Сілавікі затрымалі «за экстрэмізм» дырэктарку бара «Столе» ў Бярозаўцы Дзіяну Бурштыку і некалькі супрацоўнікаў. Пра гэта стала вядома з канала лідскіх прапагандыстаў, блізкіх да сілавікоў, піша «Наша Ніва».
Дзіяне Бурштыцы 32 гады. Родам яна з Бярозаўкі Лідскага раёна. Скончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
Дзіяна замужам, і ў яе трое дзяцей — два сыны і дачка. Сям’я жыве ў Бярозаўцы.
Разам з мужам чатыры гады таму яны адкрылі гастрабар «Столе» ў роднай Бярозаўцы, дэ-факта першы сучасны гастрабар у гэтым горадзе.
«Раней не было месца, дзе школьнікі маглі купіць бульбу фры ці нагетсы, а моладзь — папесціць сябе сушы ці роламі», — пісала пра іх мясцовая прэса. Праз два гады Бурштыкі адкрылі яшчэ адну ўстанову ў Лідзе.
Таксама Дзіяна займаецца макіяжам, перш за ўсё вясельным.