Сілавікі затрымалі двух мужчын, якіх называюць «арганізатарамі сэрвісу па ананімных лістах» для палітвязняў. Відэа з імі з’явілася ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя — Ігар Углік і Аляксандр Лыкшын. Углік, як адзначылі ў «Вясне», мае інваліднасць.
«Іх затрымалі прыкладна 29 лістапада, цяпер яны знаходзяцца на Валадарцы ў межах крымінальнай справы», — паведамілі праваабаронцы.
Лыкшын сказаў, што ён заснавальнік ТАА «РегионыБай Групп», якая займаецца адпраўкай лістоў зняволеным. Рэквізіты гэтай кампаніі размешчаныя і на сайце «Письмо.бел».
На «пакаяльных» відэа мужчын прымусілі сказаць, што яны ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года.
«За сваю працу бралі грошы, то-бок у рукі сілавікоў трапіла база з заказамі, аплатнымі звесткамі, тэкстамі і рэквізітамі адпраўнікаў», — гаворыцца ў тэлеграм-канале сілавікоў.
«Адзначым, што, паводле наяўнай інфармацыі, сілавікі не змаглі атрымаць доступ да сэрвісу, хоць у сваім відэа яны сцвярджаюць адваротнае. А ўсе асабістыя звесткі тых, хто дасылае лісты, захоўваюцца на пошце», — паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Чытайце таксама