«Я была ўпэўненая, што мы ўсё жыццё пражывём у сталіцы. Купім якую-небудзь аднапакаёўку ў „Мінск Міры“ і будзем скардзіцца на чутнасць і п’яных суседзяў», — успамінае Вераніка, седзячы з шасцімесячнай дачкой на руках у прыгарадзе Рыа-дэ-Жанэйра. Яшчэ ў пачатку лютага 2022-га яны з мужам збіраліся глядзець кватэры ў мінскіх новабудоўлях, пакуль усё рэзка не змянілася і яны не трапілі за мяжу. Цяпер пара жартуе, што прыдумляць маштабныя планы баіцца, але радая, што ў іх нованароджанага дзіцяці — бразільскі пашпарт, а самі яны, відаць, атрымаюць яго праз год. Сям’я расказала блогу «Людзі», як наважылася на пераезд у паўднёваамерыканскую краіну, каб нарадзіць, як там праходзіць працэс легалізацыі і ўладкаванае жыццё. Мы перадрукоўваем гэтую гісторыю.
«Вырашылі, што можам закрыць пытанне і з дзіцем, якое вельмі моцна хацелі, і з легалізацыяй, і з базавай бяспекай»
Андрэй — 31-гадовы айцішнік, Вераніцы 27, яна па адукацыі медык. Пара жыла ў Мінску. Калі ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна, хлопца, які прайшоў вайсковую кафедру ў ВНУ, пачаў тузаць ваенкамат, дзяўчына таксама баялася, што як вайсковаабавязаную тое, што адбываецца, можа закрануць і яе. Таму ў першыя ж дні пасля ўварвання пара з’ехала з Беларусі. Яны кажуць, што пра дзяцей задумваліся ўжо даўно, але наважыліся планаваць цяжарнасць толькі ў эміграцыі.
— Калі шчыра, было страшна толькі пакуль мы жылі ў Беларусі. Усе думкі пра будучыню былі жахлівымі, — расказвае Вераніка. — На момант ад’езду мы былі жанатыя каля двух гадоў, але яшчэ з 2020-га вельмі хацелі дзіця. І ўяўлялі, як яно народзіцца і пойдзе ў дзяржаўны садок, потым у школу, універсітэт, далей гэтыя адпрацоўкі, а яшчэ палітычная сітуацыя — усё падавалася вельмі страшным. Мы ўвесь час абмяркоўвалі, як зразумеем, што час з’язджаць. Жартавалі: «Ну, калі вайна пачнецца з Расіяй, тады ўжо дакладна!» Таму, калі ўсё пачалося, нібыта стала відавочна, што рабіць.
Пасля ад’езду Андрэй з Веранікай год пажылі ў Грузіі. Спачатку яшчэ назіралі за сітуацыяй з вайной, думалі пра вяртанне ў Беларусь, але ў выніку гэтыя думкі адкінулі. З легалізацыяй там ці ў ЕС было складана, таму пачалі шукаць іншыя спосабы.
— Для нас было галоўнае — атрымаць ВНЖ ці нейкі легальны статус, ну і магчымасць адкрываць візы, бо мы не маглі нават трапіць у Еўрасаюз, — кажа пара. — Планы на дзяцей адклаліся праз экстранную рэлакацыю, і мы вырашылі, што можам закрыць пытанне і з дзіцем, якое вельмі моцна хацелі, і з легалізацыяй, і з базавай бяспекай, калі абяром краіну, дзе грамадзянства дзецям даецца па «праве зямлі». Такіх не вельмі шмат — у асноўным усе ў заходнім паўшар'і. З шорт-ліста даступных нам без візаў і дадатковых умоваў — Аргенціна, Бразілія, Перу і Эквадор. Выбіралі паміж першымі дзвюма.
У Аргенціну не паехалі, бо туды ішоў вялікі наплыў расіян, і гэта вельмі павялічыла тэрміны легалізацыі для замежнікаў, ускладніла яе працэс. А яшчэ ў Андрэя па каўчсёрфінгу былі сябры-бразільцы, якія патлумачылі, як тут усё працуе, дапамаглі з уладкаваннем на месцы. Яшчэ вабіў клімат — хацелася быць побач з цёплым акіянам. Ну і калі ў Аргенціне грамадзянства дзіцяці прысуджаюць праз суд, усё можа доўжыцца да двух-трох гадоў, то ў Бразіліі гэта адміністрацыйная працэдура, пашпарт можна атрымаць праз паўгода. Таму мы добра вывучылі пытанне і пасля гэтага ўжо цяжаралі.

У сакавіку 2023-га беларусы прыляцелі ў Бразілію як турысты. Вераніка тады была на чацвёртым месяцы — хацела прыляцець як мага раней, пакуль яшчэ не быў заўважны жывот. Каб пераехаць, сям'і давялося сабраць трохі грошай, хоць пазней яны заўважылі, што жыць у гэтай краіне для іх фінансава камфортней, чым у Грузіі.
— Чамусьці здавалася, што мяне цяжарную могуць не пусціць. У лютым 2023-га ў Аргенціне было некалькі скандалаў, калі цяжарных затрымлівалі ў аэрапорце. Але тут яны самі малайцы: едуць групамі, паўсамалёта — жанчыны з жыватамі. Калі на пашпартным кантролі шостая пасажырка запар прычынай уезду называе турызм, а ў яе вялізны жывот, у памежнікаў узнікаюць пытанні. Ды і аргенцінцы на форумах пісалі, маўляў, гэтыя рускія панаехалі. Гэта выклікала ў нас дадатковыя страхі, таму я вырашыла паехаць як мага раней. Ну і хацелася хутчэй запісацца ў мясцовую паліклініку, — успамінае Вераніка.
Білеты ў адзін бок з Тбілісі на дваіх каштавалі 1300 даляраў, яшчэ каля 1000 даляраў мы ўклалі ва ўладкаванне дома, бо жыллё мясцовыя здаюць пустым. Яго знялі на Airbnb — месячная арэнда дома каштуе блізу 250 даляраў, а ў Грузіі мы 400 плацілі за кватэру. У Рыа арэнда дарагая, вядома, — звычайна прыезджыя жывуць там, бо блізка акіян. Ну і яшчэ ў сталіцы праз тое, што прыязджае шмат цяжарных расіянак, у радзільнях пачалі забараняць нараджаць без перакладчыка, а гэта +700 даляраў. Таму мы вырашылі паехаць у горад, дзе пра замежнікаў мала чулі.
Беларусы пасяліліся ў Петраполісе, там жыве каля 300 000 чалавек. Андрэй жартуе, што да цэнтра Рыа-дэ-Жанэйра ім як з Фаніпаля або Дзяржынска да Мінска: каля 50 хвілін на аўтобусе.
— Горад заснаваны нямецкімі перасяленцамі з XIX стагоддзя, пабудаваны ў даволі еўрапейскім стылі, тут вельмі прыгожа. Ён больш у гарах, тут не так горача. Вакол вельмі прыемныя людзі. Ведаеце, як у Грузіі мясцовыя імкнуцца табе дапамагчы да апошняга, калі не могуць самі, знойдуць чалавека, які дапаможа. У Бразіліі тое ж самае — усе адкрытыя, прыязныя. Можна з кімсьці пазнаёміцца і праз тыдзень ужо пайсці да іх на дзень нараджэння ўсёй сям’ёй. Гаспадары дома да нас з вялікай цікавасцю паставіліся — нас тут ужо ўсе ведаюць і на вуліцы, і ў крамах, пытаюць, як маецца малая, прапануюць дзесьці сустрэцца ў горадзе. Мясцовыя жыхары вельмі спакойна рэагуюць на тое, што замежнікі нараджаюць тут дзяцей. Нават радуюцца: «Яшчэ адзін бразілец з’явіўся!» Называюць нас новай бразільскай сям’ёй, — кажа Андрэй. — Яны вельмі патрыятычныя і вельмі радыя, калі замежнікі наогул выбіраюць іх краіну. Нават трохі дзівяцца, калі хтосьці цікавіцца іх культурай.
— Нашыя новыя сябры арганізавалі для нас «бэйбі шаўэр» — вечарынку ў гонар будучага дзіцяці, — дадае Вераніка. — У іх ёсць традыцыя: калі ў кампаніі даведаюцца пра цяжарнасць жанчыны, для яе збіраюць таемную вечарынку, дораць кучу рэчаў, адзення, дзіцячай касметыкі, памперсаў. Гэта было для мяне абсалютным сюрпрызам! Мы жывём на невялікай вуліцы, усе ў асноўным адно аднаго ведаюць. Калі з’явілася дзіця, суседзі з дзесяці найбліжэйшых дамоў нам неслі і памперсы, і дзіцячую вопратку, і прысмакі. І самі падгузнікі мы ўпершыню купілі, напэўна, калі малой было ўжо два-тры месяцы.
«У нейкі момант дактары нават вырашылі, што я нямая, бо мне задавалі пытанні, а я проста адмахвалася»
Вераніка расказвае, што і вядзенне цяжарнасці, і роды, і знаходжанне ў бальніцы ў Бразіліі для яе былі бясплатнымі. Таму фінансавае пытанне ў гэтым плане сям’ю не хвалявала — больш перажывалі за камунікацыю з медыкамі.
— Першы час мы размаўлялі праз перакладчык, потым ужо вывучылі іх пытанні і ведалі, як адказваць. Спачатку мне было вельмі трывожна — баялася, што яны няправільна ацэньваюць паказчыкі на УГД, што па-іншаму вядуць цяжарнасць, — кажа маладая мама. — Я ўвесь час кансультавалася са сваімі знаёмымі беларускімі гінеколагамі. Але мясцовыя дактары ў асноўным усё тлумачылі. Наогул, тут яны не сутыкаліся з замежнікамі, і многія, асабліва маладыя, палохаліся, спрабавалі паклікаць кагосьці англійскамоўнага. Да нас любілі хадзіць студэнты, якія хацелі папрактыкаваць англійскую, пыталі пра краіну, нашае рашэнне пераехаць. Мы больш цікавасці бачылі, чым асуджэння.

Пара пайшла на партнёрскія роды ў мясцовы дзяржаўны шпіталь. У Андрэя добрая англійская, а Вераніцы, каб мінімальна размаўляць, хапала базавага ўзроўню. У Бразіліі гавораць на партугальскай — камунікаваць падчас родаў давялося на ёй. Цяпер узровень Андрэя — паміж А2 і B1, Веранікі — каля А2, але тады пара мову яшчэ толькі вучыла.
— Я тады папярэдзіла мужа, што ўсе зносіны з медперсаналам — на ім. Андрэй займаўся з выкладчыкам і асобна браў урокі на тэму родаў. У нейкі момант дактары нават вырашылі, што я нямая, бо мне задавалі пытанні, а я проста адмахвалася, — смяецца Вераніка. — А партнёрскія роды тут паўсюдныя, па законе кожная жанчына мае права на прысутнасць аднаго партнёра як на родах, так і на кесараве. Жанчыны доўга за гэта змагаліся — гэта такі крок супраць акушэрскай агрэсіі. Толькі ў законе прапісаны адзін суправаджальнік, таму, калі браць перакладчыка, магчыма, камусьці з іх давядзецца сысці, таму мы і не хацелі нараджаць у Рыа. Так муж быў са мной на ўсіх этапах — ад паступлення да выпіскі. Жанчыны знаходзяцца ў радзільні 48 гадзін, і ўвесь гэты час мужы могуць быць з імі. У пасляродавай палаце для маці стаіць вялікі функцыянальны ложак і невялікая кушэтка для суправаджальніка, для іх таксама бясплатнае харчаванне.
Параўнаць роды ў Бразіліі з тым, як яны праходзяць у Беларусі, Вераніка паўнавартасна не можа. Але кажа, што адчула велізарную розніцу ў стаўленні медыкаў і ў падыходах, якія выкарыстоўваюцца ў гэтай краіне.
— У Беларусі роды — гэта нешта вельмі страшнае, у нас вельмі высокі ўзровень акушэрскай агрэсіі нават у Мінску, я пра гэта ведаю як медык. А тут — палітыка мінімальнага ўмяшання, у бясплатных радзільнях, напрыклад, наогул не прадугледжаная анестэзія. У нас, калі прыходзіць пэўны тэрмін, жанчыне даюць таблеткі для стымулявання, яны не спрацоўваюць, ёй праколваюць пухір, потым ставяць аксітацын, а пасля вязуць на экстраннае кесарава, бо нічога не атрымалася. У Бразіліі да апошняга чакаюць натуральных схопак. Мне за ўвесь час, што яны доўжыліся, напэўна, ніводнага ўколу не зрабілі, нават кропельніцы не ставілі. Усё было максімальна натуральна. Дактары ў асноўным стаялі побач і глядзелі.
