У Беларусі працягвае зніжацца колькасць шлюбаў. Пра гэта сведчаць звесткі Міністэрства юстыцыі.
У 2023 годзе ў Беларусі зарэгістравалі больш за 56 тыс. шлюбаў — дакладнай лічбы ў ведамстве не прывялі. Для параўнання, у 2022-м іх заключылі 57,9 тыс., то-бок 6,3 на тысячу насельніцтва, у той час як у 2017-м было 66,2 тыс. (каэфіцыент 7).
У прэс-службе Мінюста таксама адзначылі, што беларусы ахвотна карыстаюцца дадатковымі платнымі паслугамі ЗАГСаў, у тым ліку калі ўрачыстасці праводзяцца паводле індывідуальных сцэнараў. Да прыкладу, у горадзе Глыбокае адбылося «Вішнёвае вяселле» падчас штогадовага свята «Вішнёвы фестываль», а ў Нароўлі арганізавалі «міліцэйскае вяселле», калі маладыя (супрацоўнікі міліцыі) бралі шлюб у форменным абмундзіраванні.