У Кобрыне падлетак, сын украінца і беларускі, атрымаў украінскае грамадзянства і збіраўся адмовіцца ад беларускага — бацькі падалі адпаведную заяву ў РАУС (гэта шараговая працэдура). Нечакана ім адмовілі, бо іх дзіця… не адслужыла ў войску. Бацькі пайшлі ў суд. Вынікі гэтай абсурднай гісторыі мы даведаліся з апублікаванага судовага рашэння.
Хлопчык нарадзіўся ў Кобрыне ў сям'і беларускі і грамадзяніна Украіны. Яго бацька больш за 20 гадоў таму атрымаў сталы від на жыхарства ў Беларусі і ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, сям’я засталася ў Кобрынскім раёне. Цяпер Яраславу (імя змененае) 16 або 17 гадоў, ён атрымлівае прафесію ў мясцовым каледжы альбо ліцэі.
У 2023 годзе падлетак атрымаў украінскае грамадзянства (такое права ён меў па нараджэнні як сын украінца), і сям’я вырашыла, што ад беларускага пашпарта ён адмовіцца. Маці і бацька Яраслава 23 верасня напісалі ў РАУС заяву на рэгістрацыю страты дзіцем грамадзянства Рэспублікі Беларусь, прыклалі натарыяльна завераную згоду сына.
Гэта звычайная працэдура: згодна з арт. 19 закона «Пра грамадзянства», грамадзянства Беларусі !страчваецца <…> па заяве бацькоў у дачыненні да дзіцяці, якое набыло па нараджэнні разам з грамадзянствам замежнай дзяржавы грамадзянства Рэспублікі Беларусь".
Згодна з арт. 20 таго ж закона, адмовіць у спыненні грамадзянства ў такім выпадку могуць толькі з трох прычын:
- той, хто хоча выйсці з грамадзянства, з’яўляецца падазраваным ці абвінавачаным па крымінальнай справе пра злачынства, здзейсненым на тэрыторыі Беларусі, або асуджаны беларускім судом і не адбыў пакаранне;
- ён мае «пазычанасць па падатках або іншыя нявыкананыя абавязанні перад Рэспублікай Беларусь, мясцовымі ўладамі, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі»;
- ён не мае іншага грамадзянства ці гарантый яго набыцця.
Атрымаўшы заяву, РАУС быў абавязаны праверыць, ці няма падставаў для адмовы падлетку. Міліцыя даслала запыты ў розныя органы і службы. Сярод іх быў і вайсковы камісарыят Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў.
Яшчэ не вырас, але ўжо павінны
Праз два месяцы пасля заявы, 22 лістапада, у РАУС вынеслі рашэнне адмовіць бацькам Яраслава ў рэгістрацыі страты грамадзянства Беларусі іх сынам у сувязі з «наяўнасцю ў яго нявыкананага абавязання перад Рэспублікай Беларусь».
Якія нявыкананыя абавязанні маглі быць у няпоўнагадовага падлетка? У міліцыі маці сказалі, што праблема была ў ваенкамаце. Гэта ён адмовіўся ўзгадніць выхад хлопца з грамадзянства.
У далейшым жанчына высветліла, што яшчэ 27 кастрычніка ваенкамат вынес рашэнне адмовіць у выдачы даведкі пра згоду на выхад Яраслава з грамадзянства. У абгрунтаванні была спасылка на працытаваны вышэй артыкул 20 закона «Пра грамадзянства» і на артыкул 57 Канстытуцыі, дзе гаворыцца: «Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і святы доўг грамадзяніна» (пол грамадзяніна, дарэчы, не ўдакладняецца).
Такім чынам, «нявыкананым абавязаннем» аказалася абарона краіны. Падлетку не далі адмовіцца ад грамадзянства, бо ён не адслужыў у войску — хоць ён яшчэ і не мусіў служыць, бо не дасягнуў 18 гадоў.
Абавязак не роўны абавязанню
Бацькі падалі скаргу ў ваенкамат Брэсцкай вобласці, але 19 снежня ім прыйшла адмова і адтуль. Тады Яраслаў і яго маці падалі пазоў у суд з патрабаваннем прызнаць, што рашэнне РАУС неправамернае і абмяжоўвае правы хлопчыка, зарэгістраваць страту грамадзянства і спагнаць з АУС усе судовыя выдаткі.
Маці і адвакат сцвярджалі, што рашэнне са спасылкай на закон «Пра грамадзянства» і Канстытуцыю — неабгрунтаваны і наогул даведка з ваенкамата адсутнічае ў спісе дакументаў для выхаду з грамадзянства ў выпадку няпоўнагадовых, то-бок згоды вайскоўцаў не мусілі пытаць.
Асноўным аргументам сям'і было тое, што ў артыкуле 20 закона «Пра грамадзянства» нічога не гаворыцца пра тое, што адмовіць у выхадзе з грамадзянства можна, калі чалавек не адслужыў у войску, — там гаворыцца толькі пра «нявыкананыя абавязанні». Але абавязак і абавязанне — гэта не адно і тое ж у прававым сэнсе, даказвалі пазоўнікі. Абавязанне — гэта, у адпаведнасці з артыкулам 288 Грамадзянскага кодэкса, тое, што ўзнікае ў сілу дамовы або з прычыны нанясення шкоды, неабгрунтаванага ўзбагачэння і «з іншых прычын, пазначаных у актах заканадаўства». Напрыклад, грашовы доўг — гэта абавязанне. То-бок для ўзнікнення абавязання патрэбныя нейкія дзеянні чалавека, падзеі, умовы.
