Беларуска выклала ў Instagram відэа пра тое, як змянілася яе прозвішча пасля замужжа. Мяркуючы з дакументаў, атрымалася вельмі кур’ёзная сітуацыя — за тры тыдні публікацыя набрала 5,6 мільёна праглядаў і больш за 1,5 тысячы каментароў. Некаторыя гісторыі адтуль здольныя «перабіць» першапачатковую.
Беларуска Алёна Пруцік выклала ў Instagram сваё пасведчанне пра заключэнне шлюбу. З яго вынікае, што да замужжа жанчына была Алёнай Корань.
«Цікава, якое прозвішча ў мяне будзе пасля вяселля?» — успамінала свае даўнія думкі беларуска. І, паказваючы на відэа пасведчанне, у якім напісана, што яе мужа завуць Дзяніс Пруцік, пажартавала: «Дзякуй — калі ласка».
— Калі я ўпершыню пачула яго прозвішча — гэта было на трэці дзень знаёмства, — тут жа ўявіла сабе гэтую смешную сітуацыю, — дадала Алёна подпіс да свайго відэа. — А праз чатыры гады дала згоду памяняць яго ў ЗАГСе. Мне здаецца, я выйграла гэтае жыццё.
«Пруцік „укараніўся“», — пажартавала ў каментарах карыстальніца tatsianka_051184.
Алёна папрасіла іншых карыстальніц Instagram таксама расказаць, якое ў іх было дзявочае прозвішча і на якое яны яго памянялі, калі гэта рабілі. Адгукнуліся і мужчыны — усе пачалі ўспамінаць кур’ёзныя сітуацыі, звязаныя са зменай прозвішча пасля заключэння шлюбу. Хоць і не толькі — у каментарах знайшліся і іншыя бюракратычныя кур’ёзы.
- «Сяброўка была Качан, у ЗАГСе стала Капуста».
- «Аднагрупніца ў дзявоцтве — Рыбак. Першы шлюб — Карасёва, другі — Карпава, трэці — Ляшчова».
- «Калега ў дзявоцтве была Скрыпка, выйшла замуж — стала Барабан».
- «Пазнаёміліся з парай у цягніку, яна — Куліч, ён — Пасхальны».
- «Сяброўка была Крывенка, выйшла замуж — стала Касенка».
- «Мая былая калега памяняла прозвішча з Белая на Чорная, калі выйшла замуж. Перайшла на бок зла».
- «Бабуля была Булгакава, а стала Чэхава».
- «У мяне трэнер па плаванні быў да вяселля Курачкін, ажаніўся і ўзяў прозвішча жонкі — Арлоў. Жонка, відаць, не захацела „паніжэння рангу“».
- «Працавала ў дзяржорганах — здае ІП „Малыш“ дакументы праз юрыста Зайку і атрымліваецца „Малыш давярае Зайку здаць дакументацыю…“»
- «У мяне на мінулай працы былі Баран, Лось і Воўк. І яны заўсёды ў адну змену траплялі. Усе смяяліся, што сёння „заапарк“ працуе».
Што да традыцыі браць прозвішча мужа пасля вяселля, то яна распаўсюджаная па ўсім свеце — нават на Захадзе. Да прыкладу, у ЗША прозвішча мужа бяруць 70% жанчын пасля замужа, у Вялікабрытаніі — наогул 90% (гэта статыстыка яшчэ 2016 года). Выключэннем з правілаў з 1983 года стала Грэцыя, дзе жанчына па законе захоўвае сваё дзявочае прозвішча на ўсё жыццё.
У такога звычаю ёсць некалькі тлумачэнняў. У першую чаргу гэта даніна патрыярхальным традыцыям. Аднак многія тлумачаць сабе неабходнасць агульнага прозвішча сімвалам адданасці адно аднаму, змацаваннем сямейных повязяў, прыналежнасцю да будучых дзяцей.
У сувязі з гэтым некаторыя жанчыны, на думку ірландскай псіхатэрапеўткі Хільды Берк, выбіраюць прозвішча мужа з практычных меркаванняў. Напрыклад, калі не хочацца «раздражняць» пажылых сваякоў ці каб пазбегнуць тлумачэнняў, чаму ў вас рознае з дзіцем прозвішча, у будучыні.
Чытайце таксама