Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  2. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  3. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
  4. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  5. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  6. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  7. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  8. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  9. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  10. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  11. «Путин боится своих ветеранов»: эксперты рассказали, почему Кремль не пойдет на полную демобилизацию даже в случае заключения мира
  12. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
Читать по-русски


Малодшаму сыну Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, спачатку расказваў, што маму забралі чорныя людзі і яна хутка вернецца. Але «хутка» не надыходзіць ужо два з паловай гады, хлопчык разумее, што мама ў турме, і сям’я прыстасавалася да жыцця ўтраіх. Мужчына спрабуе гатаваць не горш за жонку і трымаць новы дом у чысціні, як яна. Але прызнаецца, што ў некаторых пытаннях без жонкі спраўляцца няпроста, а замяніць яе дзецям не ў сілах ні ён сам, ні нехта іншы. Андрэй расказаў «Люстэрку», як гэта — быць бацькам-адзіночкам. Суразмоўца ўпэўнены, што гэтая роля — часовая, але ніхто не ведае, калі для сям'і наступіць шчаслівы фінал.

Андрэй Шарэнда з сынамі. 29 ліпеня 2023 года. Фота: "Люстэрка"
Андрэй Шарэнда з сынамі. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Паліна Шарэнда-Панасюк і яе муж Андрэй Шарэнда — жыхары Брэста, актывісты «Еўрапейскай Беларусі». Жанчыну затрымалі 3 студзеня 2021 года. Пазней яе абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК) за тое, што яна падрапала супрацоўніка, які прыйшоў да яе дадому, а таксама ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Праз паўгода палітзняволеную асудзілі на два гады.

7 красавіка 2022 года актывістку асудзілі яшчэ на адзін год калоніі за «наўмыснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі ўстановы выканання пакаранняў». Праз некалькі месяцаў яе перавялі з гомельскай калоніі ў ПК № 24 у Рэчыцкім раёне.

Пазней на Паліну завялі яшчэ адну справу — па ч. 2 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

У траўні 2023 года яна заявіла, што хоча выйсці з беларускага грамадзянства «на знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі».

«Хадзіць на канцэрты, калі самы галоўны чалавек у жыцці цярпіць неймаверныя пакуты, я не магу»

Муж палітзняволенай Андрэй звычайна прачынаецца ў 6.30 раніцы. Пакуль ішоў навучальны год, пасля пад’ёму ён гатаваў сняданак і дапамагаў сабраць у школу заплечнік старэйшаму сыну, а пасля ішоў будзіць малодшага. У дажджлівым Вільнюсе дзіця цягнуць раніцай з ложка даводзілася літаральна за рукі і ногі, жартуе бацька. Далей яго трэба было адвесці ў садок, пакуль старэйшы ішоў у школу.

— Сем месяцаў у мяне былі курсы, і пасля іх, дзесьці, а 15-й гадзіне, я рабіў нешта ў доме, прыбіраўся, гатаваў. Прыходзіў старэйшы сын, мы займаліся ўрокамі, а потым я зноў бег у садок і адтуль вёў дзіця да дэфектолага ці псіхолага. А дома пасля 18-й пачыналася мая праца, да 12-й ночы я сядзеў за камп’ютарам і яшчэ мог сачыць за дзецьмі, пакласці іх спаць, прыбрацца перад сном. Потым клаўся, і ў 6.30 дзень пачынаўся зноў. Так было цэлы год да канікул. Не скажу, што гэта складана — усё ж многія эмігранты працуюць фізічна… Часам я магу паглядзець серыю серыяла, напрыклад, але калі жонка за кратамі, не да адпачынку. Хадзіць на канцэрты, яшчэ кудысьці, калі самы любімы, самы галоўны чалавек у жыцці цярпіць неймаверныя пакуты, я не магу.

У часовага бацькі-адзіночкі ў такім графіку часу на сябе практычна не застаецца — хіба што ў выходныя. Гэтак жа да затрымання і яго жонка Паліна аддавала ўвесь свой час сям'і і дзецям.

