У Беларусі збіраюцца выкладаць новую версію гісторыі, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі разважае пра пераацэненасць Тадэвуша Касцюшкі, а на гістфаку БДУ знішчаюць выяву Кастуся Каліноўскага. Здаецца, улады сур’ёзна ўзяліся ідэалагічна перарабляць мінулае. Мы паразмаўлялі з гісторыкам Яўгенам Красуліным пра сітуацыю на гістарычным факультэце БДУ пасля 2020 года, ціск улады на навукоўцаў, самацэнзуру і імклівы рух Беларусі ў бок таталітарызму.
Яўген Красулін — кандыдат гістарычных навук. Скончыў гістарычны факультэт і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000). Працаваў на гістфаку БДУ з 2005 года. Спачатку спецыялізаваўся на вывучэнні цывілізацыі мая. Кола інтарэсаў: гісторыя Кітая, мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, дыктатарскія рэжымы Лацінскай Амерыкі.
«Паступаюць сігналы, вас бачаць на варожых тэлеканалах»
— Вас звольнілі з БДУ ў лютым 2022 года. Раскажыце, як гэта было.
— Мая сям’я яшчэ ў 2020 годзе пераехала ў Вільнюс. Амаль паўтара года я пражыў у Мінску адзін. Яшчэ былі кавідныя абмежаванні плюс лекцыі ва ўніверсітэце, таму часта ездзіць у Вільнюс я не мог. Дыстанцыйна весці заняткі на факультэце не дазвалялі. Такая палітыка: за выкладчыкам мусіць быць кантроль.
З восені 2021 года ўвага да мяне пачала расці. З’явіліся праверкі на лекцыях. На мяне напісалі некалькі даносаў.
— Даносаў?
— Так. Пра тое, што я выступаў на «Белсаце». Акрамя таго, я афіляваны даволі шчыльна з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Пісаў для іх праграмы і стратэгіі, дапамагаў рыхтаваць кандыдатаў да элекцыйных кампаній. Аднойчы выклікалі на размову ў дэканат: «Паступаюць сігналы, вас бачаць на варожых тэлеканалах». Так і даведаўся, што на мяне нешта напісалі. Цікава, хто гэта ў БДУ глядзіць «варожыя тэлеканалы»?
У канцы 2021 года я ўзяў адпачынак за свой кошт і паехаў да сям'і ў Вільнюс. І так здарылася, што я захварэў на «карону» ў апошні дзень паездкі. Давялося пайсці на самаізаляцыю на дзесяць дзён. Адначасова ў мяне пачыналіся лекцыі. Я прачытаў дзве анлайн. Як мне потым сказалі, на факультэце гэта ўспрынялі ледзь не як крымінал. Лекцыі анлайн! Я бачыў, што сітуацыя ўсё больш напружаная, і ў выніку вырашыў застацца ў Літве. Гэта лепш, чым прымушаць сваякоў насіць мне перадачы ў Беларусі. Зразумела, што з БДУ мяне звольнілі па артыкуле пра прагулы.
Дарэчы, на мяне даўно са здзіўленнем глядзелі калегі: як я працую ўвогуле? Яшчэ і на свабодзе. Усе думалі, што мяне звольняць у першую чаргу.
— Вы абмяркоўвалі сітуацыю з дэканам?
— Была кароткая перапіска. Але ў асноўным мне дасылалі сухія афіцыйныя паведамленні.
— Пасля 2020 года змянілі дэканаў на многіх факультэтах. Але, гляджу, Аляксандр Каханоўскі ўзначальвае гістфак дагэтуль, з 2016 года. Якія ў вас былі адносіны?
— Розныя былі перыяды. Не магу сказаць, што на мяне моцна ціснулі, хаця ўсе і ведалі пра маю палітычную дзейнасць. На «Белсаце» я заўсёды прадстаўляўся як спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях. Дэкан мог мяне сустрэць у калідорах факультэта і спытаць: «Ну што, як маецеся, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях?»
Аляксандр Генадзевіч — сын даволі вядомага дзеяча з Маладзечна, гісторыка Генадзя Каханоўскага. Яго бацька быў апантаны беларушчынай. І ў прыватных размовах дэкан даваў мне зразумець, што ён патрыёт Беларусі. Толькі, думаю, Беларусь мы бачым па-рознаму. Для яго галоўнае — захаваць факультэт. Але тут ёсць небяспека. Калі ты імкнешся захаваць яго любой цаной, можа дайсці да таго, што гэта будзе што заўгодна, але не гістарычны факультэт.
— А як цяпер? Гэта яшчэ гістарычны факультэт? Што расказваюць калегі пра атмасферу там?
— Там ідуць розныя працэсы. Ёсць людзі, якія па-ранейшаму займаюцца навукай і выкладаннем, але бачна, як павялічваецца і ідэалагічны ціск. Я ж не адзін пайшоў. Выкладчыцкі корпус пачысцілі і працягваюць чысціць. Пасля 2020 года звольніліся прынамсі тры чалавекі, яшчэ чатырох штатных выкладчыкаў і некалькіх сумяшчальнікаў звольнілі. Апошняе вядомае мне звальненне было першага чэрвеня. Паказалі на дзверы выкладчыку, які займаў актыўную пазіцыю: выступаў супраць гвалту, падпісваў адпаведныя лісты.
Звальненні — гэта не толькі трагедыі асабістых людзей, але і праблема для сістэмы адукацыі. У нас вельмі вялікая нагрузка на выкладчыкаў. Нідзе я не бачыў, каб столькі аўдыторных гадзін было ў лектараў, як у Беларусі. Калі яны адыходзяць, агаляюцца курсы, іх трэба камусьці чытаць. На змену шукаюць маладых спецыялістаў. Цярпіць агульны ўзровень адукацыі. Гэта ўплывае і на папулярнасць факультэта (раней на гістфак шлі адносна моцныя абітурыенты). У выніку перспектывы беларускай гістарычнай навукі выглядаюць так сабе.
На факультэце заўсёды былі розныя людзі, і гэта нармальна. Можна ўспомніць, што вядомы палітзняволены Эдуард Пальчыс і крыху менш вядомы дэпутат Сяргей Клішэвіч вучыліся ў адной групе. Сустракаліся і такія, што прывыклі жыць у атмасферы абсалютнай хлусні. Іх было няшмат. Магчыма, зараз будзе болей.
— Студэнтаў таксама адлічваюць?
— Адлічэнні студэнтаў праз палітычную актыўнасць на гістфаку былі заўжды. Пасля 2020-га іх стала больш.
Разумееце, гістфак заўсёды вылучаўся сваёй пазіцыяй. У старым будынку на Чырвонаармейскай дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг вісеў за тоўстым шклом. Ведаеце чаму?
— Чаму?
— Былі неаднаразовыя спробы падпалу.
«У адной краіне дэмакратычна выбралі кіраўніка, потым ён разагнаў парламент, пайшлі фальсіфікацыі на выбарах, пагоршылася эканоміка, пачаліся рэпрэсіі. Што за краіна?»
— Вы кажаце, што на вашых лекцыях былі праверкі. Пра што былі лекцыі?
— Пра дакаланіяльныя афрыканскія культуры.
— Якую крамолу можна знайсці ў такой тэме?
— Знайсці цяжка, але можна. Вось была такая цікавая дзяржава Зімбабвэ на мяжы Сярэдніх вякоў і Новага часу. І пасля візіту Лукашэнкі ў Афрыку гісторыя Зімбабвэ раптам стала палітычнай тэмай.
Яшчэ я чытаў лекцыі па гісторыі Лацінскай Амерыкі ХХ — пачатку XXI стагоддзя. Дык там усе хутка бачаць паралелі. Апішу вам сітуацыю. У адной краіне дэмакратычна выбралі кіраўніка, потым ён разагнаў парламент, пайшлі фальсіфікацыі на выбарах, пагоршылася эканоміка, пачаліся рэпрэсіі (у тым ліку супраць выкладчыкаў універсітэтаў). Што за краіна? Правільна, Венесуэла.
Праблема праверак не ў пошуку крамолы. Ну, прыходзяць людзі з рэктарата на твае лекцыі, выбачаюцца, кажуць, што правераць прысутнасць студэнтаў. Я адчуваў сябе ў аўдыторыі досыць свабодна. Але ў некаторых выкладчыкаў можа ўзнікнуць унутраная самацэнзура: ага, пра гэта лепш не казаць, пра гэта лепш не размаўляць — і ўвогуле трэба трымацца ў рамках. Мала што. Раптам хтосьці са студэнтаў пойдзе і паскардзіцца. І калі лектар так думае, гэта адчуваюць і ягоныя слухачы. Гэта не дае захапіцца самому і захапіць іншых тэмай, адцягвае ўвагу. Такая сітуацыя ператварае навучанне ў пакуты — і для выкладчыка, і для студэнтаў.
