай вобласці, з маці Людмілай пасля абмену палоннымі, 6 лістапада 2022 года. Фота: Reuters

— Як часта тэлефануюць з акупаваных частак Данецкай і Луганскай абласцей? Тыя, хто ўжо трапіў там у войска і вымушаны знаходзіцца на фронце.

— Мы расцэньваем іх як званкі з тэрыторыі Украіны. Самі мужчыны часта баяцца звязвацца з намі — тэлефануюць іх родныя. Жонка пытае пра свайго мужа, мужчына ці мама — пра свайго сына, цётка — пра пляменніка. Статыстыка ў нас ёсць, але мы яе не разгалошваем. Агучваем толькі агульныя лічбы. Адну я вам ужо назваў, другая — з 18 верасня па 7 снежня да нас паступіла больш за 4000 зваротаў.

— Людзі, якія пайшлі на вайну з тэрыторый самаабвешчаных ЛДНР, падтрымліваюць яе і потым трапляюць у палон, — для вас здраднікі?

— Мы не можам гэта каментаваць. Каардынацыйны штаб толькі арганізоўвае кампанію па абменах, здачы ў палон. Потым людзі трапляюць ужо пад іншую юрысдыкцыю.

— Як расіяне пра вас даведаюцца? Бо ваш сайт жа ў іх заблакавалі.

— Калі мы адкрывалі праект, то разумелі: будзем добра працаваць — сайт заблакуе Раскамнагляд. Калі гэтая блакіроўка здарылася, для нас гэта не стала сюрпрызам. Мы разумеем, што пра нас ведаюць і расцэньваюць як пагрозу. У нас шмат люстэркаў, людзі ў Расіі ўмеюць карыстацца VPN, для іх гэта не праблема. Таксама даступны тэлеграм-канал, вакол яго мы і будавалі стратэгію першапачаткова, у нас там каля 40 тысяч падпісчыкаў, і іх колькасць працягвае расці.

Акрамя гэтага людзі перадаюць інфармацыю адно аднаму на выпадак, калі ўсе магчымасці пазбегнуць мабілізацыі будуць вычарпаныя, з’ехаць з Расіі не атрымаецца. Мы — фактычна апошні шанец на жыццё для іх, і яны за яго хапаюцца.

— Які працэнт з тых, хто звярнуўся, потым здаюцца?

— Гэта ўнутраная статыстыка, мы яе не агучваем.

— Расіяне ідуць у палон, бо не хочуць паміраць самі ці таму што не хочуць забіваць?

— Людзі насамрэч не хочуць паміраць, быць забітымі або моцна пакалечанымі. Мы ж бачым расійскіх вайскоўцаў, якія вяртаюцца без рук і ног, яны ўсё жыццё будуць інвалідамі. Кагосьці гэта палохае нават больш, чым смерць. Калі яны тэлефануюць — вядома, яны ж мужчыны, ніхто не будзе прызнавацца ў сваіх слабасцях. Але бываюць розныя сітуацыі, некаторыя плачуць, давяраюцца аператарам нашых ліній, і там ужо нейкія псіхалагічныя кансультацыі пачынаюцца. Але большасць кажа, што хоча, каб на іх руках не было крыві.

Военнослужащий обнимает своего брата после обмена пленными между сепаратистскими властями из Донецкой и Луганской областей и украинскими властями, город Амвросиевка, Донецкая область, оккупированная Россией территория Украины, 6 ноября 2022 года. Фото: Re
Вайсковец абдымае брата пасля абмену палоннымі. Амвросіеўка, Данецкая вобласць, акупаваная Расіяй тэрыторыя Украіны, 6 лістапада 2022 года. Фота: Reuters

— Камандзіры здаюцца?

— Былі выпадкі, калі тэлефанаваў чалавек з перадавой і казаў, што хоча здацца не толькі ён, але і цэлае падраздзяленне. Гэта быў камандзір, такія выпадкі ёсць.

— Яны ў выніку здаліся?

— Мы не каментуем гэта.

— Да вас спрабуюць засылаць разведчыкаў, дыверсантаў?

— Гэта быў бы вельмі дзіўны спосаб засылаць дыверсантаў і разведчыкаў, таму што людзі здаюцца ў палон пад вельмі пільнай увагай, і тут яны не могуць нічога даведацца такога, чаго не могуць даведацца іншыя, хто ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Украіны.

— Так, але могуць падаслаць кагосьці, хто падчас здачы ў палон перастраляе вашых, напрыклад.

— Вядома, такія рызыкі ўлічваюцца, і ў аперацыях удзельнічаюць прафесіяналы, мы таксама выкарыстоўваем пэўныя інавацыйныя тэхналогіі. Было некалькі выпадкаў, калі расіяне здаваліся ў палон з дапамогай дрона — беспілотнік на нізкай вышыні знаходзіць чалавека ў пункце сустрэчы, чалавек яго заўважае і ідзе за ім, выходзіць у пэўнае месца, дзе ўжо менш небяспекі для нашых падраздзяленняў.

— Да вас у палон ужо траплялі расійскія асуджаныя, якіх завербавалі ў турмах?

— Давайце раздзелім. Праз «Хачу жыць» такія не прыходзяць. Да іх прыязджае Прыгожын, кажа нейкую прамову, і тыя, хто ідзе на гэтыя ўмовы, падпісваюць пэўны кантракт. Яго і іншыя дакументы яны на рукі не атрымліваюць, як і сродкі сувязі. У робах іх вязуць у цэнтры падрыхтоўкі, там выдаюць вайсковую форму, зброю, праводзяць падрыхтоўку. У гэтых людзей няма сродкаў сувязі, таму пераважная большасць не можа з намі пагаварыць. Іх адпраўляюць у вельмі гарачыя месцы, ім забаронена адступаць, інакш іх «абнуляюць», як яны кажуць. Калі яны і трапляюць у палон, то часцей за ўсё ў баі.

— Яны ведаюць, якія планы ў камандавання, чаго Расія хоча дамагчыся? Якія камандзіры ім задачы ставяць?

— Асуджаным, так званым вагнераўцам, не ставяць ніякіх стратэгічных задач. Толькі простыя, канкрэтныя — напрыклад, група з дзесяці чалавек павінная заняць, скажам, лесапаласу або дабегчы да нейкага пункта. Яны не разумеюць агульную карціну, і праз гэта ў іх вялікія страты. Іх бяруць, каб кідаць на пярэдні край, дзе яны гінуць, трохі адхопліваючы тэрыторыю. Гэта машына па знішчэнні расійскіх асуджаных. А прафесійныя вайскоўцы знаходзяцца далей, іх жыцці пад значна меншай пагрозай.

— Колькі з мабілізаваных ужо трапіла да вас у палон?

— Для бяспекі тых, хто здаўся ў палон, мы не даём такой інфармацыі.

— Што ў іх з забяспечаннем, наколькі яны падрыхтаваныя — што яны самі пра гэта кажуць?

— Спачатку ішлі добра забяспечаныя падраздзяленні, цяпер — нашмат горш. Скардзяцца, што не хапае аснашчэння. Ім выдаюць толькі асноўную зброю, сродкі абароны. Каскі ў іх наогул цяпер металічныя, з нейкіх старых запасаў. З гэтага нашы вайскоўцы смяюцца.

«У палонных — трохразовае харчаванне, як ва ўкраінскіх вайскоўцаў. Яны могуць застацца ва Украіне ці ў Еўропе»

— У якіх умовах утрымліваюцца расійскія ваеннапалонныя?

— Украіна забяспечвае ўмовы згодна з Жэнеўскімі канвенцыямі, мы прытрымліваемся ўсіх правілаў. Гэта якраз тое, чым не можа пахваліцца Расія. Паводле нормаў лагер мусіць знаходзіцца асобна ад асуджаных за крымінал, там гэта часта парушаецца, і нашых ваеннапалонных утрымліваюць разам з крымінальнымі злачынцамі. Ва Украіне ёсць лагер для ваеннапалонных. Ён працуе з вясны для ўсіх ваеннапалонных, не толькі тых, хто трапіў па праекце «Хачу жыць». Мы там праводзім перыядычныя інспекцыі, возім туды журналістаў, рэгулярна прыязджаюць прадстаўнікі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. І пастаянна змагаемся за тое, каб украінцы ў палоне ў Расійскай Федэрацыі мелі аналагічныя ўмовы.

Фото: minjust.gov.ua
Фота пакоя, дзе ўтрымліваюцца расійскія ваеннапалонныя, апублікаванае Міністэрствам юстыцыі Украіны ў чэрвені 2022 года. Фота: minjust.gov.ua

— У нашым лагеры ўсе ўмовы: ваеннапалонныя ў цёплых і сухіх памяшканнях, у іх там ёсць добра абсталяваная медсанчастка і яны могуць атрымаць дапамогу, ёсць прагулкі, званкі блізкім, дастаткова прадуктаў, трохразовае харчаванне. Гэтак жа харчуюцца і ўкраінскія вайскоўцы, і гэтую ежу могуць есці самі камісіі — гэта не паказуха. Ні ў кога няма такой дыстрафіі, як мы бачым ва ўкраінскіх палонных пасля іх вяртання.

Усіх, нават тых, хто здаўся добраахвотна, мы па дакументах афармляем як узятых у палон падчас бою. Каб, калі яны захочуць трапіць пад абмен і вярнуцца ў Расію, іх там не маглі пераследаваць па гэтым факце. І нават тыя, хто тут мог быць асуджаны за злачынства, могуць быць абмяняныя.

— Умовы для тых, хто здаўся сам, і каго ўзялі ў баі, аднолькавыя?

— Трэба разумець, што такое здаўся сам. Гэта чалавек, які звязаўся з намі, даў усе свае звесткі, зрабіў пэўныя крокі, каб добраахвотна здацца ў палон. Напрыклад, прайшоў 40 кіламетраў да месца, дзе яго забралі. То-бок ён дзейнічаў свядома, паводле задумы, узгодненай з намі. І добраахвотна. У такіх палонных ёсць перавагі. Напрыклад, калі яны не хочуць трапіць у Расію падчас абмену, могуць застацца, атрымаць прытулак ва Украіне, або ў адной з еўрапейскіх краін.

І іншая сітуацыя. Ідуць баявыя дзеянні, у кагосьці скончыліся патроны, ён здаўся ў палон. Або яго выцягнулі з падвала, дзе ён хаваўся. І такі чалавек кажа: «Я добраахвотна здаўся». Гэта не так. Гэтыя людзі лічацца ўзятымі ў палон у баі. Да іх ставяцца як да камбатантаў, але яны не могуць мець дадатковых прывілеяў. Мы не раскрываем, якіх менавіта, але многае ў іх адрозніваецца. Яны таксама ў цяпле, накормленыя, атрымліваюць меддапамогу, але, скажам, гэта крыху іншая гісторыя. Усе правы, якія абяцае Жэнеўская канвенцыя, выконваюцца адносна ўсіх ваеннапалонных.

— У расійскіх СМІ ёсць публікацыі, дзе людзі, якія былі ў палоне ва Украіне, скардзяцца на ўтрыманне. Некаторыя казалі, што ёсць паказальнае месца, куды прывозяць той жа Чырвоны Крыж, журналістаў, а ёсць іншыя, дзе кепска кормяць і могуць біць (такія гісторыі часта публікуюць дзяржСМІ РФ — вось адна з іх, але пра гэта пісалі і незалежныя медыя — такі матэрыял можна пачытаць тут).

— Па-першае, па дарозе ў лагер ёсць пэўныя этапы. Па-другое, калі я асабіста быў у гэтым лагеры, кіраўніцтва вельмі крыўдзілася, чуючы, як ваеннапалонныя, што там утрымліваліся, пасля абмену расійскаму тэлебачанню кажуць, што з іх здзекаваліся, прымушалі бязногіх прысядаць. Яны тут гаварылі адно, там — іншае.

Мы адназначна разумеем: пасля абмену палонныя кажуць тое, што наш вораг хоча, каб мы чулі. Даверу такім заявам у нас няма. Новыя партыі палонных пастаянна прыбываюць у лагер, і мы бачым, што ніхто з іх не пабіты, не пакалечаны — у іх траўмы мінна-выбуховыя, атрыманыя на полі бою. У гэтым могуць пераканацца міжнародныя арганізацыі.

Так выглядел российский военнослужащий, который рассказывал о пытках в плену в Украине. По его словам, его били по голове и лицу ногами. Сюжет показали 4 апреля 2022 года. Скриншот видео Первого канала
Так выглядаў расійскі вайсковец, які расказваў пра катаванні ў палоне ва Украіне. Паводле яго словаў, яго білі па галаве і па твары нагамі. Сюжэт паказалі 4 красавіка 2022 года. Скрыншот відэа Першага канала

— Ваеннапалонныя ў лагеры працуюць?

— Так. Згодна з Жэнеўскай канвенцыяй, толькі афіцэры могуць адмовіцца ад працы. У лагеры ёсць майстэрні, там працуюць з дрэвам, вырабляюць пэўную карысную прадукцыю, таму што Украіна на іх выдаткоўвае грошы, і яны павінныя іх адпрацоўваць пэўным спосабам. Ваеннапалонныя атрымліваюць узнагароджанне за гэта. Так, невялікае, але яно ёсць — гэта адпавядае Жэнеўскай канвенцыі, іх заробак за дзень — каля 10 грыўняў (67 беларускіх капеек. У беларускіх калоніях некаторыя асуджаныя атрымліваюць па 10−15 капеек за дзень. — Заўв. рэд.). Гэтыя грошы яны могуць выдаткаваць на цыгарэты, нейкія прадукты ці дадатковыя хвіліны. IP-тэлефанія платная, калі яны хочуць даўжэй пагаварыць з роднымі, плацяць за гэтыя званкі дадому. Калі ў іх няма грошай на рахунку, плаціць нашая дзяржава.

— Як часта яны могуць тэлефанаваць блізкім?

— Тэарэтычна ёсць магчымасць кожны дзень да 15 хвілін. Але паколькі іх шмат, а лінія адна, у іх ёсць спісы, і гэта залежыць ад чаргі. Дакладна не магу сказаць, але думаю, што гэта адбываецца часцей, чым раз на месяц.

— Мы бачылі шмат доказаў кепскіх умоваў утрымання украінцаў у расійскім палоне — якімі худымі яны выходзяць адтуль, чулі іх жудасныя аповеды. Вы дапускаеце, што ва Украіне з расійскімі палоннымі можа адбывацца нешта падобнае?

— Украіна — дэмакратычная краіна і выконвае ўсе Жэнеўскія канвенцыі ў дачыненні да ваеннапалонных. Яны ўтрымліваюцца ў камфортных умовах, чаго нельга сказаць пра ўтрыманне ўкраінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў палоне ў Расіі.

— Калі вы бачыце ўвесь жах таго, як абыходзяцца з вашымі мужчынамі і жанчынамі ў палоне — тая ж трагедыя ў Яленаўцы — вам не становіцца складаней размаўляць з расіянамі, якія знаходзяцца ў вас? Не праецыюеце перажытае ўкраінцамі на іх?

— У нас крыху іншае грамадства і іншыя людзі. Калі ты бачыш [расійскіх палонных] блізка, разумееш, што гэта проста запалоханыя, несамастойныя людзі, якія жывуць у таталітарнай сістэме. І як бы яны ні былі за Пуціна (а многія з іх усё роўна захоўваюць пазіцыю падтрымкі вайны, таму што выраслі ў гэтай інфармацыі, усё роўна яны такія расійскія фашысты), — ты разумееш, што ў іх, можа, і не было магчымасці нейкі іншы выбар зрабіць.

Последствия обстрела Еленовки. Фото: Reuters
Наступствы абстрэлу калоніі ў Яленаўцы 29 ліпеня 2022 года, калі загінулі больш за 50 украінскіх ваеннапалонных. Данецкая вобласць, акупаваная Расіяй тэрыторыя Украіны. Фота Reuters

— Таму тут не пра тое, каб зрываць злосць. Думаю, гэта вельмі добра робяць украінскія Узброеныя сілы. А калі расіяне трапляюць у палон, ужо няма пагрозы ад іх і патрэбы гэта рабіць, бо мы еўрапейская нацыя. У тым ліку нам даюць міжнародную дапамогу, таму што мы іншыя і паказваем, што прытрымліваемся міжнароднага права і законаў. З імі абыходзяцца ў адпаведнасці з іх статусам, і я не раз бачыў, што стаўленне дастаткова людскае. Хоць яны прыйшлі забіваць нашых жанчын, дзяцей, разбураць нашыя дамы. На іх мы абменьваем нашых хлопцаў і дзяўчат.