— Яна старалася, каб дом быў утульным, усе ложкі заўсёды былі прыбраныя, адзенне ляжала на сваіх месцах. Паліна — добрая мама, але і строгая. Вучыла сыноў прыбіраць за сабой, сачыць за чысцінёй вакол, класці рэчы на месцы. У яе гэта вельмі добра атрымлівалася, тут я ёй прайграю, — смяецца Андрэй. — Мне проста прасцей самому ўсё зрабіць, бо няма часу, але гэта памылковы падыход, я ведаю. Паліна заўсёды сачыла, каб у дзяцей былі добрыя прычоскі. Гэта ў мяне таксама не вельмі атрымліваецца (смяецца). Але, думаю, да вяртання мамы мы мабілізуемся, каб яна не заўважыла за намі такіх шкодных пераменаў. Калі нашая мама вернецца, гэта будзе вялікім святам, і мы будзем рабіць усё, каб сям’я жыла яшчэ лепш і любові было яшчэ больш.

Семья Шарендо-Панасюк до задержания Полины. Фото предоставлено собеседником
Сям’я Шарэнда-Панасюк да затрымання Паліны. Фота ад суразмоўцы

Старэйшага сына сям'і брэсцкіх актывістаў завуць Славамір, цяпер яму 14 гадоў. Малодшы, сямігадовы Стах, сёлета пойдзе ў школу. Два з паловай гады таму сілавікі забіралі Паліну з дому на вачах у тады яшчэ чатырохгадовага дзіцяці. З гэтай траўмай сям’я змагаецца практычна ўвесь гэты час.

— Першыя паўгода пасля жнівеньскіх падзей для нашай сям'і былі вельмі цяжкімі, бо я сам пад адміністрацыйным арыштам прабыў агулам больш за тры месяцы. Перад Новым годам, калі я стаяў ля пад’езда са Стахам, мяне таксама брутальна затрымалі. Свята я прабавіў у ІЧУ, а калі вярнуўся, даведаўся, што арыштавалі Паліну, — успамінае мужчына. — Тады раніцай 3 студзеня ў дзверы пастукалі, потым іх выламалі, і ў кватэру ўвалілася каля дзесяці супрацоўнікаў, у тым ліку амапаўцы ў поўнай экіпіроўцы. Цяпер гэта ўжо нікога не здзіўляе, а тады падавалася вар’яцтвам! Стах бачыў, як грамяць кватэру, як маму забіраюць у кайданках незразумела куды. Гэта быў страшны стрэс. Пасля гэтага ён кепска спаў год. Часам прыбягаў да мяне ў слязах і пытаў, дзе мама. Цяжка такое растлумачыць. У дзяцей быў жудасны стрэс.

У 2021-м Андрэй Шарэнда праседзеў больш за месяц пад хатнім арыштам па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі і закліках да дзеянняў, скіраваных супраць нацбяспекі. Пасля суда над жонкай мужчына змог трапіць да яе на спатканне, потым падрыхтаваўся і збег з Брэста, а пасля — з Беларусі. З дзецьмі давялося на час расстацца, праз легалізацыю і пачатак вайны растанне зацягнулася на восем месяцаў. Увесну 2022-га Стах і Славамір пераехалі ў Літву да бацькі.

Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем’ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі — і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.

Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі

Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі — вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.

Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.

Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў — яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.

Там мужчына скончыў бухгалтарскія курсы і ўладкаваўся па спецыяльнасці. Амаль увесь час яму даводзіцца падпрацоўваць: на ім акрамя двух сыноў яшчэ і дапамога палітзняволенай жонцы.

— Вядома, жыццё ў эміграцыі (а Вільнюс — дарагі горад) цягне грошы. Некалькі месяцаў таму мы збіралі Паліне рэчавую пасылку, і яна пацягнула на паўтары тысячы еўра. Прычым там не было нічога «люксавага» — звычайныя рэчы. Для мяне гэта вельмі вялікія грошы — паўтара месяца працы. У мяне няма часу на адчай — тут нават свае справы паспець зрабіць складана, бо падчас вайны, калі Еўропа перапоўненая бежанцамі з Украіны, падняліся цэны на жыллё, прадукты, ацяпленне, жывецца цяжка. Трэба шмат працаваць, шукаць падпрацоўкі, гэта займае час. Я проста абавязаны гэта рабіць, бо сябе і дзяцей я стараюся забяспечваць сам, і пакуль у мяне гэта атрымліваецца.

