У Беларусі хочуць адрэдагаваць Кодэкс аб адукацыі. Чыноўнікі плануюць у тым ліку ўвесці змены па пераразмеркаванні, а таксама адкарэктаваць тэрміны навучання вучняў дзясятых класаў. Пра гэта стала вядома з абгрунтаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, у якіх гаворыцца пра неабходнасць падрыхтаваць законапраект.
Што збіраюцца адкарэктаваць для школьнікаў
Улады хочуць, каб навучальныя заняткі ў дзясятых класах праходзілі з 1 верасня да 25 траўня. «Гэта дазволіць навучальна-палявыя зборы праводзіць да пачатку летніх канікул», — лічаць чыноўнікі. Для гэтага хочуць унесці адпаведныя змены ў артыкул 150 «Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі». Цяпер у гэтым дакуменце прапісана, што навучальны год доўжыцца да 31 траўня.
Што могуць змяніць у пераразмеркаванні
Чыноўнікі сярод іншага хочуць пашырыць спіс напрамкаў адукацыі, па якіх падчас размеркавання трэба атрымаць узгадненне вышэйшай арганізацыі (або мясцовага выканаўчага і распарадчага органа). Гэта датычыць таксама перанакіравання на працу. «Аналагічнае ўзгадненне пераразмеркавання, перанакіравання на працу будзе прадугледжанае для ўсіх іншых выпускнікоў, маладых спецыялістаў, размеркаваных, накіраваных на працу ў сельскія населеныя пункты», — удакладняецца ў абгрунтаванні Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.
Ураду хочуць даць паўнамоцтвы на тое, каб вызначаць іншыя выпадкі пераразмеркавання, перанакіравання на працу, вызвалення ад працы і ад кампенсацыі сродкаў у бюджэт. Пра якія сітуацыі канкрэтна можа ісці гаворка, не ўдакладняецца.
Змяненне для прадпрымальнікаў
Таксама ўлады хочуць выключыць індывідуальных прадпрымальнікаў з ліку «суб'ектаў адукацыйных адносін з раздзелаў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Кодэкса Беларусі аб адукацыі». Відавочна, у выпадку прыняцця гэтай прапановы ІП не змогуць аказваць паслугі па дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. «Практыка прымянення заканадаўства пра ліцэнзаванне паказала, што ні адзін індывідуальны прадпрымальнік Беларусі не змог забяспечыць выкананне даліцэнзійных і ліцэнзійных патрабаванняў да адпаведных адукацыйных праграм», — гаворыцца ў абгрунтаванні.
Магчымае новаўвядзенне па білетах на экскурсіі
Таксама прадугледжваецца ўвядзенне механізму фінансавання набыцця для навучэнцаў білетаў на экскурсіі і іншыя мерапрыемствы за кошт сродкаў бюджэту. Падрабязнасці гэтай ініцыятывы не паведамляюцца.
Чытайце таксама