У Баранавічах адмянілі канцэрт расійскага коміка Багдана Лісеўскага з прычыны «нізкай рэалізацыі білетаў», піша мясцовае выданне BAR24.
Багдан Лісеўскі праславіўся дзякуючы шоу «Плюшки» і «Опять не Гальцев». Ён у ролі вядоўцы браў інтэрв'ю ў розных зорак, наўмысна задаючы ім правакацыйныя і недарэчныя пытанні і ператвараючы кожнае інтэрв'ю ў шоу абсурду. Канцэрт Лісеўскага мусіў адбыцца ў Баранавічах 20 лістапада.
11 лістапада ў сеціве з’явілася інфармацыя, што мерапрыемства і ў Баранавічах, і ў Бабруйску адмененае.
— Так, з намі звязаліся і паведамілі, што мерапрыемства не адбудзецца. Прычына ў нізкай рэалізацыі білетаў. Для параўнання: усе білеты на выступ Нурлана Сабурава ў Баранавічах былі раскупленыя за пяць дзён, — паведаміла супрацоўніца гарадскога дома культуры ў Баранавічах.
Для вяртання сродкаў, выдаткаваных на куплю білета, гараджанам трэба звяртацца ў службу падтрымкі білетнага аператара kvitki.by.