21 верасня на нарадзе па пытаннях адукацыі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пашырыць практыку размеркавання студэнтаў. На яго думку, адпрацоўваць павінныя і платнікі, а тэрміны размеркавання бюджэтнікаў варта павялічыць з двух гадоў да пяці. Спыталі ў студэнтаў і іх бацькоў, што яны думаюць пра такую перспектыву.
Анатоль, 47 гадоў, Мінск
— Мая дачка — медалістка. Год таму паступіла ў БДУІР. Спецыяльна на платнае аддзяленне, каб не трапіць на адпрацоўку. Лічу, за навучанне мы і так плацім напоўніцу — прыкладна 1700 даляраў у год. Гэта шмат, улічваючы ўзровень заробкаў у краіне. Планы ўвесці размеркаванне для платнікаў лічу неабгрунтаванымі. Яшчэ адзін спосаб выціснуць грошы з людзей. Але дачка не хвалюецца. Кажа: чаго перажываць, папрацую — будзе хоць нейкі досвед.
Я даў бы платнікам права выбару. Калі хочуць размяркоўвацца — калі ласка. Ёсць такія спецыяльнасці, з якімі працу знайсці складана.
Пры гэтым адпрацоўку пасля бюджэтнага аддзялення лічу справядлівай. Там рыхтуюць людзей для патрэбаў дзяржавы. Я і сам у свой час адпрацаваў па размеркаванні пасля навучання, і мне спадабалася. Праўда, зарплата была такая маленькая, што праз год пайшоў у іншае месца.
Павел, 20 гадоў, Брэст
— Я разумею логіку размеркавання бюджэтнікаў — кампенсаваць дзяржаве грошы, якія яна на цябе выдаткавала. Нібыта выдаткавала. Бо грошы на адукацыю вылучаюцца з бюджэту, а бюджэт фармуецца з падаткаў. Я не разумею, якім будзе механізм уздзеяння на выпускнікоў платных аддзяленняў, якія захочуць «саскочыць» з адпрацоўкі.
Я размаўляў з хлопцамі, якія скончылі Акадэмію МУС. Яны выхваляліся: «За мяне бацькі не плацілі, у адрозненне ад вас — платнікаў». Я гляджу на яго і думаю: б**ць, твае бацькі так ці інакш заплацілі, сваімі падаткамі.
Мне маці сказала: адпрацуеш, нікуды не падзенешся. Усе адпрацоўваюць — і ты будзеш.
Аляксандр, 45 гадоў, Мiнск
— З'яўляюся бацькам абітурыента, які вельмі добра вучыўся і які зразумеў, што ў Беларусі няма куды развівацца.
Цікаўлюся палітыкай, таму, шчыра кажучы, ужо даўно чакаў навінаў пра адпрацоўку пасля ВНУ. Усё да таго шло, бо ідзе адток кваліфікаваных кадраў ужо колькі гадоў. Краіне патрэбныя рабы. Таму мы загадзя рыхтаваліся паступаць за мяжу, вучылі мовы. Нарэшце сын паступіў у Варшаўскую палітэхніку і з’ехаў. Вяртацца пры гэтай уладзе не будзе.
Думаю, будзе яшчэ шмат сюрпрызаў наконт арміі і маёмасці беларусаў. Будучыняй дзяцей рызыкаваць не хочацца.
Яўген, 30 гадоў, Мінск
— Па-мойму, адпрацоўка — гэта не так ужо дрэнна.
Я вучыўся на электрыка, у 2014 годзе па размеркаванні трапіў на Мінскі машынабудаўнічы завод. Адпрацоўка была год, і пасля заканчэння я звольніўся. І дарма. Бо новую працу знайшоў з цяжкасцю — усюды патрабавалі мінімум два гады досведу. Ведаю дзяўчыну-біёлага, якая некалькі месяцаў не магла знайсці працу, у выніку ўладкавалася ў лабараторыю ачысткі сцёкавых водаў.
Спачатку можа падацца, што праца ў брудных і непапулярных месцах — гэта праблема. Але ў выніку такі досвед можа стаць плюсам для будучай кар’еры.
Таццяна, 21 год, Магілёў
— Вучуся на бюджэце ў адной з ВНУ Магілёва. Калі ўвядуць абавязковую адпрацоўку на пяць гадоў, бачу для сябе два варыянты. Або давучваюся да выпускнога курса, пішу дыплом, але не абараняю яго — без дыплома адпрацоўваць не адправяць, але веды застануцца. Або атрымліваю дыплом, адпрацоўваю год-два для досведу, збіраю рэчы і назаўжды пакідаю краіну.
Наогул такі закон — гэта стрэл сабе ў нагу. Бо многія абітурыенты (найлепшыя) будуць папросту выбіраць для паступлення ВНУ ЕС і Расіі.
