Раніцай 3 лістапада з будынка абладміністрацыі Херсона знік расійскі сцяг, а напярэдадні акупацыйныя ўлады закрылі рух транспарту праз Днепр на левабярэжную частку рэгіёна. З сярэдзіны мінулага месяца ішла эвакуацыя насельніцтва ўглыб акупаваных РФ тэрыторый — людзей заклікалі з’язджаць, каб не «мяшацца пад нагамі ў арміі», калі пачнецца наступ УСУ. «Люстэрка» спытала ў жыхара горада, які нікуды не паехаў, што там адбываецца цяпер і колькі людзей засталося чакаць вяртання Украіны.
«Усе маторныя лодкі рускія забралі. Тыя, што не надта зручныя, парасстрэльвалі проста на беразе»
Па тэлефоне словы 29-гадовага Арцёма (імя змененае) гучаць абрывіста, са спазненнем — сувязь у Херсоне цяпер кепская, з інтэрнэтам праблемы. Мужчына кажа, што расійскія вайскоўцы абстралялі вышкі мабільнай сувязі, калі пачалі пакідаць горад. Арцём іх адступленне заўважыў яшчэ 26 кастрычніка:
— Бачыў, як па горадзе ў бок падкантрольных Расіі тэрыторый ехалі і іх «Тыгры» (расійскі армейскі браніраваны аўтамабіль-уседарожнік. — Заўв. рэд.), і джыпы — усе з прычэпамі, з лодкамі. Яны адыходзяць далей ад Херсона, за Цюрупінск (з 2016 года населены пункт на левым беразе Дняпра называецца Алешкі, да яго ад Херсона па прамой каля 8 км. — Заўв. рэд.), на бяспечную адлегласць. Ведаю, што яны акапаліся каля Новай Кахоўкі, высяляюць людзей з пасёлкаў у прыбярэжнай зоне (даюць некалькі дзён на выезд) і засяляюцца ў іх дамы самі.
— Усе маторныя лодкі, якія былі на нашым беразе, рускія забралі. Тыя, што не надта добрыя і зручныя, парасстрэльвалі проста там, маторы разбівалі, усё тапілі. Праўда, тым, хто паспеў прыехаць да гэтага часу, каб забраць сваю лодку, яны іх без праблем аддавалі. Мініруюць масты. Рускія, як звычайна, калі адступаюць, руйнуюць усё за сабой, — кажа мужчына.

Саміх херсонцаў не прапускаюць ні ў адзін, ні ў іншы бок. Акупацыйныя ўлады спынілі транспартнае злучэнне праз Днепр з левага берага на правы. Паабяцалі, што ў адваротны бок цывільныя трапіць змогуць. Але, па словах Арцёма, мясцовым жыхарам ужо забаранілі выходзіць на ваду на катарах і лодках. Гэта датычыць і дачнікаў, многія з якіх так дабіраліся да сваіх агародаў. Праехаць па Антонаўскім мосце таксама нельга — па ім, кажа мужчына, зрэдку перасоўваюцца самі вайскоўцы, якіх у горадзе ўсё менш.
— Салдат ужо вельмі мала — засталіся толькі новенькія (імаверна, гаворка пра нядаўна мабілізаваных. — Заўв. рэд.) і, як я зразумеў, нейкая колькасць людзей у іх медсанчастцы. Уначы яшчэ некалькі машын і КамАЗаў праязджае [па вуліцах горада], але ўжо не так шмат, як раней было. Максімальна яны ўсе выехалі на той бок [Дняпра]. З тых, хто застаўся, многія ходзяць п’яныя, дваіх бачыў на рынку — па форме, з разгрузкай і аўтаматамі, адзін ледзь не зваліўся ў лужыну. З такімі страшна на вуліцы знаходзіцца: мала што яму ў галаву стукне — раптам развернецца і пачне страляць?
Адыход расійскіх вайскоўцаў пацвердзіў 3 лістапада і Кірыл Страмавусаў, намеснік кіраўніка адміністрацыі акупаванага рэгіёна: «Хутчэй за ўсё, нашы войскі будуць адыходзіць на левабярэжную частку Херсонскай вобласці, і тыя людзі, якія не паспелі перабрацца з Херсона, павінныя максімальна хутка сыходзіць з горада на левы бераг».
«Закрылі ўсе банкі, вывезлі мэблю і абсталяванне, нават аўтобусы і маршруткі»
Мужчына расказвае, што расіяне акрамя ваеннай тэхнікі і асабовага складу вывозяць з Херсона і аб’екты грамадзянскай інфраструктуры. Людзям нават больш не выдаюць расійскіх пашпартоў.