Але я вельмі ўдзячны людзям, якія дапамагаюць нашай сям'і. Уся гэтая дапамога ідзе на Паліну. Я заўсёды кажу, што адрасная падтрымка сем’ям палітвязняў — найлепшы варыянт. Тым, у каго ёсць магчымасць дапамагаць, вельмі важна гэта рабіць. Бо калі ў сям'і ёсць палітвязень, гэта каласальныя выдаткі. Але важная і псіхалагічная падтрымка, бо часам здаецца, што ты адзін, хоць гэта не так.

Андрэй Шарэнда з сынам Славамірам. Вільня, 29 ліпеня 2023 года. Фота: "Люстэрка"
Андрэй Шарэнда з сынам Славамірам. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

«Не ведаў, як наогул падысці да праса, на пральную машыну глядзеў з асцярогай»

З чым дакладна мужчыну даводзіцца разбірацца аднаму — дык гэта з выхаваннем дзяцей і доглядам дому. Да расстання ў сям'і Шарэнда-Панасюк не было падзелу абавязкаў у гэтым плане. Паліна часцей гатавала і займалася ўборкай, Андрэй ёй дапамагаў. Дзецьмі і ўрокамі, прызнаецца, часцей ён займаўся сам.

— У гэтым плане для мяне нічога не змянілася. Але Паліна вельмі добра гатуе, а я гэтым займаўся не так часта — мог нешта прасценькае, але сняданкаў, нейкіх кашаў не рабіў, а досведу варэння супоў у мяне наогул не было (смяецца). У яе заўсёды быў ухіл на карысную ежу — гародніна, садавіна, усё тушылася, рабілася на пары. Можа, не ўсё падабалася дзецям, але праўда, заўсёды было смачна. Падтрымліваць той жа ўзровень якасці ежы мне было цяжкавата. Але яшчэ ў Беларусі я і ў Палініны рэцэпты падглядаў, нешта гугліў і ўсё ж навучыўся гатаваць. Праўда, тушыць і гатаваць на пары дагэтуль не атрымліваецца.

Дарэчы, яе канёк — морапрадукты, так што рыбны дзень у нас быў не раз на тыдзень. І гэта была проста смаката! Нават калі гэта рачная рыба ці незразумелага выгляду васьміногі і мідыі. Атрымліваўся сапраўдны цуд, і мы з задавальненнем елі. У нас цяпер трое мужчын у сям'і, і я стараюся больш мясных страваў гатаваць… Але, дарэчы, трэба прыгатаваць нешта, як казала Паліна, з марскіх гадаў (смяецца).

Яшчэ ў яе дома заўсёды быў ідэальны парадак. Тут я таксама навучыўся мыць падлогі, вокны, хоць раней гэтым не займаўся і не ведаў, як наогул падысці да праса, на пральную машыну глядзеў з асцярогай (смяецца). Спадзяюся, я ўсё ж даю рады і дзеці растуць здаровымі, дагледжанымі.

Але калі з падрыхтоўкай дзяцей да школы ў Андрэя ўсё атрымліваецца, то з патрыятычнай адукацыяй ідзе не так гладка. Гэта заўсёды было на жонцы, і яе займальных гісторый сям'і не хапае.

— Паліна паводле першай адукацыі гісторык і расказвала старэйшаму сыну з пяці гадоў пра гістарычныя падзеі, краіны і іх сувязі, пра вядомых людзей Брэста і Беларусі, культуру краіны, нейкія дамы і будынкі, што ў іх адбывалася. Гэтага не хапае… Я паводле першай адукацыі інжынер, а паводле другой — менеджар, мне цяжкавата быць такім выкладчыкам, — тлумачыць мужчына. — У тым, што старэйшы сын размаўляе па-беларуску, ведае гісторыю, геаграфію краіны — вялікая заслуга Паліны. Мы любілі хадзіць у паходы, практычна кожны вольны дзень або выбіраліся на прыроду, або ехалі ў вёску. Купілі дом недалёка ад Брэста, у раёне, адкуль ідуць карані Паліны, і шмат часу апошні год бавілі там. Дзецям вельмі падабалася быць у вёсцы, на прыродзе, хадзіць на ферму, сачыць за хатнімі жывёламі — гэта паглынала іх на лета. Ну, а Паліна старалася гэты дамок зрабіць максімальна ўтульным, прыгожым, не шкадавала ні часу, ні грошай. Мы хацелі, каб у нас было нешта сваё ў вёсцы, а не толькі ў горадзе, — свая маленькая радзіма. Такая сувязь з Беларуссю. І ўсё гэта — Паліна. Яна проста цудоўная мама. Мама, якой я не магу замяніць. І тое, што ў нас забралі магчымасць быць у гэтым доме — таксама вялікая трагедыя для нас усіх.

Старэйшы сын Паліны Шарэнда-Панасюк Славамір. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: "Люстэрка"
Старэйшы сын Паліны Шарэнда-Панасюк Славамір. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Андрэй кажа, што яму цяжка даюцца сумесныя паходы ў краму. І вельмі цяжка, калі дзеці хварэюць.

— Вільнюс усё ж вельмі адрозніваецца кліматам, і бясконцыя дажджы, снег, адсутнасць сонца паўплывалі на здароўе дзяцей. Часам мы хварэем па ланцужку. Для мяне ўсё гэта стрэс — гэтым заўсёды займалася Паліна, яна неяк хутка разумела, што рабіць. Лячыць, хадзіць па дактарах — гэта нова і нязвыкла, але, здаецца, я справіўся. Праўда, наперадзе ў Стаха яшчэ медкамісія перад школай — гэта для мяне квэст, — тлумачыць беларус. — Яшчэ, дарэчы, у жніўні пачнём купляць рэчы да школы — гэта таксама праблема. Я мужчына, мне крыху гэта складана — хадзіць па крамах, выбіраць для дзяцей абутак, адзенне, вадзіць іх да цырульніка. Дзякуй людзям, якія дапамагаюць мне з гэтым. За гэтай загружанасцю год для нас з дзецьмі прамінуў вельмі хутка, а для Паліны ён там цягнецца вельмі павольна.

«Для малодшага мама — хутчэй ужо вобраз, голас, карцінка ў камп’ютары, а не жывы чалавек»

Маральна Андрэю вельмі няпроста назіраць за тым, як перажывае гэтыя падзеі сямігадовы Стах. Траўма пасля затрымання мамы пераследуе хлопчыка. Толькі нядаўна ён прайшоў рэабілітацыю з псіхолагам і пачаў аднаўляцца.

— Праз шок, які ён атрымаў, ад стрэсу, што няма мамы, малодшы пачаў кепска размаўляць, пайшла затрымка ў развіцці маўлення, — тлумачыць суразмоўца. — Нейкі час нам нават казалі, што давядзецца ісці ў спецшколу. Але тут, у Вільнюсе, калі дзеці пераехалі, мы з ім гадзінамі вучылі словы, рабілі практыкаванні. Па тры разы на тыдзень хадзілі да дэфектолага. Гэта быў складаны шлях, але ён скончыў садок як звычайнае дзіця, ніякіх адставанняў няма, і Стах пойдзе ў звычайную школу.

Дзіця сумуе па маці, хоць бацька ўжо пачаў заўважаць, што ён яе забывае. Мужчына імкнецца захаваць гэтую сувязь, але часам успаміны пра мінулае шчаслівае жыццё, калі сям’я не была падзеленая і пазбаўленая зносін, Стах часам успрымае хваравіта.

— Усё ж, калі забралі Паліну, яму было чатыры гады. Гэта ўзрост, калі любая падзея забываецца праз некалькі дзён. Як бы балюча гэта ні гучала, ён яе ўжо забывае. Бачыць толькі на фота, нешматлікіх відэазапісах, што ў нас засталіся. Для яго мама — хутчэй ужо вобраз, голас, карцінка ў камп’ютары, а не жывы чалавек, якога можна абняць, пацалаваць. Стрэс і ўсё, што ён прайшоў, сцерлі з яго памяці ўспаміны, якая мама насамрэч, як яна з ім займалася, — кажа мужчына. — Я стараюся ўвесь час расказваць пра Паліну. Я бачу, як сын цягнецца да любой жанчыны, якая нагадвае яму маму, стараецца яе абняць, нешта паказаць, расказаць нейкую таямніцу, якую мне не расказвае. Зрабіць нешта з гэтым складана. Безумоўна, мы размаўляем пра Паліну. Але відаць, што Стаху цяжка чуць мамін голас, бачыць фота, дзе мы ўсе разам. Ён не разумее, чаму цяпер не так, чаму так атрымалася, што ён без мамы. І гэта не патлумачыш проста злымі дзядзькамі, якія яе забралі.

Малодшы сын Паліны Шарэнда-Панасюк Стах. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: "Люстэрка"
Малодшы сын Паліны Шарэнда-Панасюк Стах. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— У Паліны цудоўныя бацькі, вось бабулі, пакуль сыны былі ў Беларусі, трохі замянілі маму дзецям. Цяпер я адзін, і ім не хапае яшчэ кагосьці побач, з кім можна паплакаць. Не скажу, што я занадта строгі, але часам трэба і прыкрыкнуць, і пакараць за нешта, забраць цацкі, тэлефоны. Зразумела, што гэта слёзы, крыўды, і, на жаль, няма каму ім пра гэтыя крыўды расказаць. Разбурылася фізічная сувязь дзіцяці з мамай. І час пакажа, ці ўдасца яе аднавіць.

Старэйшаму сыну сям'і Шарэнда-Панасюк было цяжка з’язджаць з краіны і пакідаць сяброў, школу, звыклае жыццё. З гэтым хлопец справіўся і нават, скончыўшы ў Беларусі шэсць класаў і падцягнуўшы некаторыя прадметы, у Літве пайшоў адразу ў восьмы. Стараўся добра скончыць год, каб парадаваць бацькоў.

— Славамір — малайчына. Нядаўна мы перавезлі ў Вільнюс ягоны ровар, ён катаецца на ім па горадзе, пракладае новыя маршруты — можа адвесці душу, — дадае Андрэй. — Ён абраў спорт, каб пераключацца. Гэта для яго такое ратаванне. У яго тут з’явіліся новыя сябры, яго таксама падтрымліваюць. У Беларусі ў школе таксама была каласальная падтрымка ад настаўнікаў. Але яму праўда не хапае мамы, гэтых яе аповедаў, падарожжаў на прыроду. І тут я сам не магу зрабіць нічога. Бачу, што сын трохі замкнуўся ў сабе, хоць у яго і мае зносіны з людзьмі. Ён не такі, якім быў да трагедыі ў нашай сям'і.

Я па-добраму зайздрошчу палітвязням, якія могуць тэлефанаваць сваім родным, асабліва па відэасувязі. Дзякуючы гэтаму можа захоўвацца сувязь хаця б неяк. На жаль, ад Паліны не было ніводнага званка — яе гэтага пазбаўлялі ў першую чаргу. Каб тэлефанаваць, трэба выконваць пэўныя патрабаванні ў калоніі, дэманстраваць пэўнае падпарадкаванне, саступкі, пісаць заявы, а Паліна гэтага рабіць не будзе: яна не прызнае гэтую адміністрацыю. Каб хоць трохі пазбегнуць катаванняў, нейкія патрабаванні яна ўсё ж выконвае, але пайсці на тое, каб пра нешта прасіць, яна не можа. Але такая магчымасць у яе ў калоніі была літаральна першыя пару тыдняў — далей проста пасыпаліся «правапарушэнні», і праблема напісання заяваў адпала.

«Для сыноў мама — супергерой. Але старэйшы разумее, што гэты супергерой з крыві і плоці, яна не зможа трываць здзекі яшчэ год»

Славаміру складаней перажываць гэты час, бо хлопец ужо дарослы, і навіны пра маму ў медыя і сацсетках ад яго не схаваеш. Гэтыя навіны траўмуюць усю сям’ю, але мужчыны імкнуцца трымацца, як гэта робіць мама ў зняволенні.

— Дзецям не хапае яшчэ аднаго надзейнага чалавека, з якім можна пагаварыць, расказаць тое, чым не могуць падзяліцца са мной, — кажа Андрэй. — І гэта вялікая трагедыя для ўсіх родных палітвязняў, бо людзі сядзяць гадамі і нічога не мяняецца. Але многія далучыліся да барацьбы супраць Лукашэнкі ў 2020-м, а мы ў ёй не адзін дзясятак гадоў — Паліна наогул усё жыццё гэтаму прысвяціла. І мы ў пачатку гэтых падзей ведалі: або хтосьці з нас апынецца ў турме, або абодва. Псіхалагічна былі гатовыя да гэтага, фінансава (даверанасці зрабілі, каб дзеці не трапілі ў дзіцячы дом). Таму нам крыху прасцей усё гэта праходзіць, чым іншым людзям. Мы свядома аддаём сваё жыццё для будучыні Беларусі. І дзеці гэта разумеюць, яны жылі ў гэтым да 2020 года, таму пытання «А можа, не трэба было нічога рабіць — жылі б цяпер спакойна» ў іх не ўзнікае.

Полина Шарендо-Панасюк во время протестов против "Налога на тунеядство" в 2017 году в Бресте. Фото: "Белсат"
Паліна Шарэнда-Панасюк падчас пратэстаў супраць «падатку на дармаедства» ў 2017 годзе ў Брэсце. Фота: «Белсат»

У майго малодшага сына дзень нараджэння на Дзень Волі, і так атрымалася, што адсвяткаваць з ім я змог толькі сёлета. Бо заўсёды ў гэты дзень у Беларусі праходзілі акцыі пратэсту, і ўлады стараліся «прэвентыўна» затрымаць актывістаў. Калі мяне не забіралі, мне даводзілася не быць дома, каб не быць затрыманым. Таму рэпрэсіі нас закранулі ўжо даўно.

Вядома, мне было балюча ведаць, што Паліна ў турме, што яе акурат за гэтую пазіцыю і катуюць. Але ў мяне няма права адчайвацца, плакаць начамі — трэба працаваць, карміць дзяцей, дзейнічаць для вызвалення Беларусі. На жаль, толькі калі гэты рэжым пойдзе ў нябыт, Паліна і іншыя палітвязні выйдуць на волю. Кожны дзень я працую (не магу раскрываць падрабязнасці) для вызвалення Беларусі, лічу, што мой унёсак — істотны. У мяне няма часу адчайвацца. Паліне ў сотні разоў цяжэй. І я мушу зрабіць усё, каб дзеці раслі добрымі, здаровымі, адукаванымі, а яшчэ рабіць усё, каб рэжым як мага хутчэй знік і Беларусь стала свабоднай.

Цяпер для сыноў мама са сваёй устойлівасцю — абсалютны супергерой. Яна як супермэн. Але старэйшы разумее, што гэты супергерой з крыві і плоці, і ёй насамрэч балюча, яна пакутуе. Гэтая трывога адбіваецца на сынах, на мне. Яна прасякае ўсё нашае жыццё. Цяжка з гэтым ужывацца, але мы стараемся. Я хачу, каб нашае жыццё не адрознівалася ад жыццяў іншых людзей. Але ўвесь час даю інтэрв'ю, размаўляю з людзьмі пра Паліну, паўтараю гэтыя жудасныя словы, і зноў усё пражываю.

Але, як я ўжо казаў, я псіхалагічна стараўся да гэтага падрыхтавацца. Увесь час думаю пра Паліну, у мяне няма думак, што, можа, трэба пачаць жыццё наноў — гэта для мяне здрада. Я змагаюся за Паліну, за яе свабоду, і гэтым заняты ўвесь мой розум. Не час шкадаваць сябе — трэба рабіць справу. Я спраўляюся. Нейкая сувязь у нас усё роўна ёсць, хоць ужо некалькі месяцаў ідзе поўная блакада лістоў да палітычных. Нават праз сцены, краты я ўсё роўна адчуваю, калі ёй кепска. І стараюся гэтыя пытанні вырашаць. Як цяпер адчуваю, што з ёй нешта адбываецца.

