Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  2. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  3. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  4. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  5. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  6. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  7. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  8. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  9. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  10. ISW о предложении представителя Трампа взять за основу в переговорах стамбульские протоколы: Это фактически полная капитуляция Украины
  11. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
  12. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  13. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  14. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
Читать по-русски


У дзяцінстве, калі мінчанка Марыя вучылася плаваць, яна нават не здагадвалася, як ёй спатрэбяцца гэтыя навыкі. Дзіцем яна наўрад ці магла дапусціць, што некалі акажацца пад «крыміналкай» за свае палітычныя погляды і на пятым месяцы цяжарнасці наважыцца пераплываць раку, каб схавацца ў Літве ад пераследу. Гісторыю, якая проста не мусіла адбыцца, Марыя расказала «Люстэрку».

Фото: Hollie Santos, unsplash.com
Мама і дзіця. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Hollie Santos, unsplash.com

З меркаванняў бяспекі імёны суразмоўніцы і яе дзіцяці змененыя.

— Я заўсёды хацела жыць у Еўропе. З каледжа казала сабе, што буду будаваць жыццё не ў Беларусі, але не разлічвала, што гэта давядзецца рабіць так, — спакойным голасам кажа Марыя.

За акном пачынае цямнець. Недалёка ад маладой мамы ў ложачку спіць яе сын Ян. З бацькамі ён жыве ў адным з раёнаў Вільнюса і пакуль нават не падазрае, колькі ўсяго з ім здарылася яшчэ да таго, як ён прыйшоў на свет.

— Гэта чароўны малы, — кажа пра сына Марыя. — Ён мне невыпадкова дадзены. Калі б не ён, я б, магчыма, дагэтуль сядзела ў Расіі і чакала, пакуль мяне эвакуююць. Толькі праз яго я пайшла ў Літву. Я проста хацела ведаць, што з маім дзіцем, і дзеля гэтага гатовая была ісці напралом.

2020-ы цалкам змяніў жыццё Машы. Улетку, калі беларусы выстройваліся ў доўгія чэргі, яна жыла ў Мінску, працавала прадаўцом. Кажа, была «ў дзікім шоку», калі ўбачыла, што міліцыя збівае людзей. «Хацелася гэтым супрацоўнікам хоць нешта сказаць, хай не ў твар, хаця б так», — успамінае яна. У адным з тэлеграм-чатаў пад фота, дзе затрыманыя стаялі ля сцяны, «як на расстрэл», а побач міліцыянты, яна напісала «не вельмі прыемны каментар».

— Гэты здымак мяне зачапіў, потым мяне было ўжо не спыніць, — як ёсць кажа жанчына. — Ледзь не пад кожнай фатаграфіяй у чаце я пачала пісаць, якія яны (сілавікі. — Заўв. рэд.) нядобрыя людзі.

Праз некалькі месяцаў Марыю затрымалі. На яе завялі крымінальную справу па арт. 369 КК (Абраза прадстаўнікоў улады). Суд пакараў яе годам і трыма месяцамі «хатняй хіміі». Пазней з розніцай у некалькі месяцаў сілавікі знайшлі яшчэ два яе каментары. За іх Машу двойчы судзілі. Апошні прысуд — паўтара года «хіміі» з накіраваннем. Пачуўшы яго, яна запанікавала. Адчувала, што на гэтым усё не скончыцца.

— Дзе «хімія» з накіраваннем, там і калонія. А ў калоніі любяць знайсці ўсякія правапарушэнні, каб адправіць чалавека ў ШІЗА, — апісвае трывожны перыяд свайго жыцця суразмоўніца. — Пакуль яны вырашалі, куды мяне этапаваць, прайшоў месяц. Я спакойна жыла, ніхто мяне не выклікаў. А потым патэлефанаваў інспектар, у якога я адзначалася, і сказаў: «На цябе прыйшла паперка, прыязджай».

Яшчэ да гэтага званка Марыя звязалася з BYSOL, даведалася, ці могуць яны дапамагчы ёй з’ехаць з Беларусі. Ёй адказалі, што так, але апошні крок быў за ёю, а наважыцца на яго яна не магла: было страшна ўсё пакідаць і незразумела куды бегчы. Каханы чалавек таксама не мог падказаць. Ён разумеў: на трэцім судзе непрыемнасці не скончацца. З іншага боку — баяўся, што Марыя зробіць сабе толькі горш.

