Складаная сітуацыя склалася на польскім баку памежнага пераходу «Тэрэспаль — Брэст» на польска-беларускай мяжы. Праз тое, што чарга аўтамабіляў у напрамку Беларусі перавышае ўсе магчымыя межы, людзі на нервах. Некаторыя спрабуюць купіць сабе месца бліжэй і спрабуюць уклініцца ў чаргу, што нярэдка робіцца прычынай канфліктаў, піша «Віртуальны Брэст».
У сувязі з ажыятажным попытам цэны ў чарзе ў апошнія дні значна выраслі. Некаторыя «пачакуны» прадаюць свае месцы і за 100 даляраў, хоць звычайна «такса» значна меншая.
Як піша «Віртуальны Брэст», знаходзяцца і тыя, хто адстойвае сваё месца і нікога не прапускае. Людзі выходзяць на дарогу і блакуюць праезд ахвочым уклініцца, пры гэтым узнікаюць бойкі. Паліцыя калі і прыязджае, то ненадоўга. Шмат хто ў шоку ад таго, што адбываецца. Такой вялікай колькасці аўтамабіляў на ўезд у Беларусь не было даўно, адзначае выданне.
Паводле звестак сэрвісу Granica.gov.pl на раніцу 21 снежня, у пункце пропуску «Тэрэспаль» сярэдні час чакання на выезд у Беларусь складае для легкавікоў 7 гадзін 14 хвілін. Пры гэтым на беларускім баку чэргаў на выезд у Польшчу няма, перадае Дзяржпамежкамітэт.