Андрей Шаренда с сыновьями. Вильнюс, 29 июля 2023 года. Фото: "Зеркало"
Андрэй Шарэнда з сынамі. Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Андрэй кажа, што стараецца не заўважаць цяжкасцяў, і чарговы раз паўтарае, што яго жонка праходзіць у разы складанейшы шлях. Мужчына ўпэўнены, што пасля вяртання ёй спатрэбіцца доўгая фізічная і псіхалагічная рэабілітацыя, і ўжо думае, дзе шукаць спецыялістаў:

— Я не сядзеў так доўга, але нават некалькі месяцаў за кратамі адбіліся на маім здароўі. І з жахам уяўляю, у якім стане выйдзе жонка. Ад жанчын, якія ўжо выйшлі, я ведаю, што за 10 месяцаў калоніі ў Зарэччы Паліна прабыла 200 сутак у ШІЗА. Увесь гэты час прыпаў на восень, зіму і вясну. Кажуць, адзін раз туды трапіць — ужо каласальны ўдар па арганізме і псіхіцы. Я размаўляў з непалітычнай, яна двойчы трапляла ў карцар на 10 сутак і дагэтуль адчувае наступствы. Калі я спытаў, як яна думае, што можа быць з Палінай пасля 50 сутак запар там, яна не змагла адказаць, бо ў яе нават у галаве гэта не ўкладвалася.

Паліна — вельмі моцны фізічна чалавек, але ў яе сіндром Жыльбера — гэта такая схаваная жаўтуха (хранічная паталогія, не прыводзіць да злаякасных утварэнняў. — Заўв. рэд.), у яе неналежна працуе печань. Ёй патрэбныя спецыяльныя прэпараты, ужо паўтара года яна гэты курс не прапівае. Дактары, з якімі я кансультаваўся, лічаць, што наступствы могуць быць вельмі кепскімі і незваротнымі, на жаль. Калі яе накіравалі на псіхалагічную экспертызу, мы даведаліся, што яна важыць 47 кг. Да калоніі яе нармальная вага была 65−67 кг. Я нават не магу ўявіць, як яна выглядае.

Сітуацыя Паліны не трывожная — яна катастрафічная. Бо гэта ўжо пытанне жыцця і смерці. Паліне прызначаць чарговы год, а ў яе няма гэтага года ці двух, яна проста не зможа вытрымаць далей гэтыя здзекі і катаванні. Тое, што адбываецца з маёй жонкай, — асабістая помста Лукашэнкі, як бы ён ні казаў, што з жанчынамі не ваюе.

«Я стараюся любымі спосабамі замяніць маму, але зразумела, што без яе няма паўнавартаснага дзяцінства»

У жніўні ў Паліны Шарэнда-Панасюк мусіў скончыцца тэрмін пакарання. Але ў траўні на яе завялі яшчэ адну «крыміналку» за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» калоніі, яна прайшла праз СІЗА ў Мінску і была накіраваная ў калонію № 24 у Гомельскай вобласці. Нядаўна Паліну моцна збілі іншыя вязні. Мужчына лічыць, што гэта наўмысны ціск на палітзняволеную, і мяркуе, што на волю ў хуткім часе яна не выйдзе.

— Мы, на жаль, цяпер не ведаем, дзе Паліна знаходзіцца і што з ёй. Некалькі месяцаў адбываліся жудасныя падзеі — яе проста катуюць ШІЗА, ёсць маральны, фізічны ціск. Яе спрабавалі змясціць у псіхічную бальніцу. Калі я атрымліваю паведамленні пра гэта, у мяне шок. Апошнія месяцы былі цяжкімі для нас.

Але я ведаю, што сапраўдных лідараў Беларусі — як Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, так і маю Паліну — рэжым не гатовы выпускаць на волю. Бо мы займаем жорсткую пазіцыю. Паліна дакладна не будзе падпісваць ніякія прашэнні пра памілаванне, падпісваць паперкі, што больш не будзе нічога рабіць «супрацьпраўнага», якія даюць пры вызваленні. Я разумею, што гэтая паперка адразу ж паляціць у твар следчым, і вызваленне Паліны будзе адкладзенае. І разумею, што яна можа выйсці толькі калі будзе змена рэжыму або калі на яго націснуць. Таму стараюся рабіць усё, каб імёны Паліны і іншых палітвязняў гучалі.

Андрэй Шарэнда, Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: "Люстэрка"
Андрэй Шарэнда, Вільнюс, 29 ліпеня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Я веру, што сёлета мы ўсе сустрэнемся. Мой галоўны прынцып у жыцці — лепш я буду аптымістам і не буду мець рацыі, чым песімістам і буду мець рацыю. Ён не заўсёды дзейнічае, але дае ўпэўненасць і сілы трымацца ў гэтых навінах.