— Ці шмат палонных хоча застацца пасля вайны ці цяпер ва Украіне, адмаўляецца ад абмену назад у Расію?

— Ёсць пэўны працэнт. Былі выпадкі, калі чалавек тэлефануе з Расіі, яшчэ не мабілізаваны, але разумее, што хутка прыйдзе позва, — з ім доўга гаварылі нашыя аператары кол-цэнтра, і ён плакаў: «Хачу здацца ў палон. Не хачу вяртацца — я хачу стаць украінцам». Гэта дарослы мужчына, разумны, які рэалізаваўся ў жыцці, вось ад яго гучала такая заява.

Статыстыкі па палонных у лагеры мы не можам даць, але большасць з тых, з кім мы размаўлялі там, хочуць вярнуцца дадому, таму што там іх сем'і, праца, якой яны хочуць працягваць займацца. Працэнт тых, хто хоча застацца, значна меншы.

«Тут пытанні да таго, чаму Расія без суда і следства забівае сваіх грамадзян»

— Што будуць рабіць у вашай краіне тыя, хто хоча застацца, калі іх адпусцяць? І як, на вашую думку, да іх будуць ставіцца ўкраінцы? Гэта ў любым выпадку расіянін, які быў у вайсковай форме.

— Калі ён не замяшаны ў ваенных злачынствах і не забіваў, калі здаўся па дзяржаўнай праграме, ёсць магчымасць атрымаць прытулак ва Украіне і працаваць. Як да яго будуць ставіцца? Думаю, цалкам лаяльна, разумеючы яго матывацыю і тое, што на ім няма крыві. Украінцы дастаткова талерантныя да тых, хто не прыйшоў да іх са зброяй і не збіраецца забіваць, гвалтаваць і рабаваць. Людзям, якія ставяцца з павагай да нас, нашых каштоўнасцяў, культуры, мовы, не можа быць якіх-кольвек пагроз. Думаю, праблем не будзе.

— Ад украінцаў часта можна пачуць фразу «добрых рускіх не бывае».

— Тут крыху пра іншае — пра расійскіх лібералаў, наколькі я разумею. Бываюць розныя сітуацыі. Ёсць жа і расіяне, якія даўно пераехалі ва Украіну, вывучылі мову. Мы гаворым пра тых «добрых рускіх», якія толькі дэкларуюць сваё адрозненне, а на самай справе заражаныя імперскасцю, яна з іх вельмі часта вылазіць.

— Я хацела пагаварыць з вамі пра сітуацыю з Яўгенам Нужыным, але з вашых адказаў зразумела, што не зусім да вас пытанне. Мы можам закрануць гэтую тэму?

— Нужын не трапіў у палон праз лінію «Хачу жыць». Тут трэба разумець, што ён не здаваўся добраахвотна. Адпаведна, заявам, якія ён рабіў ужо ў Расіі, мы не можам давяраць. Яны абсалютна маніпуляцыйныя. Таксама мы не можам давяраць таму, што ён гаварыў у інтэрв'ю тут, бо тут палонныя кажуць адно, а расійскім медыя — зусім іншае. І мы павінныя разумець, чаму гэта адбываецца.

Мы разумеем, што яны яго, магчыма, забілі, каб дыскрэдытаваць украінскую дзяржаўную праграму па добраахвотнай здачы ў палон. Спрабавалі прадставіць гэтага чалавека як таго, хто здаўся добраахвотна: нібыта яго адпусцілі і хтосьці выкраў, а потым жорстка пакараў. На самай справе гэта было не так. Але тут пытанні да таго, чаму Расія без суда і следства забівае сваіх грамадзян. Гэты чалавек даў згоду на абмен, што з ім адбываецца далей — адказнасць Расіі.

— Чаму Украіна аддала Расіі палоннага вагнераўца? Вы разумелі, што яго там чакае расправа?

— Расія ўваходзіць у Савет Бяспекі ААН, там ёсць прэзідэнт, суды, праваахоўныя органы, і такога не мусіла здарыцца. Але там адбыліся такія дзікія рэчы. Мы заклікаем міжнародную супольнасць пільна сачыць за лёсамі ваеннапалонных, якія вяртаюцца ў Расію па абмене.

— Абмены ваеннапалоннымі адбываюцца пастаянна. Вам вядомыя выпадкі, каб над людзьмі, якія давалі публічна такія інтэрв'ю, былі расправы, іх затрымлівалі?

— Не.

— Ці паўплывала сітуацыя з Нужыным на колькасць зваротаў да вас ад расіян?

— Мы не адчулі нейкіх зменаў.

— Вы раней у інтэрв'ю казалі, што расіяне больш не кажуць, што не разумелі, куды едуць. Але вы так доўга з імі працуеце — верыце ў тое, што яны кажуць, у іх апраўданні «баяўся, не хацеў»?

— Гэта выглядала неяк праўдападобна ў першыя дні вайны. Але як паказвае досвед, нават тыя, хто быў у турме, таксама досыць нядрэнна інфармаваныя пра тое, што адбываецца. Усе ўсё выдатна разумеюць. Хоць цяпер яны ўжо такога і не гавораць.

Солдат фотографирует своего товарища, который позирует рядом с подбитым подбитой российской техникой в в Буче, Киевская область, Украина, 2 апреля 2022 года. Фото: Reuters
Салдат фатаграфуе свайго таварыша, які пазіруе побач з падбітай расійскай тэхнікай у Бучы, Кіеўская вобласць, Украіна, 2 красавіка 2022 года. Фота: Reuters

— Дагэтуль з’яўляюцца аповеды, відэа, дзе расійскія вайскоўцы здзіўляюцца, што ва Украіне ёсць дарогі, тэхніка. Сярод расіян яшчэ ёсць гэта здзіўленне, што ва ўкраінскіх вёсках і гарадах усё ў парадку?

— Паток бытавой тэхнікі, які пайшоў з Украіны праз Беларусь у тым ліку, думаю, зрабіў сваю справу. Таму што яны зразумелі, што ўкраінцы жывуць не горш, а часта — нашмат лепш, чым Расія, якая дэкларавала, што яна вельмі забяспечаная краіна, прадае шмат нафты і газу. У нас усяго гэтага няма, але яны выдатна разумеюць, і па размовах мы чулі: «Яны жывуць лепш за нас і за гэта, напэўна, і ваююць».

— Да вас за ўвесь гэты час трапляў хто-небудзь двойчы?

— Быў выпадак, калі чалавек быў узяты ў палон, потым яго абмянялі, а ён зноў вярнуўся ваяваць ва Украіну і быў забіты ў баі. Цяпер людзям падчас абмену ў Расію мы нават даём візітоўкі, дзе ёсць нумар гарачай лініі «Хачу жыць». Таму што многіх з іх, мы ведаем, расіяне зноў пусцяць у гэтую мясарубку. Калі яны захочуць трапіць у палон, а яны ведаюць, як там насамрэч, змогуць звязацца з намі і здацца другі раз ужо добраахвотна.

— Ці траплялі да вас беларусы? Ёсць асобныя людзі, якія, на жаль, пайшлі ваяваць на баку Расіі.

— Былі выпадкі, калі нам тэлефанавалі з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку расіяне, якія ўцяклі туды ад мабілізацыі. Што да канкрэтна вашага пытання, не магу сказаць, такая інфармацыя ў нас закрытая.

— Шмат абмяркоўваецца ўступленне Беларусі ў вайну. Украіна кажа, што няма падставаў турбавацца, але калі раптам гэта здарыцца, ці прапануюць беларусам гэтак жа здавацца ў палон, як і расіянам?

— Прапанова «Хачу жыць» датычыць усіх ваенных фарміраванняў, якія будуць або збіраюцца ваяваць на баку Расіі. Таму you are welcome, беларусы, беражыце свае жыцці і здароўе, вы яшчэ патрэбныя сваёй краіне, здавайцеся падраздзяленнямі — і вы атрымаеце ўсе правы камбатантаў на тэрыторыі Украіны. Вас ніхто не будзе крыўдзіць, толькі не страляйце, не майце крыві на руках: гэта значна пагоршыць сітуацыю. Мы будзем радыя прыняць усіх, хто здаецца, усіх беларусаў, якія вырашаць гэта зрабіць. Гэта адзіны спосаб зберагчы сябе для родных і не стаць ваенным злачынцам.