Суд Савецкага раёна Гомеля 1 лютага пачне разглядаць справу пра разгалошванне медыцынскай таямніцы. Судзіць будуць поўных цёзак начальніка Гомельскай памежнай групы Уладзіслава Бруева і начальніка аддзела кадраў Гомельскай памежнай групы Аляксандра Вайнова, піша «Флагшток».
Абвінавачаных будуць судзіць па ч. 1 арт. 178 КК Беларусі (Наўмыснае разгалошванне медыцынскім, фармацэўтычным ці іншым работнікам без прафесійнай або службовай неабходнасці звестак пра наяўнасць захворвання, дыягназ або вынікі медыцынскага агляду пацыента). За гэта прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу ці пазбаўлення права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю.
Паводле інфармацыі сайта Дзяржпамежкамітэта, Бруеў сёння працягвае лічыцца начальнікам Гомельскай памежнай групы. Паколькі злачынства, у якім яго, магчыма, абвінавачваюць, «не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі», ён можа знаходзіцца на волі і працаваць, чакаючы прысуду суда.
У чэрвені 2023 года Уладзіслаў Бруеў стаў «Чалавекам года» ў намінацыі «Служу Айчыне».
Бруеў — ураджэнец украінскага Харкава. Акрамя памежнага факультэта Вайсковай акадэміі РБ Бруеў праходзіў навучанне таксама ў Акадэміі Федэральнай службы бяспекі РФ. Гомельскую памежную групу Уладзіслаў Бруеў узначальвае са снежня 2017 года. Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны быў уключаны ў санкцыйны спіс Украіны, Еўрасаюза, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Канады, Новай Зеландыі як адказны за дзеянні, якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны.