Віцебскі абласны суд 8 красавіка на закрытым паседжанні вынес прысуд былой старшыні незалежнага прафсаюза наваполацкага «Нафтана» Вользе Брыцікавай. Праваабаронцы даведаліся пра яго толькі цяпер, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Актывістку судзілі па ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці разладу).
Суд пачаў разглядаць справу Брыцікавай 11 сакавіка, працэс вяла суддзя Галіна Бондал, вядомая сваімі прысудамі палітвязням Яраславу Казакевічу, Роберту Кузняцову і іншым. Яна прызнала актывістку вінаватай і асудзіла яе на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Вольгу Брыцікаву затрымалі ў жніўні 2023 года. Тады з’явілася інфармацыя, што яе абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».
Разам з Вольгай быў затрыманы палітвязень Аляксандр Кухаронак, адзін з першых работнікаў «Нафтана», якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве.
Брыцікава прапрацавала ў кампаніі «Нафтан» 16 гадоў, яе звольнілі за прафсаюзную дзейнасць і грамадзянскую пазіцыю. Раней яе неаднаразова затрымлівалі за выступленні супраць вайны і распаўсюд матэрыялаў, якія беларускія ўлады лічаць «экстрэмісцкімі». У 2022 годзе яна прабыла ў зняволенні 105 дзён, з іх 75 — запар.
11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Уладзіміра Чаравача разгледзела апеляцыйную скаргу Вольгі і пакінула яе без задавальнення, прысуд не змянілі.
Тым часам МУС уключыла Брыцікаву ў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».