— І ўсё ж у адзін цудоўны дзень зімой 2022-га, калі нікога не было дома, я сабрала рэчы і з’ехала. Родныя пра маё рашэнне не ведалі. Я толькі пакінула ім запіску, у якой напісала, што са мной усё добра, і папрасіла не падаваць у вышук, — расказвае суразмоўніца. — Уцякаць давялося без дакументаў. Калі ішла па накіраванне на «хімію», у BYSOL прасілі, каб я ні ў якім разе не аддавала ў міліцыі свой пашпарт. Але я спалохалася і аддала. Узамен мне ўручылі паперку А4, якая сведчыць асобу.

«Пракручвала ў галаве, што варта ісці здавацца»

З’язджала Марыя зімой 2022-га «на маршрутцы з гастарбайтарамі». Першыя два дні правяла ў адным з памежных расійскіх гарадоў. Тут яна пазнаёмілася з хлопцам, якога таксама эвакуявалі. Разам яны паехалі ўглыб Расіі і знялі кватэру. У адрозненне ад жанчыны, у яе напарніка быў пашпарт, таму яго вывезлі. А Машы сказалі: «Чакай цяпла», яе збіраліся адправіць ва Украіну.

Прохожие на улицах Москвы. Июнь, 2023-го. Фото: Reuters
Вуліца Масквы. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Чэрвень, 2023. Фота: Reuters

— На кватэры, якую мы знялі, я пражыла месяц. Мяне ўвесь час супакойвалі: «Хутка паедзем, хутка паедзем», але пачалася вайна, і мне пачалі казаць: «Будзем думаць, як эвакуяваць цябе іншымі шляхамі». Прайшоў другі месяц, мяне ўсё яшчэ не вывозілі, толькі тлумачылі, што шукаюць шляхі, — успамінае суразмоўніца. — Здымаць кватэру мне самой аказалася дорага, таму давялося пераязджаць у іншы горад, дзе жыллё было аплачанае. Праўда, як пазней выявілася, на ім вісеў доўг у 200 тысяч расійскіх рублёў (6780 беларускіх па курсе Нацбанка на 5 ліпеня 2023-га. — Заўв. рэд.). Мой куратар ад BYSOL пра гэта не ведаў, хоць у арганізацыі былі ў курсе. Калі прыйшла паперка з камуналкай, пачалі званіць у дамафон, стукалі ў дзверы. Я так зразумела, гэта былі прыставы ці камунальнікі. Першае пытанне, якое б яны мне, ледзь што, задалі: «Дзе вашыя дакументы?», а ў мяне іх няма.

У Расіі Марыі было шалёна страшна. Большую частку часу яна сядзела дома, глядзела ў столь. Часам спрабавала адцягнуць увагу нейкімі гульнямі ў тэлефоне. Купіла пазл. З кватэры выходзіла толькі ў краму. На вуліцы палохалася паліцыі. Усюды насіла маску, нават надзявала капюшон, каб не засвяціцца на камерах.

— Былі думкі, што трэба вяртацца ў Беларусь. Пракручвала ў галаве, што варта ісці здавацца. Толькі не разумела каму, беларусам ці расіянам, — працягвае яна. — Мяне ўвесь час трэсла. Двойчы лавіла панічныя атакі. Неяк ішла па горадзе і раптам зразумела, што не магу ўдыхнуць. У вачах пацямнела, я трохі абаперлася на зямлю і чакала, пакуль змагу нармальна дыхаць. Было страшна ад таго, што я сяджу на зямлі, і хтосьці можа выклікаць мне хуткую, дзе зноў жа спытаюць пра дакументы. У думках спрабавала прымусіць сябе: «Давай, давай, зрабі ўдых». І я яго зрабіла. Устала і пайшла.

У гэты перыяд Марыю пачало беспадстаўна ванітаваць. Яна зрабіла тэст на цяжарнасць, ён паказаў дзве палоскі. Першая рэакцыя была змяшанай: «Шок і радасць». «Гадзіну ці дзве» Марыя глядзела на вынік і не разумела, як рэагаваць.

