Грамадзянін Беларусі затрыманы ў Варонежы за падпал цягавай электрападстанцыі ў Туле. Пра гэта ТАСС паведамілі ў Цэнтры грамадскіх сувязяў (ЦГС) ФСБ.
«Федэральнай службай бяспекі ў Варонежы затрыманы грамадзянін Рэспублікі Беларусь 1998 года нараджэння, які мае дачыненне да падпалу 6 лютага 2024 года ў горадзе Тула цягавай электрападстанцыі АТ „Тульскія гарадскія электрасеткі“ на заданне ўкраінскіх спецслужбаў», — заявілі ў ЦГС.
У дачыненні да беларуса распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 281 КК РФ (Дыверсія). Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Паведамляецца, што мужчына раней быў судзімы за хуліганства з ужываннем зброі, выбуховых альбо гаручых рэчываў.
«Пасля адбыцця пакарання ў студзені 2024 года ён праз неаднаразова судзімага за ўчыненне крадзяжоў у Маскве грамадзяніна Украіны Данько Атары Барысавіча, які пражывае ў Харкаве, 1970 года нараджэння, на мянушку Грыша Маскоўскі завязаў кантакт з супрацоўнікам украінскіх спецслужбаў на імя Юрый. Паводле інфармацыі ФСБ, ён паставіў беларусу задачу за грашовую ўзнагароду здзейсніць дыверсіі і тэракты на аб’ектах цывільнай інфраструктуры РФ. 5 лютага 2024 года на заданне Юрыя фігурант прыбыў у Тулу, дзе вырабіў самаробную запальную прыладу і ажыццявіў падпал электрападстанцыі», — піша ТАСС са спасылкай на ФСБ.
У спецслужбе адзначылі, што пасля перасылкі відэасправаздачы куратару ён атрымаў на банкаўскую картку грашовыя сродкі і чарговае заданне — выехаць у Варонеж для здзяйснення падпалаў трансфарматарнай электрападстанцыі і помпавай станцыі.
«На месцы часовага знаходжання мужчыны забраныя мабільны тэлефон, які змяшчае перапіску з куратарам, і тры гатовыя да ўжывання запальныя сумесі. Усе арганізатары і суўдзельнікі злачынства, у тым ліку замежныя грамадзяне, будуць абвешчаныя ў вышук і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам», — падсумавалі ў ФСБ.