За два з паловай гады, якія ў сям'і скралі пераслед і зняволенне, Паліна не па сваёй волі прапусціла нямала важных момантаў у жыцці сваіх сыноў.

— На жаль, яна не ўбачыла, як Славамір ператварыўся з дзіцяці ў падлетка. Ён перарос і маму, і тату, ужо на паўгалавы вышэйшы за мяне. Паліна ведае, якога ён росту, але, напэўна, будзе ў шоку, калі ўбачыць, як ён цяпер выглядае, — тлумачыць Андрэй. — У падлеткаў свае складанасці — пераходны ўзрост, першае каханне, першыя расчараванні ў жыцці. Нам ужо давялося з гэтым сутыкнуцца, і ўсё гэта Славамір прайшоў без мамы. Можа, ён быў бы іншым чалавекам, калі б яна была побач… Я стараюся рабіць усё, каб ён быў такім, як хацела б Паліна. Каб ён ведаў пра Беларусь, рос патрыётам.

Малодшы сын таксама з маленькага чалавечка стаў дарослым. Навучыўся катацца на ровары, пісаць, трохі чытаць, ужо добра гаворыць і па ўсіх крытэрах дагнаў аднагодкаў. Ён гатовы ісці ў школу, у яго з’явіліся свае густы, перавагі, нават у той жа ежы. Усё гэта — каб ён вучыўся катацца, плаваць разам з мамай, убачыў мора разам з ёй — у іх з Палінай таксама забралі. Ён камунікуе з дзецьмі, у якіх такі ж лёс і іх бацькі — палітвязні. Усе гэтыя дзеці разумеюць, хто вораг, хто вінаваты ў тым, што адбылося з іх бацькамі. Стах разумее, што маме цяжка і балюча, ад яго ўжо не схаваеш, што яна пакутуе ў турме.

Я ўпэўнены, што мы ўсё паспеем нагнаць. Але гэта жудасна, што мне даводзіцца аднаму гадаваць дзяцей, а Паліна, выдатная мама, якая ўсе сілы прыкладала, каб яны былі шчаслівыя, цяпер за кратамі. Гэта болем адгукаецца ў маім сэрцы, бо гэтых гадоў у расстанні ўжо не вернеш. Так, я стараюся любымі спосабамі замяніць маму, але зразумела, што без яе ў сыноў няма паўнавартаснага дзяцінства. І ёсць людзі, якія за гэта адказныя — гэта рэжым Лукашэнкі і тыя, хто яму прыслугоўвае, нягледзячы на парушэнне законаў юрыдычных і маральных.

Семья Шарендо-Панасюк до задержания Полины. Фото предоставлено собеседником
Сям’я Шарэнда-Панасюк да затрымання Паліны. Фота ад суразмоўцы

Андрэй стараецца ставіцца да ролі бацькі-адзіночкі як да нечага, што хутка мусіць скончыцца. Нягледзячы на тое, праз што праходзіць уся сям’я, мужчына з дзецьмі будуе планы на шчаслівую будучыню і спадзяецца, што яна наступіць найбліжэйшым часам:

— Можа, мне таму і хапае сіл. Калі б два гады таму ведаў, што ўсё расцягнецца так надоўга, можа, і адчаяўся б. Але я аптыміст. Я нават не магу сабе абанемент у басейн купіць — яны тут прадаюцца толькі на год, а я веру, што праз год мы ўжо вернемся ў Беларусь (смяецца). Таму я да гэтай ролі, паўтаруся, стаўлюся як да часовай і хачу з ёй справіцца як мага лепш.

Калі Паліна вернецца, мы з ёй сядзем, паглядзім фота, якія зрабілі тут адны, я раскажу, як увесь гэты час было складана Славаміру і Стаху. Не скажу, як цяжка было мне, — наадварот, буду казаць, што ўсё добра, як і ў вашым інтэрв'ю цяпер стараюся. Я не маю права скардзіцца на жыццё.

Калі Паліна вернецца, думаю, для мяне гэта будзе экзамен, што я зрабіў не так у выхаванні дзяцей, дзе памыліўся. Спадзяюся, яна не будзе судзіць строга і звяртаць увагу на ўсе недахопы. Наўрад ці гэта будзе адзнака «выдатна», але «добра», я думаю, Паліна мне паставіць.

Чытайце таксама