— Напісала пра гэта куратару. Сказала, што мяне трэба тэрмінова вывозіць. Я разумела, што ў Расіі не змагу паказацца ніводнаму доктару, здаць аналізы або зрабіць УГД. Па-першае, у мяне няма дакументаў. Па-другое, у нейкі дзень я зайшла на сайт федэральнага вышуку і ўбачыла там сваё прозвішча. Было ясна: калі яно дзесьці засвеціцца, мяне забяруць, — успамінае Марыя. — Доўгі час я не ведала, што з маім дзіцем. Жыла надзеямі, што з ім усё будзе добра. І толькі калі ён пачаў варушыцца, зразумела: жывы.

З навіной пра цяжарнасць Марыю ўсё часцей сталі наведваць думкі пра тое, што трэба вяртацца ў Беларусь. Адзін са знаёмых яе ідэю падтрымаў. Супакойваў: «Калі следчы даведаецца, што ты цяжарная, справу закрыюць». Яна і сама пачынала верыць, што з малым ім нічога не зробяць, але дзіця яе і спыніла.

— Разумела: я нараджу, мяне пасадзяць, а малога аддадуць бацькам. Гэтыя думкі не давалі мне спакою. Я не ведала, ехаць ці не. Мяне мучылі кашмары, — расказвае суразмоўніца. — У той перыяд я ўвесь час малілася і шмат плакала. Я не ведала, што рабіць. У мяне не было падтрымкі. Звязвацца з кімсьці з блізкіх было забаронена.

Тату будучага дзіцяці пра цяжарнасць Марыя сказала не адразу. Размаўлялі яны рэдка і праз пасярэдніка. Дзяўчына разумела, што ён будзе нервавацца, можа рвануць да яе. Магчыма, за ім сачылі і ён мог бы прывесці паліцыю да нашай суразмоўніцы.

— Усё, што мне заставалася — сядзець і чакаць адказу ад BYSOL. Куратар запэўніваў: «Мы цябе вывезем, мы цябе вывезем». Казаў, «зялёнка» надыдзе, то-бок пазелянеюць трава і дрэвы, і пойдзем. Я жыла гэтымі думкамі. Кожны дзень глядзела ў акно, радавалася кожнаму лісточку. Думала, значыць, вось-вось пайду. А потым, калі я пачала адчуваць варушэнне малога, а мне ўсё яшчэ адказвалі: «Няма шляхоў», напісала куратару: «Я сама пайду ў Літву». Ён адрэагаваў: «Паспрабуй», — успамінае Марыя, як прыняла адно з самых складаных рашэнняў у жыцці.

Усе месяцы ў Расіі яна вывучала карты.

— Усвядоміўшы, што трэба дзейнічаць самой, пачала пісаць у розныя арганізацыі — «Вясне», у штаб Ціханоўскай, журналістам. Прасіла дапамагчы, усе адказвалі, што не могуць, і раілі звярнуцца ў BYSOL, — працягвае Марыя. — А потым мяне звялі з Дзімам (палітвязень, з якім Марыя ўцякла ў Літву. — Заўв. рэд.). Мы звязаліся, і ён сказаў, дзе і ў колькі я павінная быць.

Перад уцёкамі трэба было вярнуцца ў Беларусь.

«Відаць, праз тое, што я шмат нервавалася і плакала, жывот не рос»

На дварэ ўжо стаяла лета. Дзень «Х» быў прызначаны праз тыдзень. На той момант Марыя ўжо жыла ў чацвёртым па ліку горадзе Расіі: кватэру з вялікім доўгам за камуналку гаспадар у нейкі момант папрасіў вызваліць.

Траса М-6. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Сакавік 2019-га. Фота: TUT.BY

— Вярнуцца ў Беларусь мне дапамагаў BYSOL. Частку дарогі я мусіла ехаць на BlaBlaCar (анлайн-сэрвіс пошуку аўтамабільных спадарожнікаў. — Заўв. рэд.). З дому ў дарогу я выходзіла з дзвюма думкамі. Адна: «Усё будзе добра». Другая: «А калі мяне зловяць?» Яны не давалі мне спакою. Двое сутак у дарозе мне хацелася плакаць. У спадарожных машынах старалася стрымліваць сябе з усіх сіл, — не хавае Марыя і ўспамінае, як з самага пачатку ўсё пайшло не па плане. — Першую машыну, на якой мне трэба было дабрацца да Масквы, я замовіла на дзесяць вечара. Час прыйшоў, а яна ўсё не пад’язджала. Аказалася, яны мяне не заўважылі і ўжо праехалі восем кіламетраў. Калі патэлефанавала кіроўцу, ён вярнуўся, забраў, але на наступную забраніраваную машыну я спазнілася. На ёй я збіралася дабрацца да патрэбнай памежнай расійскай вёскі.