У Беларусі і краінах СНД наогул прынята вучыць жанчын нараджаць — ім расказваюць, калі можна тужыцца, калі нельга. Беларускія акушэры-гінеколагі, доўлы лічаць, што жанчына можа няправільнымі паводзінамі ў родах нашкодзіць дзіцяці — у Бразіліі такога няма. Я чакала чагосьці такога, вывучала лексіку на гэтую тэму. А ў іх нават няма такога паняцця. Тут лічыцца, што як жанчыне хочацца сябе паводзіць у родах, у які момант тужыцца, значыць, так і правільна для яе. Мясцовыя дактары не супраць розных позаў падчас родаў. Тут і вертыкальныя практыкуюць, і на кукішках — як заўгодна. Я не рызыкавала і ляжала на ложку.

Як заўважыла Вераніка, пры гэтым у бразільскіх бясплатных радзільнях у палатах можа быць шмат пацыентаў, гэта спачатку было нязвыклым.
— У нас было шэсць жанчын, з імі суправаджальнікі і дзеці. Але кожны — за перагародкай, ёсць такая ілюзія прыватнасці. Хоць за час у Бразіліі мы прывыклі, што тут вельмі адкрытае стаўленне да груднога кармлення — жанчына выходзіць ад доктара, на хаду задзірае майку і прыкладвае дзіця да грудзей. Яны кормяць на прыпынках, у супермаркеце, проста на бардзюры, калі дзіця заплакала. Таму я думала, што буду саромецца, але тады мне было на іншых людзей, чужых мужоў, калі шчыра, наогул пляваць. Ну і калі прыходзілі дактары на агляды або кансультанты па грудным кармленні, усе суправаджальнікі выходзілі, таму ў такія моманты інтымнасць была, — тлумачыць яна.
«Мы смяёмся, што ў будучыні дачка тэарэтычна можа стаць прэзідэнткай Бразіліі»
У радзільні беларусам уручылі сертыфікат пра нараджэнне дзіцяці. Для гэтага пара загадзя сабрала дакументы: свае пасведчанні пра нараджэнне, пра шлюб з апастылем і пашпарты, пацверджанне арэнды жылля — усё з перакладам на партугальскую. Праз пару тыдняў пасля выпіскі паехалі ў мясцовы аналаг пашпартнага стала і атрымалі пашпарт дачкі.
— Яна — паўнапраўная грамадзянка Бразіліі, ёй не трэба пацвярджаць свой статус, — кажа Андрэй. — Мы смяёмся, што ў будучыні дачка тэарэтычна можа стаць прэзідэнткай. Калі ўсміхаецца на вуліцы камусьці, жартуем: «Што, хочаш пайсці да сваіх, да бразільцаў?» Вялікі плюс, дарэчы, што пашпарт Бразіліі значна мацнейшы за беларускі. Каля 170 краін, куды не патрэбная віза, у тым ліку ў ЕС (бязвізавы ўезд — у 131 краіну, яшчэ 38 дзяржаваў даюць візу па прыбыцці. — Заўв. рэд.), ЗША прасцей выдае бразільцам візы, ну і Партугалія дае пэўныя льготы для атрымання ВНЖ.
Цяпер у беларускай пары — пажыццёвы від на жыхарства ў Бразіліі. Вераніка дадае, што пашпарт для дачкі было атрымаць значна прасцей.
— Да тых дакументаў, што і на дакументы дачцэ, нам для ВНЖ яшчэ патрэбная была парачка заяваў, якія спампоўваюцца з сайта, і даведка пра несудзімасць — гэта аказалася самым складаным. Людзі, якія ў Бразіліі дапамагаюць з падачай, займаюцца расіянамі, і ў РФ тры консульствы, а нашая амбасада вельмі далёка — за 1000 км, у сталіцы, горадзе Бразіліа. Ехаць па адну даведку пра несудзімасць было вельмі далёка, а я на апошніх тэрмінах… У выніку зрабілі бразільскую даверанасць на Андрэя, і ён атрымаў даведкі за нас абаіх. Нам вельмі дапамог памочнік беларускага консула, ён нават размаўляў з супрацоўнікамі юрыдычнай канторы ў нашым горадзе, спрабаваў растлумачыць ім, якія дакументы нам выдаць. Вельмі прыемныя людзі ў нашым консульстве працуюць, як ні дзіўна, — дадае маладая мама.
— Быў і іншы нервовы момант: беларусам можна знаходзіцца тут 90 дзён, потым трэба падоўжыць яшчэ на такі ж тэрмін. Мы рана прыехалі, таму ў нас роды былі ўпрытык да канца дазволенага тэрміну — дзесьці на 160−170-ы дзень, таму мы адразу пасля родаў вельмі спяшаліся падаць дакументы, каб не «праштрафіцца». І нарадзіць пазней я вельмі баялася. Але мы паглядзелі, што, калі нават спознімся, штраф — 50 беларускіх рублёў за дзень на чалавека, таму за тыдзень мы б аддалі каля 300 даляраў. А адсюль нікога не дэпартуюць, таму непрыемна, але не смяротна.
Калі малой споўніцца год, Вераніка і Андрэй пададуць дакументы на мясцовае грамадзянства па ўз'яднанні сям'і. Ужо цяпер у іх ёсць дазвол на працу ў Бразіліі, роўныя з мясцовымі жыхарамі сацыяльныя правы, а медыцына ў краіне бясплатная для ўсіх, у тым ліку для турыстаў.
— Недахоп базавай бяспекі з беларускім пашпартам — асноўны матыў атрымаць іншае грамадзянства. Цяпер я склала нашыя пашпарты ў пакеты, мы іх не дастаём, каб не дай бог чаго не здарылася. Пасля падачы дакументаў нам трэба будзе здаць моўны экзамен і прайсці інтэрв'ю. Андрэй будзе здаваць сур’ёзны тэст, а я для сябе знайшла прасцейшы выхад: можна скончыць у вечаровай школе праграму 9-га класа, здаць тэст — і сертыфікат пра заканчэнні бразільскай сярэдняй школы залічыцца за веданне мовы. Чаканне рашэння па грамадзянстве доўжыцца ад паўгода, верхняй планкі тут няма. Дарэчы, многія пары выбіраюць Бразілію для родаў, бо тут браты і сёстры нованароджанага таксама маюць права атрымаць грамадзянства па спрошчанай схеме, як і бацькі. І людзі так атрымліваюць пашпарты і старэйшым дзецям, — удакладняе Вераніка.
Я магу сказаць, што ў мяне пачуццё бяздомнасці, якое з’яўляецца ў многіх, хто з’ехаў з краіны, наадварот, прайшло, калі мы з’ехалі з Беларусі. Для нас у Мінску заўсёды востра стаяла пытанне з купляй сваёй кватэры, пераездамі — гэта ўсё падавалася страшным і немагчымым. А калі пачалася вайна, мы нібыта змірыліся з думкай, што, магчыма, ніколі і не будзем мець свайго жылля і ўсё жыццё давядзецца жыць у арандаваных кватэрах. І мы перасталі бачыць у гэтым небяспеку. Разумеючы, што ў нас ёсць нейкі базавы даход, нейкая адкладзеная сума, нядрэнныя спецыяльнасці і сем'і, якія нас падтрымліваюць, стала прасцей.
«Заўсёды разглядаемся, стараемся каштоўныя рэчы ці пакідаць у нумары, ці запіхваць глыбока ў кішэні»
Найбліжэйшыя некалькі гадоў сям’я дакладна будзе жыць у Бразіліі. Як складзецца жыццё далей, яны пакуль не загадваюць, бо яшчэ паўтара года таму нават не ўяўлялі, дзе апынуцца. Таму пакуль разглядаюць розныя варыянты і расказваюць, што ім падабаецца на новым месцы.
— Для дзіцяці шмат плюсаў: і прырода, і вялікая разнастайнасць і якасць гародніны, садавіны, яны танныя. Шмат мясных, малочных прадуктаў. Бразільцы, дарэчы, лічаць, што славяцца сваёй згушчонкай і што смачнейшай нідзе няма (смяецца)! У іх вельмі традыцыйная ежа, яны вельмі бульбяная краіна — таксама лічаць гэта сваёй фішкай. Я наогул думала, што тут краіна «трэцяга свету», але ў нашых сяброў — цэлы паверх для бара і барбекю! — кажа Вераніка.
— Бразілія — вельмі розная. Калі не ездзіць у Рыа, Сан-Паўлу, большасць іншых гарадоў бяспечная, чыстая і прыгожая, падыходзіць для жыцця. Тут шмат рэгіёнаў з добрым узроўнем жыцця. Большасць нашых бразільцаў нашмат багацейшая, чым мы, — працягвае Андрэй. — Тут дамы з вялізнымі басейнамі, вілы. Мы цяпер жывём практычна ў цэнтры горада, але вакол нас горы, такія джунглі, да нас на дах можа малпа залезці! Клімат, прырода, вядома, проста шалёна прыгожыя. Фантастычныя пляжы, рэльеф: горы ля акіяна і вельмі белы пясок. Жыць ля акіяна — гэта, напэўна, велізарная прывілея. Мы яшчэ хочам з’ездзіць у больш дзікія курортныя месцы, дзе плытка і бірузовая вада, як на Карыбах. Бо ў самім Рыа досыць глыбокае дно, вялікія хвалі, і самі бразільцы асабліва не плаваюць.