Аксана, 47 гадоў, Віцебск
— Учорашняя навіна шакавала. Многія калегі, у каго дзеці ў 10-х і 11-х класах, у роспачы.
Плаціць за навучанне, а потым яшчэ і адпрацоўваць — проста недарэчна. Чыноўнікі сцвярджаюць, што платнікі кампенсуюць толькі 50−70 працэнтаў выдаткаў на іх навучанне. Атрымліваецца, усе гэтыя гады дзяржава датавала платнікаў? Гэта дзіўна.
Напрыклад, атрымліваецца, калі гадавы кошт навучання ў БДУІР — 4590 рублёў (альбо 1300 еўра), то рэальны кошт — каля 2000 еўра. Для параўнання, кошт навучання ў дзяржаўных політэхнічных ВНУ Польшчы — каля 2000 еўра (насамрэч ёсць і даражэйшыя. Калі ў Кракаўскім універсітэце навукі і тэхналогій кошт навучання за семестр пачынаеццаад 1250 еўра, то ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце — ад 2000 еўра. — Заўв. рэд.). Ёсць таннейшыя прыватныя ВНУ.
Атрымліваецца, чыноўнікі параўноўваюць ВНУ Беларусі з ВНУ краін ЕС. Але пасля заканчэння польскай ВНУ студэнт зможа працаваць у любой краіне ЕС, няма праблем з падпрацоўкай падчас навучання, можна ездзіць па абмене ў іншыя еўрапейскія краіны, ніхто не прымушае хадзіць з чырвона-зялёнымі сцягамі і глядзець прапагандысцкія фільмы.
Мне здаецца, цяпер многія бацькі задумаюцца, ці варта плаціць у Беларусі такія грошы за навучанне. Перспектываў ніякіх, ды яшчэ і адпрацоўка за іх жа грошы. Таксама незразумела, як і куды нашая дзяржава збіраецца ўсіх размяркоўваць. З аднаго боку, яны незадаволеныя, што выпускнікі з’язджаюць, з іншага — прымушаюць бацькоў рабіць усё, каб іх дзеці з’ехалі.
Дарэчы, мой сын з’ехаў вучыцца ў Польшчу. Пасля апошніх навін думаю, што мы прынялі правільнае рашэнне. Але не ва ўсіх ёсць такія магчымасці, на жаль. Чакаем новых законаў, якія пацвярджаюць чарговым разам тое, як дзяржава ненавідзіць свой народ.
Міхась, 45 гадоў, Віцебск
— Студэнты ўсхваляваныя гэтымі навінамі. Бацькі таксама. Асабліва непрыемна платнікам. Яны для таго і выбіралі платнае, каб не мець праблем з размеркаваннем.
У крайнім выпадку можна проста адкупіцца. Думаю, сума для платнікаў будзе не большай за 2 тысячы даляраў. Але ў цэлым гэтая сітуацыя будзе штурхаць моладзь ці наогул не вучыцца, ці вучыцца за мяжой. Рэспубліка Беларусь дэманструе, што ніякай паслядоўнай палітыкі ў галіне адукацыі няма. Проста вырашаем праблемы ўвядзеннем прыгоннага права.
Калі паступала мая дачка, мы лічылі, што вучоба ў Мінску таннейшая, чым у Чэхіі. Там патрабавалася каля 10 тысяч даляраў за год. Цяпер, магчыма, я вырашыў бы прадаць спадчынную кватэру і адразу адправіць дачку ў Чэхію.
Кірыл, 20 гадоў, Мінск
— Вучуся на бюджэце ў БДУІР, выпускны курс. Я, як і некаторыя мае аднагрупнікі, мякка кажучы, здзіўленыя.
Два гады размеркавання — гэта і так нямала, а яны хочуць павялічыць тэрмін больш чым у два разы. Я не ўяўляю, якім чынам абітурыенты павінныя ўспрыняць гэтую магчымасць як «прывабную». Наадварот, пасля заканчэння школ людзі будуць з’язджаць за мяжу (калі такая магчымасць яшчэ ёсць) або ісці ў войска на паўтара года, а потым адразу ж з’язджаць.
Магу расказаць, чаму ніхто з БДУІР не гарыць жаданнем адпрацоўваць пасля навучання (тым больш пяць гадоў). Цяпер сітуацыя на беларускім рынку IT даволі сумная. Нават людзі з вялікім досведам уладкоўваюцца на стажыроўкі або на пазіцыю джуна — абы дзесьці працаваць.
У такой сітуацыі каму можа скласці канкурэнцыю недасведчаны студэнт? Ён вымушаны шукаць сабе сам месца для размеркавання загадзя, да заканчэння ўнівера. Інакш яго радасна запхнуць у сілавыя структуры, трактарны завод і яшчэ бог ведае куды. Мары пра месца з вялікім заробкам на нацбліжэйшыя два гады (а хутка, можа, і пяць гадоў) знікаюць умомант.
Чытайце таксама