Праз BlaBlaCar знайшла іншую. Даехала. У вёсцы Марыю сустрэлі праваднікі ад BYSOL. Яны давезлі яе да Беларусі. Адсюль ужо Маша дабралася ў прызначаны Дзімам пункт. Калі яны сустрэліся, гадзіннік паказваў каля васьмі вечара.

— У мяне, лічы, набліжаўся шосты месяц, але, мабыць, праз тое, што я шмат нервавалася і плакала, жывот не рос. Да таго ж я мажненькая, надзела свабодную кофту, таму хлопцы нават не заўважылі, што я цяжарная, — усміхаецца суразмоўніца. — Проста сказалі: «Нас папярэдзілі, што ты не адна». Мне трапіліся добрыя людзі. Усю дарогу Дзіма пытаў, ці ўсё ў мяне ў парадку. Калі мы пераадольвалі раку, ён узяў на сябе яшчэ і мой заплечнік з рэчамі.

Што трэба плыць, Марыя ведала адразу. Дакладней, яе папярэдзілі, што можа быць два спосабы: скакаць праз плот або перабірацца праз раку. Яна была гатовая і да першага, і да другога.

— Пасля таго як мы з хлопцамі сустрэліся, трэба было дабрацца да памежнай вёскі. Мы выклікалі таксі. Усю дарогу здавалася, што кіроўца хоча ў нас нешта спытаць, але ён маўчаў. Было страшна, што ён патэлефануе памежнікам і паведаміць: «Такія пад’ехалі»,-апісвае суразмоўніца самы напружаны момант дарогі. — Далей да мяжы ішлі пешшу. Увесь час даводзілася прысаджвацца і прыглядацца, каб ніводная машына нас не заўважыла. Па полі, там расла не асабліва высокая трава, прабіраліся на кукішках. Ісці трэба было няшмат, хоць, можа, і шмат. У мяне было столькі адрэналіну, што здалося, нібы ўсё гэта мы прайшлі за хвіліну.

Дзень быў цёплы. Ліпень. Рака знаходзілася ў полі. Дзіма пачаў глядзець, як бы зручней у яе ўвайсці. Яго сябар дзейнічаў больш рашуча: рассунуў рукамі чарот і паплыў. Маша за ім, Дзіма — трэцім.

— Часу распранацца не было, таму плылі ў вопратцы. Адлегласць невялікая — метраў пяцьдзясят. Плаваю я добра, таму не баялася, — успамінае суразмоўніца. — На другім беразе нас сустрэў плот. Пайшлі ўздоўж яго. Там крапіва, калючы дрот, ямкі, вада. Ішлі, перыядычна спатыкаліся і падалі. У мяне была адна думка: не стукнуцца жыватом. У асноўным я прызямлялася на калені. Зачапілася за калючку і парвала штаны.

У нейкі момант група заўважыла «дзірку ў плоце». Перабраліся праз яе. Там стаялі памежныя слупы. Было зразумела — гэта Літва. Гадзіннік паказваў каля паўночы.

— Мы пераапрануліся і звярнулі ўвагу, што ў наш бок едзе памежная машына. Калі я ўбачыла памежнікаў, на душы, проста па пстрычцы пальцаў, наступіла супакаенне, — апісвае Марыя, што адчувала ў той момант. — З імі мы паехалі на заставу. Калі я там сказала, што цяжарная, памежнікі такія: «Цяжарная? І пераплывала?» Спытала, ці ёсць у іх доктар. Яны прапанавалі: «Калі табе кепска, выклічам хуткую», але я адчувала сябе нармальна. Толькі вельмі хацела спаць: на нагах я была ўжо другія суткі. У хлопцаў таксама закрываліся вочы. Памежнікі яшчэ пажартавалі: «Трэба было днём у Літву ісці». Мы адказалі: «Дык днём небяспечна», яны пасмяяліся: «Дык трэба ж рызыкаваць». Наогул, яны паставіліся да нас выдатна.