Звыклыя да тых самых чыстых мінскіх вуліц, на якіх заўсёды акцэнтуюць увагу ў нашай краіне, беларусы, вядома, заўважаюць у бразіліі і мінусы. Але пакуль, жывучы ў месцы з адным з самых высокіх узроўняў злачыннасці, пра крымінальныя гісторыі толькі чулі.
— З негатыўнага — напэўна, ёсць нейкае раздзяўбайства, усё трошкі неабавязковае, зробленае на адчапіся, — кажа Андрэй. — У нейкіх месцах вельмі брудна, шмат бяздомных. Ну і трохі яшчэ ёсць страх за бяспеку, асабліва ў Рыа — заўсёды разглядаемся, каб ззаду матацыклістаў не было, стараемся каштоўныя рэчы ці пакідаць у нумары, ці запіхваць глыбока ў кішэні. Пры гэтым неяк я забыў тэлефон у шапіку — мясцовая жанчына мяне дагнала і яго вярнула. Магчыма, цяпер у Рыа нашмат бяспечней — турыстычныя раёны ахоўваюцца. Сябры кажуць, што дзесяць гадоў таму ў горадзе было значна страшней. Там мы б не рызыкнулі і цяпер шпацыраваць ноччу, а ў сваім горадзе спакойна гэта робім.
— У цэлым я разумею, што асцярогі людзей хутчэй апраўданыя, — дадае Вераніка. — Перыядычна ў чатах чытаем, як у кагосьці нешта сцягнулі на пляжы. У асноўным — дробныя рабаванні, пра гвалтоўныя злачынствы пакуль не чулі. Нейкія падлеткі, дзеці выхопліваюць тэлефоны, але гэта, напэўна, у любым турыстычным горадзе так. Асабіста мяне палохае ў гэтай краіне вялікая колькасць наркотыкаў, асабліва ў школах, універсітэтах. Неяк мы сядзелі з сябрамі на верандзе, міма нас прайшла жанчына — як мне падалося, п’яная. Сябры патлумачылі, што яна крэкавая наркаманка. Гэта адзін з пунктаў, чаму мы моцна сумняваемся, што рабіць з адукацыяй дачкі, нават з пачатковай школай.
У цэлым жа пакуль, жывучы ў сонечным месцы ля акіяна, у іншым паўшар'і, беларусы задаволеныя тым, як павярнулася іх жыццё. Але ці раяць іншым спрабаваць ехаць у гэтую краіну, каб завесці дзіця там і легалізавацца?
— Час ад часу мы пракручваем нейкія сцэнары, як бы магло ўсё скласціся, і разумеем, што тое, як усё цяпер ёсць, — найлепшы з магчымых варыянтаў, які мы маглі сабе дазволіць, — кажа Андрэй. — Думаючы пра тую ж Польшчу, мы баяліся, што будзе вельмі дорага і з арэндай, і з нараджэннем дзіцяці, таму адкладалі б цяжарнасць яшчэ гадоў на пяць.
— Я б сказала, што Бразілія — добры варыянт для людзей, якія не прывязаныя да часу і не знервуюцца, калі раптам «міграцыёнка» іх справу зацягне на год-два, — лічыць Вераніка. — Бо некаторыя прыязджаюць сюды і кажуць: «Не, у вас тут брудна, небяспечна, яшчэ і камары кусаюцца — для мяне гэта невыносна». Чакаюць атрымання дакументаў і з’язджаюць. Калі ў чалавека абмежаваныя рэсурсы па грашах, часу, яму не варта ехаць сюды. Ну і зноў жа, калі ў пары праблемы ў адносінах, заводзіць дзіця ў іншай краіне, асабліва без легальнага статусу, — гэта вельмі страшна. Людзям са стабільнымі адносінамі, людзям, больш-менш свабодным, якія могуць карэктаваць свае планы, банальна падладзіць працоўны час пад гадзінны пояс, Бразілія падыдзе.
Чытайце таксама