Дакументальны фільм Мікалая Мамінава «Хроника настоящего» пра беларускія пратэсты 2020 года выйшаў 24 ліпеня на YouTube-канале «RU Delfi Літва». У стужцы былі выкарыстаныя рэальныя кадры з акцый, пры гэтым у большасці выпадкаў твары іх удзельнікаў не былі замазаныя. Пазней аўтары канала прыбралі ролік з агульнага доступу, але тэлеграм-канал сілавікоў паспеў яго спампаваць і неўзабаве апублікаваў у сябе на YouTube-канале.
Прэм’ера фільма адбылася днём 24 ліпеня. У каментарах да відэа адзначыліся аўтары набліжаных да ГУБАЗіК рэсурсаў. Яны пісалі, што «знайшлі ўжо штук 10 крыміналак новых па перакрыцці дарог», а таксама пагражалі пераследам усім, хто трапіў у кадр.
Неўзабаве пасля прэм’ернага паказу відэа прыбралі з агульнага доступу. Пазней набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал выклаў поўную версію фільма на сваім YouTube-канале.
«Калі вы знайшлі сябе на кадрах фільма, калі ласка, паклапаціцеся пра сваю бяспеку — асабліва калі вы знаходзіцеся ў Беларусі», — параіў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы таксама апублікавалі поўнае відэа, каб людзі «маглі прыняць неабходныя меры бяспекі».