Беларусаў аформілі, іх брудныя рэчы закінулі ў пральную машыну, а іх саміх завялі ў камеры. Хлопцы былі ўдвух, Маша — адна. У памяшканні былі коўдра, падушка, мяккі матрац, чайнік. Уцекачам прапанавалі прыняць душ, але адрэналін адпусціў, і хацелася толькі спаць. А 4-й раніцы Марыю ненадоўга пабудзілі, папрасілі напісаць заяву на палітычны прытулак. Да 9-й раніцы прыехалі следчы і адвакат, адкрылі справу. Праз дзве гадзіны размовы з імі Маша вярнулася ў камеру і адсыпалася да вечара.

— На заставе прабылі двое сутак. Там мы спакойна перасоўваліся: маглі схадзіць у душ, выйсці на двор, — апісвае абстаноўку Марыя. — Потым хлопцаў забрала «Дапамога» (арганізацыя, якая дапамагае з размяшчэннем у Літве і забяспечаннем рэчамі першай неабходнасці рэпрэсаваным на радзіме беларусам. — Заўв. рэд.), а я паехала ў лагер для уцекачоў. Падумала, што змагу тут атрымаць медыцынскую дапамогу. Разлічвала, там знаходзіцца шмат беларусаў і ўкраінцаў, але аказалася, вакол толькі выхадцы з Усходу.

У іх, успамінае Маша, свае правілы зносін. Пасля перажытага знаходзіцца ў такім становішчы псіхалагічна аказалася няпроста, таму дзяўчына патэлефанавала ў «Дапамогу» і папрасіла забраць да сябе і яе.

— Я вельмі ўдзячная гэтай арганізацыі. Мяне пасялілі ў Беларускі дом. Вакол былі выдатныя людзі, беларусы. Таксама збеглі. Псіхіка пачала наладжвацца. Праз два тыдні мне перасталі сніцца кашмары, дакладней кашмар. Гэта быў той самы сон, які паўтараўся з дня ў дзень. У ім мяне лавіла міліцыя, круціла, збівала, — кажа Марыя. — У Вільнюсе я супакоілася, перастала ўвесь час плакаць, пачала лепш есці, і літаральна тыдні за два ў мяне вырас жывот. Усе дзівіліся, як такое магчыма.

«Калі была ў Расіі, часта думала, навошта я напісала гэтыя каменты»

Да доктара Марыя пайшла праз два тыдні. Першы паход у бальніцу скончыўся няўдала. Дакументаў у яе не было, на прыёме яна расказала, што бегла з краіны і не ведае, што з дзіцем.

Фото: Reuters
Мама і дзіця. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

— Мне сказалі: «Ты не нараджаеш, у цябе няма крывацёку, чаму ты прыйшла?» Увогуле, мне там далі зразумець: «Да пабачэння», — успамінае Марыя. — На наступны дзень ментарка ад «Дапамогі» і яе хлопец адвезлі мяне ў іншую бальніцу. Там мяне абследавалі, паведамілі, што з малым усё добра, і папрасілі не перажываць.

Пасля пераезду ў Літву свой стан Маша апісвае адным словам — выдатны. Месяцы праз два яна зняла кватэру, а крыху пазней, вырашыўшы ўсе пытанні з дакументамі, да яе прыехаў малады чалавек. На родах яны былі ўдваіх. Будучы тата нерваваўся: «Ой, мне кепска, мне кепска». Марыя яго супакойвала: «Выйдзі падыхай». У астатнім, кажа, усё прайшло добра. Хлопчык нарадзіўся здаровым. Цяпер, жартуе мама, бацькам ён часам не дае сумаваць.

— Калі была ў Расіі, часта думала, навошта я напісала гэтыя каменты. Навошта палезла? — успамінае суразмоўніца. — Хоць цяпер у нейкай меры я нават удзячная міліцыі за тое, што здарылася. Цяпер я жыву ў свабоднай краіне. Мы з дзіцем атрымалі тут статус бежанца, і ў нас усё добра.

З каханым чалавекам і сынам Маша паволі ўладкоўваецца ў Літве. І цяпер, кажа маладая мама, яна амаль не плача:

— Хіба што ад шчасця. Калі дзіця засвоіла новы навык, напрыклад, на жывоцік само перавярнулася — у мяне слёзы на вачах.

Чытайце таксама