Матывам беларуса, якога затрымала ФСБ Расіі па падазрэнні ў дыверсіі на БАМе, былі карыслівасць, а таксама перакручаныя каштоўнасці і свядомасць, заявіў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Тэртэль, піша БЕЛТА.
«Я пацвярджаю гэты факт. Гаворка ідзе пра нашага грамадзяніна, жыхара віцебскага рэгіёна, былога працаўніка „Нафтана“, які быў звольнены ў снежні 2020-га за датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці. Матывы перш за ўсё карыслівыя. Яму выплацілі пэўныя сумы, яшчэ большыя былі абяцаныя. Акрамя таго, матывам стала перакручаная свядомасць і перакручаныя ўяўленні і каштоўнасці», — сказаў Тэртэль.
Паводле яго, вярбоўка беларуса, як і некаторых іншых нашых суграмадзян, ажыццяўлялася ўкраінскімі спецслужбамі дыстанцыйна.
Цяпер, дадаў старшыня КДБ, над затрыманым беларусам ідзе следства. «Мы таксама бяром у гэтым удзел і разбіраемся ў сітуацыі з улікам таго, што гэта наш грамадзянін. Асобныя моманты, каб не нашкодзіць следству, раскрыць не магу. Але хацеў бы нашых грамадзян папярэдзіць, што гэта сур’ёзнае злачынства. Паводле расійскага заканадаўства, пакаранне аж да пажыццёвага. А ў нашым выпадку гаворка ідзе пра смяротнае пакаранне. Гэта асабліва цяжкія злачынствы, хачу папярэдзіць нашых грамадзян, што ні адно з іх не застаецца нераскрытым», — заявіў ён.
Нагадаем, увечары 29 лістапада на перагоне Ітыкіт — Акусікан падчас руху па тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка, у склад якога ўваходзіла 41 цыстэрна з палівам, тры з авіяцыйным палівам і шэсць вагонаў з чорным металам.
Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, які рухаўся аб’язным шляхам. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў.
Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМа кваліфікавалі як тэракт.
7 снежня ФСБ Расіі паведаміла пра затрыманне ў Омску падазраванага ў тэракце грамадзяніна Беларусі, які «даў прызнальныя паказанні пра працу пад кантролем украінскіх спецслужбаў».
На судзе стала вядома, што мужчыну завуць Сяргей Ерамееў, яму 52 гады. Ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік, мае двух малагадовых дзяцей, раней судзімы не быў. У Расіі ў яго няма пастаяннага месца рэгістрацыі.
Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы ваенных грузаў.
— Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы <…>. Галоўная мэта была — перашкодзіць руху, — сказаў ён.
У выніку суд арыштаваў беларуса да 30 студзеня 2024 года.