— Акурат падчас эвакуацыі было чуваць, як шмат тэхнікі рухалася ў бок моста. І калегі заўважалі, што каля 20 інкасатарскіх машын выехала з Херсона. Закрылі ўсе банкі, іх дзяржаўныя арганізацыі, якія пенсіямі і выплатамі займаліся. У памяшканнях ужо няма абсталявання, мэблі, што заставаліся ад Украіны, — яны ўсё вывезлі, там голыя сцены. Камунальны транспарт — аўтобусы, новыя маршруткі — таксама забралі. Па горадзе ездзяць толькі старыя маршруткі. Працуе толькі тры аптэкі, ды і крамы закрываюць. Нават у буйных [супермаркетах] прадуктаў цяпер вельмі і вельмі мала. Аплату прымаюць цяпер ужо не расійскімі рублямі, а грыўнямі, і курс амаль усюды абрынуўся ў чатыры разы. А на рынку за рублі тую ж бульбу ці моркву ўжо наогул не купіш — іх не бяруць. Таму сваю зарплату, пакуль мне плацяць у расійскіх грашах, стараюся па максімуме абмяняць.
З 19 кастрычніка акупацыйныя ўлады вывозілі жыхароў Херсона і вобласці ўглыб падкантрольных РФ тэрыторый. Спачатку прызначанае Крамлём кіраўніцтва рэгіёна назвала гэта добраахвотнай эвакуацыяй, потым — прымусовай. Сярод знаёмых Арцёма так з’ехала ўсяго некалькі чалавек. Астатнія, хто таксама вырашыў пакінуць горад перад надыходам УСУ, рушылі на падкантрольную Украіне тэрыторыю або ў Еўропу. Сам ён з сям’ёй застаецца ў абласным цэнтры.
— Трохі адчулася, што нейкая частка людзей усё ж выехала. Па вуліцах ходзіць менш народу, чым да гэтага, у акно гляджу — мала асветленых кватэраў у дамах. Можа, праз тое, што нашыя ўжо побач. Людзі ведаюць, што рускія, выехаўшы, будуць абстрэльваць вайскоўцаў і горад. Але не скажу, што вельмі крытычна і машыны перасталі ездзіць, — апісвае Арцём абстаноўку. — Дзвюх маіх знаёмых жанчын, што пагадзіліся на эвакуацыю, вывезлі ў Крым і далей у Расію. Адна напісала, што іх уладкавалі там дзесьці, паабяцалі выплаты — больш падрабязнасцяў не расказвала. Некаторыя з тых, што з’ехалі, ужо цяпер пішуць, што гэта перасяленне, а ніякая не эвакуацыя.
Мужчына ўпэўнены, што і мясцовыя прызначаныя Крамлём чыноўнікі таксама пакінулі Херсон.
— Няма ні паліцыі, ні «па-цывільнаму» вайскоўцаў, як раней яны хадзілі, нікога — горад пусты. Толькі зрэдку іх «Урал» або «Бобік» праедзе. І ўлады не чуваць, не відаць. Калі зараз тут падымуцца партызаны, будзе горача, — лічыць суразмоўца.
Арцём часта чуе «прылёты» па Антонаўскім мосце, які ідзе ад горада на левы бераг Дняпра і кантралюецца расійскімі вайскоўцамі, і мясцінах на ўскраінах Херсона, дзе Узброеныя сілы РФ яшчэ могуць заставацца.
— Па горадзе Украіна не б’е цяпер, а па мосце і пераправе пастаянна былі абстрэлы ў апошнія дні, — тлумачыць ён. — Нашы дзесьці блізка. Чакаем, калі гэтыя [расійскія вайскоўцы] адсюль па максімуме выйдуць і нашы зойдуць у горад.
Горад да з’яўлення ўкраінскай арміі рыхтуецца даўно. У Арцёма з жонкай — маленькае дзіця. Сям’я ўжо склала рэчы і купіла прадукты на час, калі пачнецца наступ УСУ або абстрэлы з боку Расіі.
— У падвале — рэчы, матрац. Два бакі вады, макарона, кансервы, закаткі, мяса — усё ў нас ёсць. Акумулятары, ліхтарыкі і батарэйкі зараджаныя. Галоўнае — каб быў час спусціць усё гэта ўніз, калі давядзецца. Пакуль у нас улады загадалі адключыць ліфты ў дамах. Не ўсюды гэта зрабілі, але наш ужо не працуе, а мы жывём у шматпавярховіку, высока — карацей, «весела». Больш перажываем, што падчас баявых дзеянняў адключаць цалкам святло і газ: дзіцяці трэба грэць ежу. Тады не ведаю, як давядзецца спраўляцца. А так і мы, і многія херсонцы да гэтага часу ўжо падрыхтаваліся. У крамах у апошнія дні ўсе скуплялі лямпы, Газа, ліхтарыкі, акумулятары. З тых жа акумулятараў там засталіся толькі тыя, што для машын або матацыклаў. А я сабе на ўсялякі выпадак прыдумаў план: калі нашыя будуць наступаць і зусім цяжка ў горадзе стане, вывезу сям’ю ў Мікалаеў, а сам далучуся да іх, — кажа Арцём у канцы.