Штогод у Беларусі рэгіструецца ад 1,5 да 2 тысяч карупцыйных злачынстваў, да крымінальнай адказнасці прыцягваюць у сярэднім да тысячы чалавек, паведаміў выданню «СБ. Беларусь сегодня» генпракурор Андрэй Швед. Ён таксама назваў самую карумпаваную сферу ў Беларусі.
З пачатку года ў краіне зарэгістравалі ўжо больш за 620 карупцыйных злачынстваў. Больш за ўсё распаўсюджаныя хабарніцтва, службовыя крадзяжы, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і перавышэнне ўлады.
«Што да сфер, найбольш схільных да карупцыі, то тут варта вылучыць сельскую гаспадарку. Мы прыкметна актывізавалі працу ў АПК на даручэнне кіраўніка дзяржавы ў гэтым кірунку. Толькі за студзень-травень 2023 года ў аграрнай галіне выяўлена больш за 160 карупцыйных злачынстваў, што ў разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (57)», — расказаў Швед.
Па-ранейшаму не выключаныя факты неабгрунтаванага пасярэдніцтва, а таксама нерацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў і атрымання незаконных узнагародаў.
Прычынамі карупцыі Швед перш за ўсё лічыць «недахопы ў арганізацыі прафілактычнай працы, якая праводзіцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі».