У Менску будуць судзіць службовых асоб, «чые бяздзейнасць і халатнасць спрыялі магчымасці працяглага катавання малагадовага Сямёна Таратуты», якога забілі бацькі ў Слуцку. Пра гэта паведаміла 12 чэрвеня прэс-служба Вярхоўнага суда.
Крымінальная справа паступіла ў суд Мінскага раёна. Колькі па ёй праходзіць абвінавачаных і якія пасады яны займаюць, у прэс-рэлізе не паведамляецца.
Нагадаем, у студзені мінулага года дома ў прысутнасці дзвюх сясцёр і брата хлопчыка бацькі Анастасія і Аляксандр Таратуты рукамі і нагамі збілі да смерці свайго сына Сямёна.
Хлопчык нарадзіўся ў 2019 годзе, і літаральна з самага нараджэння яго катавалі. Ён галадаў і быў знясілены. Таксама бацькі абмяжоўвалі яго свабоднае перамяшчэнне, звязваючы яму рукі і ногі.
Шматдзетных бацькоў — 37-гадовую Анастасію Таратуту і 48-гадовага Аляксандра Таратуту — судзілі па двух артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- ч. 2 арт. 154 (Наўмыснае ўчыненне працяглага болю, пакутаў спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), здзейсненае ў дачыненні да загадзя няпоўнагадовага, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы);
- пп. 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 (Наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малагадовага, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб).
Іх прызналі вінаватымі і прызначылі: бацьку — расстрэл, маці — 25 гадоў калоніі.