Суд Драгічынскага раёна асудзіў на 15 сутак арышту былога журналіста і палітвязня Сяргея Гардзіевіча, піша «Першы рэгіён».
Пастанову Гардзіевічу 26 студзеня вынесла суддзя Юлія Кукса. Вядома, што пратакол на экс-журналіста за рэпост артыкула з сайта «Ганцавіцкі час» 11 лістапада 2023 года склаў супрацоўнік РАУС.
«Той факт, што свой акаўнт „ВКонтакте“ Сяргей Гардзіевіч выдаліў яшчэ ў лістападзе 2023 года, суддзя Юлія Кукса не прыняла да ўвагі. Гэтак жа як і пісьмовыя доказы: два дакументы ад Мінінфарма, якімі ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу быў апавешчаны пра блакаванне. Яны датаваныя 15 лістапада 2023 года», — паведамляе выданне.
Нагадаем, Сяргей Гардзіевіч супрацоўнічаў з парталам «Першы рэгіён». У 2021 годзе ён быў асуджаны па трох артыкулах КК за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў міліцыі і паклёп. Сваёй віны журналіст не прызнаў. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 1,5 года пазбаўлення волі. Быў прызнаны палітвязнем. Выйшаў на волю ў канцы кастрычніка 2022 года.
У верасні мінулага года Гардзіевіча затрымалі, калі ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы. Пазней яго выпусцілі на волю.