Беларусы, якія жывуць за межамі Беларусі — «не беларусы». Такое меркаванне агучыла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анжаліка Курчак у эфіры прапагандысцкай перадачы «Скажи не молчи».
Вядоўца шоу задала госці пытанне пра тое, «ці праявяць сябе неяк апазіцыйныя сайты ў 2025 годзе». У сваім адказе экс-пракурорка расказала пра тое, што ў беларускім грамадстве, на яе думку, адбыліся «прарыў» і «згуртаванне». Свой пункт гледжання яна абгрунтавала тым, што «ўсе гарады і вёскі ўпрыгожылі дзяржаўнымі сімваламі», а ў дзіцячых садках спяваюць «мы беларусы, мірныя людзі».
— Таму 25-ы год, выдатны год. Думаю, мы яго цудоўна перажывём. А што да тых дэструктыўных рэсурсаў, то вы ведаеце, у нашым менталітэце беларусаў, тыя, якія жывуць за межамі Беларусі — яны не беларусы, і мы іх не чуем. Мы чуем, разумеем і верым тым, якія побач з намі, — адказала дэпутатка.
Анжаліка Курчак у парламенце з’яўляецца чальцом Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. У ППНС яна перайшла з Генпракуратуры, дзе «займала розныя пасады ў тым ліку — начальніка ўпраўлення ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі і рэдакцыйнай дзейнасці». Да гэтага была памочніцай пракурора Ленінскага раёна Брэста, старшай памочніцай пракурора Брэсцкай вобласці.