Экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раман Пратасевіч, якога асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі, а пазней памілавалі, паляцеў з Беларусі ў Дубай. Пра гэта стала вядома падчас сумеснага стрыму прапагандыстаў Людмілы Гладкай і Канстанціна Прыдыбайлы.
За мяжу Пратасевіч паляцеў самалётам «Белавія» са сваёй «другой палавінкай».
— Я знаходжуся ў Дубаі, прыляцеў паглядзець на шпілі, як у вядомым меме. Прыляцеў адпачыць, бо апошнія гады, можна сказаць, былі вельмі напружанымі для мяне, — сказаў Раман.
— То-бок атрымліваецца, гэта адпачынак абсалютна легальны? Цябе выпусцілі і ты спакойна паляцеў? — удакладніў Прыдыбайла.
— Так.
Прапагандыстка Гладкая спытала, як Пратасевіча выпусцілі з Беларусі, бо раней суд абавязаў яго ў салідарным парадку з іншымі фігурантамі справы NEXTA Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам выплаціць 24,5 млн рублёў шкоды.
— Я яшчэ нейкі час таму падаў апеляцыю, і мне скасавалі гэты штраф. Усё сумленна, усё законна. Гэта была афіцыйная працэдура, гэта была апеляцыя, гэта былі асобныя судовыя паседжанні. Ну і я, як мне здаецца, прывёў дастатковую колькасць аргументаў для таго, каб вось гэты вось велізарны, нават астранамічны штраф скасавалі, — патлумачыў Пратасевіч, дадаўшы, што да вылету мусіў выплаціць толькі 3 тысячы рублёў па лініі падатковай — гэтую суму ён кампенсаваў.
Пратасевіч таксама дадаў, што тры апошнія месяцы працуе зваршчыкам на прадпрыемстве са сферы энергетыкі.
— Вырабляю трансфарматары для энергетычнай прамысловасці. Вару розныя дэталі. Заробкам не крыўдзяць, — расказаў экс-рэдактар NEXTA і «Беларусі галаўнога мозгу».
Пратасевіч дадаў, што падаў дакументы для аднаўлення навучання на завочным аддзяленні журфака БДУ.
Нагадаем, Раман Пратасевіч — экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу». 23 траўня 2021 года самалёт, на якім ён ляцеў з расіянкай Соф’яй Сапегай з Афін у Вільнюс, прымусова пасадзілі ў Мінску.
Сапегу ў траўні 2022 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі па справе «Чорнай кнігі Беларусі». Пасля 13 месяцаў зняволення яе памілавалі.
3 траўня 2023 года Пратасевіча асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі. 22 траўня таго ж года яго памілавалі.