Дзевяцярых фігурантаў «справы TUT.BY», якія праходзілі па артыкуле за дапамаганне ў нявыплаце падаткаў, памілавалі.
«Днямі ў гэтай гісторыі была пастаўленая кропка — нас памілавалі (прашэнне было пададзенае яшчэ ў канцы снежня)», — паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку гендырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў.
Паводле інфармацыі «Люстэрка», усяго памілавалі 9 фігурантаў «справы TUT.BY», якім інкрымінавалі дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Раней яны заяўлялі хадайніцтвы пра вызваленне ад крымінальнай адказнасці.
Сутнасць прэтэнзіі па крымінальнай справе супраць ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» была ў тым, што кампанія, з’яўляючыся рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій (ПВТ), нібыта атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.
«Справа TUT.BY»
Нагадаем, раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі ўварваліся з ператрусам у галоўны офіс TUT.BY у Мінску і рэгіянальныя офісы ў Брэсце, Гомелі, Віцебску, Магілёве і Гродне, а таксама па месцы жыхарства некаторых супрацоўнікаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». Усяго былі затрыманыя 15 чалавек. Сярод іх — генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, галоўны інжынер Ала Лапатка, намеснік генеральнага дырэктара TUT.BY па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, намеснік генеральнага дырэктара TUT.BY па агульных пытаннях Ірына Рыбалка, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка, экс-юрысконсульт Ірына Касцючэнка, менеджар праекта TAM.BY Дар’я Данілава, менеджар Publisher Box Андрэй Аўдзееў, удава заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юлія Чарняўская. А таксама супрацоўніцы рэдакцыі: Марына Золатава, Вольга Лойка і Алена Талкачова.
Цягам года частку затрыманых па справе, якія знаходзіліся ў СІЗА, выпускалі — ім змянялі меру стрымання. На момант пачатку судовага працэсу 9 студзеня 2023 года за кратамі заставаліся Марына Золатава і Людміла Чэкіна.
17 сакавіка 2023 года суддзя Валянціна Зянкевіч прызнала Марыну Золатаву вінаватай па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і арт. 130 КК (Распальванне варожасці). Людмілу Чэкіну абвінавацілі па трох артыкулах: арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў), арт. 130 КК (Распальванне варожасці). Абедзвюх суддзя асудзіла на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Агулам разгляд крымінальнай справы заняў амаль два месяцы, прайшло 37 паседжанняў.
Алену Талкачову, Вольгу Лойку і Кацярыну Ткачэнка абвясцілі ў вышук пасля таго, як яны не з’явіліся ў суд.
Чытайце таксама