Пры гэтым служба ў войску і абарона краіны ў Канстытуцыі і заканадаўстве называюцца менавіта «абавязкам». «Профільны» закон таксама носіць назву «Пра вайсковы абавязак і вайсковую службу» — не «Пра вайсковае абавязанне».
У РАУС з аргументамі сям'і не пагадзіліся і патрабавалі адмовіць ім у пазове. А якой думкі быў суд?
Прызыўнік маленькі, ды даражэнькі
Нягледзячы на абсурднасць сітуацыі — падлетка фактычна абвінавачваюць у невыкананні абавязку, які для яго, у сілу ўзросту, яшчэ не не надышоў — суд не абараніў правы хлопчыка, а стаў на бок уладаў. Абгрунтаванне аказалася даволі нязграбным.
Усе аргументы сям'і пра тое, што абавязанне і абавязак — розныя рэчы і вайсковы абавязак да абавязанняў не мае ніякага дачынення, суд фактычна праігнараваў — назваў неабгрунтаванымі, але не абгрунтаваў адваротнага. Пры гэтым спаслаўся, як і ваенкамат, папросту на Канстытуцыю:
«Спасылка заяўніка на палажэнні арт. 288 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая вызначае паняцце абавязання і прычыны яго ўзнікнення, не з’яўляецца прававой падставай для задавальнення скаргі, бо ў сілу арт. 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Ш., з’яўляючыся прызыўніком, абавязаны выканаць перад Рэспублікай Беларусь вайсковы абавязак, якім карэспандуе права Рэспублікі Беларусь у асобе вайсковага камісарыята патрабаваць ад яго ягонага выканання».
Як відаць, суд трактуе Асноўны закон вельмі вольна — фактычна, прыпісвае яму словы пра прызыўніка, якіх там няма. У Канстытуцыі не гаворыцца, з якога моманту ў грамадзяніна ўзнікае вайсковы абавязак, але, як вядома, служыць мусяць тыя, каму споўнілася 18 гадоў. Суд жа, па сутнасці, сцвярджае, што вайсковы абавязак узнікае разам з атрыманнем статусу прызыўніка.
А статус прызыўніка беларускія хлопчыкі набываюць ужо ў 16 гадоў — менавіта ў гэтым узросце ажыццяўляецца іх першапачатковы прыём на вайсковы ўлік і прыпіска да прызыўных участкаў (узрост плануюць падняць на год — законапраект пра гэта разглядаецца ў парламенце).
На гэтым суд і пабудаваў сваю аргументацыю: раз Яраславу ўжо больш за 16 гадоў і ён прызыўнік, прыпісаны да ўчастка, значыць, на ім ужо «вісіць» вайсковы абавязак. Якога ён ужо загадзя «не выканаў» — і няважна, што яшчэ не мусіў выконваць з прычыны няпоўнагадовага ўзросту.
«Вайсковым камісарыятам прынятае адміністрацыйнае рашэнне пра адмову <…>, бо Ш. мае нявыкананы вайсковы абавязак і не мае падставаў для вызвалення ад вайсковай службы», — гаворыцца ў рашэнні.
Элегантнае заканадаўства
Цытуючы законы для пацверджання сваёй пазіцыі, суд працягваў ігнараваць той факт, што ў іх ідзе гаворка пра вайсковы «абавязак», а выхаду з грамадзянства перашкаджаюць «абавязанні». А таксама тое, што ў заканадаўстве па пытаннях страты грамадзянства ў дачыненні да няпоўнагадовых, на якія ён спасылаецца, ніякай гаворкі пра вайсковую службу і даведкі з ваенкамата не ідзе. Ды і ў дачыненні да дарослых таксама.
Рашэнне суда грунтавалася папросту на такім «найважнейшым» прававым акце, як Пералік адміністрацыйных працэдур. Гэты пералік зацвердзіў Лукашэнка ў 2010 годзе. У ім сярод даведак, якія выдаюць ваенкаматы, ёсць пункт 20.5: «Выдача даведкі прызыўніку пра згоду на афармленне пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь і на выхад з грамадзянства Рэспублікі Беларусь». Выходзіць, што вось так — не на ўзроўні асноўных законаў, а ўвядзеннем пункта ў пералік працэдур — было замацавана, што прызыўнікам, якія хочуць з’ехаць на ПМЖ за мяжу ці выйсці з грамадзянства, трэба атрымаць згоду ваенкамата.
«Паколькі Ш. з’яўляецца прызыўніком, РАУС падчас разгляду заявы пра рэгістрацыю страты ім грамадзянства Рэспублікі Беларусь правамерна ў адпаведнасці з п. 20.5 Пераліку адміністрацыйных працэдур была запатрабаваная даведка пра згоду ваеннага камісарыята, які, у сваю чаргу, таксама абгрунтавана прыняў і разгледзеў заяву Ш. пра ажыццяўленне вышэйназванай адміністрацыйнай працэдуры», — гаворыцца ў матываванні рашэння Брэсцкага абласнога суда.
Сям'і адмовілі ў задавальненні скаргі. Відаць, пакуль Яраслаў не адслужыць у войску ці не будзе зняты з вайсковага ўліку, перастаць быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь яму не ўдасца.
Чытайце таксама


