У Мінску ва ўзросце 40 гадоў памёр экс-спецназавец Андрэй Каралюк — актывіст ветэранскай арганізацыі спецназа МУС «Честь», якой кіруе Дзмітрый Паўлічэнка. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце арганізацыі, на яе звярнуў увагу тэлеграм-канал MAYDAY TEAM.
Былы баец спецназа Андрэй Каралюк памёр у 40 гадоў ад хваробы. Імаверна, гэта адбылося ў канцы сакавіка.
У 2002 годзе Андрэй Каралюк праходзіў тэрміновую службу ў першай асобнай міліцэйскай брыгадзе (в/ч 5448), якая базуецца на вуліцы Маякоўскага ў Мінску.
Паведамляецца, што ён таксама браў «актыўны ўдзел» у дзейнасці асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС «Честь», якую ўзначальвае Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа, які падазраецца ў датычнасці да гучных знікненняў апазіцыянераў).
Паводле звестак праваабаронцаў, гэтая арганізацыя ў апошнія месяцы пастаянна арганізуе вайсковыя зборы для баявога зладжвання добраахвотнікаў-ветэранаў падраздзяленняў спецпрызначэння міліцыі і ўнутраных войскаў МУС. Гэта робіцца нібыта для спынення дзеянняў «дыверсійна-разведвальных груп» і «незаконных узброеных фарміраванняў».