Цяпер я шмат размаўляю з беларусамі, якія павучыліся ў замежных універсітэтах. І яны адзначаюць, якая атмасфера свабоды і заахвочвання ініцыятывы вучняў пануе там у параўнанні з беларускімі навучальнымі ўстановамі.
— Ці быў кантроль над выкладчыкамі на этапе распрацоўкі праграмаў, выбару тэмаў для курсавых і дыпломных?
— Праграму піша выкладчык, потым яна рэцэнзуецца. Я напісаў шмат праграмаў і выкладаў шмат курсаў, але ніводнага разу не сустракаў, каб мяне прымушалі нешта выдаляць ці дадаваць. Я пісаў тое, што лічыў патрэбным і істотным. Але гэта было да 2022 года. Цяпер, наколькі ведаю, стала больш сурова.
Памятаю, напрыклад, быў курс для магістрантаў «Дыктатарскія рэжымы Лацінскай Амерыкі». Цудоўна дазваляў паказаць, як нараджаюцца дыктатуры, хто можа зрабіцца дыктатарам (псіхалагічны партрэт), чаму грамадства можа даволі доўга цярпець дыктатуру. Гэты курс быў вельмі карысны для магістрантаў і для мяне асабіста — для структуравання сваіх уяўленняў пра дыктатуру і грамадства за ёй і пасля яе.
— І якія высновы для Беларусі можна зрабіць з досведу Лацінскай Амерыкі?
— З дыктатуры цяжка выйсці. Часта адна дыктатура пераходзіць у іншую. Ці пачынаецца грамадзянская вайна. Асабліва калі дыктатуру спрабуюць зрынуць сілай. Гэта вельмі небяспечны момант. Таму нам трэба як мага даўжэй трымацца мірных і дыпламатычных варыянтаў выхаду з палітычнага крызісу. Пакуль што надзея ёсць.
«Расійскасць — гэта частка карціны свету Лукашэнкі»
— Я сачу за старонкай гістфака на Facebook. Там пісалі пра «рубрыку», якая мяне ўразіла. Яна называецца «Шлях да прэзідэнцкага прызнання». Пра тое, якія высілкі робіць здольная і таленавітая моладзь, каб так званы прэзідэнт яе заўважыў і прызнаў! Зараз будуць спробы выгадаваць моладзь з такой карцінай свету: ёсць вялікі, вышэйшы за Бога, «прэзідэнт», які даў нам суверэнітэт і мірнае неба. І няважна, што там насамрэч адбываецца з гэтым суверэнітэтам, што і на каго сыплецца з гэтага мірнага неба.
— Гэта нагадвае спробы стварыць культ асобы?
— Культ асобы ствараецца досыць даўно. 2020 год паказаў, наколькі непаспяховай была гэтая спроба. Улада гэта пабачыла і цяпер спрабуе іначай. Калі раней беларуская мадэль была аўтарытарная, то цяпер яна набліжаецца да таталітарнай.
— У чым розніца?
— Аўтарытарная мадэль ахоплівае толькі сферу палітыкі — улада манапалізуе яе. Усе астатнія сферы — калі ласка: можаце займацца бізнесам, навукай, чым хочаце. Галоўнае не лезці ў палітыку. Абсалютная палітычная дэмабілізацыя ў грамадстве была відавочная. Але раптам высветлілася, што гэта не працуе. Ніхто не чакаў такога маштабу пратэстаў ні ў 2010-м, ні тым больш у 2020 годзе.
Вось улады і выкарысталі іншы падыход (хутчэй за ўсё, інтуітыўна) — таталітарную мабілізацыю. Яна заўсёды ствараецца вакол нейкай ідэі — напрыклад, ідэі камунізму. Праблема ў тым, што ва ўлады ніколі не было ніякіх ідэяў. Адзінае, што за ўсе гады змог прапанаваць Лукашэнка, — будаванне такога светлага мінулага, такога Савецкага Саюза часоў Брэжнева. І вось цяпер яны спрабуюць дапоўніць гэта светлае мінулае ідэямі генацыду беларускага народа і атмасферай варожага атачэння. У сістэме адукацыі будзе больш увагі на гэты комплекс ідэяў.
