У судзе Аршанскага раёна разбіралі незвычайную справу: заяву падала маці, якая хацела прызнаць свайго сына абмежавана дзеяздольным. На яе думку, той страціў кантроль над сваімі дзеяннямі і здзяйсняе нелагічныя ўчынкі, наступствы якіх закранаюць і яе. Мужчына ж лічыць, што маці зрабіла гэта з непрыязнасці да ягонай абранніцы, якая на 19 гадоў старэйшая за яго. Чым скончыўся канфлікт, «Люстэрка» даведалася з банка судовых рашэнняў.
Версія маці: бярэ крэдыты, паводзіцца неадэкватна і агрэсіўна
Алена жыве ў кватэры, дзе таксама зарэгістраваныя яе маці і сын Яўген (імёны выдуманыя). Па факце ж ён з імі не жыве і, паводле жанчыны, ужо некалькі гадоў вядзе «амаральны лад жыцця». Напрыклад, бярэ на сваё імя крэдыты «ў стане алкагольнага ап’янення», пасля чаго аддае грошы іншым людзям, а тое, што засталося. ю марнуе на спіртное.
Пры гэтым сваіх абавязаннях па дамовах з банкамі Яўген не выконвае — і лісты пра даўгі прыходзяць менавіта Алене. У заяве яна напісала, што, апроч іншага, сітуацыя ставіць іх з маці ў цяжкае матэрыяльнае становішча, бо Яўген ніяк не ўдзельнічае ў аплаце камуналкі за кватэру, у якой прапісаны. Таксама Алена звярнула ўвагу суда, што яе сына звольнілі з яго пасады слесара «праз доўгую адсутнасць на працы». Жанчына дапусціла, што гэта таксама магло стаць вынікам прыхільнасці Яўгена да спіртнога, і на падставе выкладзенага прасіла прызнаць яе поўнагадовага сына недзеяздольным.
На судзе Алена прывяла новыя аргументы. У прыватнасці, сказала, што яе сын «не злоўжывае спіртнымі напоямі», але нават цвярозы «не можа даць лагічнага тлумачэння сваім дзеянням». Алена прывяла прыклады сумнеўных, на яе думку, учынкаў сына.
Па-першае, той змяніў месца жыхарства «з добрымі ўмовамі на жыллё, якое знаходзіцца пад наглядам праваахоўных органаў». Па-другое, «без паважлівай прычыны змяніў месца працы і прафесію на мыйшчыка аўтамашын за нізкую зарплату». Па-трэцяе, змяніў кола зносін «са станоўчымі людзьмі на людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця». І нібыта менавіта для апошніх Яўген і пачаў браць крэдыты ў банках.
Са словаў жанчыны ў судзе, з роднымі яе сын паводзіцца «неадэкватна, агрэсіўна». І наогул ён заблакаваў тэлефоны, бо «лічыць усіх ворагамі і здраднікамі». Таксама Алена ўдакладніла, што паміж ёю і Яўгенам склаліся «канфліктныя адносіны» праз жанчыну, з якой той жыве і якая на 19 гадоў старэйшая за яго. Яна лічыць, што яе сын — «даверлівы і добры чалавек», а староннія людзі толькі ім маніпулююць.
Гэтыя словы Алены падтрымаў яе другі сын, брат Яўгена. Акрамя таго, на судзе выступілі і іншыя сведкі. Як яны звязаныя з бакамі канфлікту, не ўдакладняецца. Аднак яны таксама казалі, што паводзіны Яўгена змяніліся пасля таго, як ён пачаў жыць з новай партнёркай.
Версія сына: з маці склаліся «канфліктныя адносіны» праз жанчыну
У сваю чаргу, Яўген пярэчыў супраць задавальнення патрабаванняў сваёй маці.
Паводле мужчыны, ён вядзе звычайны лад жыцця: жыве з жанчынай, не злоўжывае алкаголем, ходзіць на працу і атрыманыя грошы выдаткоўвае на прадукты харчавання і адзенне. Пра крэдыт Яўген сказаў, што браў яго на свае патрэбы, хоць і прызнаўся, што пагашае доўг не заўсёды своечасова. Таксама ён паабяцаў кампенсаваць маці выдаткі па аплаце камунальных плацяжоў па месцы сваёй рэгістрацыі.
Яўген звярнуў увагу суда на тое, што, на яго думку, у іх з маці сапраўды склаліся канфліктныя адносіны праз яго сувязь з цяперашняй партнёркай. Мужчына сцвярджаў, што толькі таму маці «неаднаразова звярталася ў міліцыю і ладзіла канфлікты па месцы яго жыхарства».
Партнёрка Яўгена таксама выступіла ў судзе. Яна пацвердзіла, што жыве з ім ужо восем месяцаў. Паводле жанчыны, яны «жывуць добра, не ўжываюць алкаголь і кахаюць адно аднаго». Нічога дзіўнага ў паводзінах Яўгена яна не заўважыла, а адзін з крэдытаў патлумачыла тым, што на гэтыя грошы мужчына купіў тэлефон яе дачцэ.
На чый бок стаў суд і што стала вырашальным
Суд стаў на бок Алены і прызнаў Яўгена абмежавана недзеяздольным. Відавочна, гэтаму паспрыялі паказанні псіхіятра-нарколага і праведзеная экспертыза.
У сваёй заяве Алена згадала, што раней яе сыну дыягнаставалі разлад у выглядзе затрымкі псіхічнага развіцця, і звязала «прыкметы неадэкватнасці» яго дзеянняў з гэтым. Таму пазоўніца прасіла суд прызначыць судова-псіхіятрычную экспертызу, каб праверыць здольнасць Яўгена ўсведамляць свае дзеянні.
Яўген жа запэўніваў, што псіхічных захворванняў у яго няма. Як доказ гэтага ён назваў тое, што вучыўся ў звычайнай (а не спецыялізаванай) школе, скончыў вучылішча і без праблем уладкаваўся на працу. Таксама мужчына не звяртаўся да псіхіятраў па медыцынскую дапамогу.
Запрошаны на паседжанне доктар — псіхіятр-нарколаг, спасылаючыся на даведкі з медустановы, паказаў, што з 1999-га да 2009 года Яўген усё ж стаяў на ўліку ў дзіцячым псіхіятрычным кабінеце. Яму дыягнаставалі затрымку псіхічнага развіцця «з прычыны выяўленай гіпаксіі падчас родаў». Таксама спецыяліст адзначыў, што Яўген усё ж не заўсёды вучыўся «ў звычайнай школе»: да пятага класа ён вучыўся па спецыялізаванай праграме для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця і толькі потым перайшоў на агульную.
Псіхіятр-нарколаг сказаў, што з 2011 года Яўген прызнаны псіхічна здаровым. Ён праходзіў медыцынскую камісію падчас паступлення ў каледж, а пасля і на працу. Тады дактары не выявілі ў яго якіх-кольвек захворванняў.
Тым не менш судова-псіхіятрычная экспертыза, праведзеная на просьбу Алены, выявіла ў Яўгена псіхічны разлад у форме лёгкай разумовай адсталасці. «Па сваім псіхічным стане ён не пазбаўлены здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі, аднак яго здольнасць разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі абмежаваная», — паказала экспертка.
У сувязі з гэтым аргументы Яўгена, якія ён прыводзіў на паседжанні, палічылі беспадстаўнымі. Зрэшты, суд пакінуў права на абскарджанне свайго рашэння цягам 15 дзён.
Чытайце таксама