— Мы ўсе вучыліся ў беларускіх школах і ўніверсітэтах. І там заўсёды былі розныя ідэалагічныя рэчы: хвілінкі палітінфармацыі, дзіўныя параграфы ў падручніках па гісторыі Беларусі і г. д. Але, мне здаецца, гэта заўсёды было настолькі прасякнутае духам бюракратызму і штучнасці, што ніхто не ставіўся да гэтага сур’ёзна. Гэтым разам прапаганда можа быць эфектыўнейшай?
— Можам звярнуцца да метаду гістарычнай аналогіі. Савецкі Саюз. Нас са школьнай лавы вучылі, як нам пашчасціла нарадзіцца ў найлепшай краіне з самым шчаслівым дзяцінствам і як Захад марыць нас знішчыць. І гэта дало свой плён — у тым ліку ў выглядзе нашых сучасных праблемаў. Беларусы ў значнай ступені павяліся на савецкія ідэалагічныя наратывы. Нават сярод студэнтаў, якія нарадзіліся пасля распаду Саюза, ёсць тыя, хто верыць, што Саюз — самая цудоўная дзяржава.
І гэта не толькі камунізм, гэта яшчэ і расійскасць. Вось вы скончылі беларускую школу, беларускі ўніверсітэт, але размаўляеце на рускай мове?
— Так.
— Вось. Мова — гэта адзін з падмуркаў існавання нацыі і, адпаведна, існавання дзяржавы. Многія беларусы думаюць: навошта нам гэтая беларуская мова? У нас жа ёсць «великий и могучий русский язык и русская культура». Такі светапогляд нанёс каласальную траўму беларусам, што і прывяло ў тым ліку да цяперашніх праблемаў.
Улады нездарма пачалі спробы перагледзець гісторыю, каб яшчэ больш прывязаць Беларусь да Расіі. Гісторыя, мова, культура — істотныя сферы, праз якія можна змяняць светапогляд народа і маніпуляваць ім. Цяпер, мабыць, ніхто не верыць у ідэі камунізму, але ў расійскасць вераць многія.
І мы атрымліваем тое, што атрымліваем. Ніхто не ўспрымае нас як асобную нацыю. Нават многія беларусы не ўспрымаюць сябе як асобную нацыю. Вось калі б ва ўсім астатнім свеце ведалі, што Беларусь — гэта не Расія, у нас не было б вялікай долі сучасных праблемаў. Цяпер мы прыкладаем шмат высілкаў, каб пераканаць свет, што Беларусь — гэта не Расія.
— Чаму рэжыму так важна, каб беларусы былі часткай рускага свету? Аўтарытарызм можна будаваць і на ідэях нацыянальнай велічы.
— Таму што расійскасць — гэта частка карціны свету Лукашэнкі і яго прыхільнікаў. Яны проста адчуваюць сябе рускімі (мабыць, толькі са знакам якасці).
Але, думаю, ёсць яшчэ адна рэч. У Лукашэнкі раз-пораз адбываецца рэцыдыў старой мары — заняць расійскі трон. Для яго, як для любога савецкага хлопчыка, Масква — цэнтр сусвету. Гэтая мара зноў стала актуальнай з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, бо Пуцін пачаў страчваць пазіцыі праз няўдачы на вайне. А каб здзейсніць гэтую мару, Лукашэнку трэба быць расійскім, а не беларускім актарам, працаваць на расійскую аўдыторыю.
— Які прагноз для Беларусі можа даць гісторык?
— Перамены непазбежныя. Гісторыкі яшчэ не бачылі ніводнага вечнага рэжыму і кіраўніка. Але пасля пераменаў мы сутыкнёмся з праблемамі, траўмамі — і невядома, як гэта нам адгукнецца.
Галоўнае — захаваць мір, бо ў вайну (асабліва грамадзянскую) у нашай сітуацыі вельмі лёгка скаціцца. А вось выкараскацца з яе, як дэманструе гісторыя, вельмі цяжка. І вынікі яе будуць непрадказальнымі.