На тэрыторыі Віцебскай вобласці выяўленыя выпадкі захворвання на адзёр. У цяперашні час сітуацыя ў краіне кантраляваная, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У Рэспубліцы Беларусь штогод рэгіструюцца выпадкі завозу віруса адру на тэрыторыю краіны (за выключэннем 2008, 2009, 2020, 2022 гадоў). У апошнія 10 гадоў найбольшая захворвальнасць на адзёр рэгістравалася ў 2018 і 2019 гадах — больш за 2 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва.
Узбуджальнік адру — вірус з сямейства параміксавірусаў. Ён перадаецца ад хворага чалавека да здаровага паветрана-кропельным шляхам пры чханні, кашлі, размове разам з драбнюткімі кропелькамі сліны і слізі. З патокамі паветра вірус можа распаўсюджвацца па памяшканнях даволі далёка: праз калідоры і вентыляцыйныя шахты ў суседнія пакоі, кватэры. Вірус застаецца актыўным і кантагіёзным у паветры або на інфікаваных паверхнях цягам 2 гадзін.
Крыніца інфекцыі — хворы на адзёр чалавек у перыяд, які пачынаецца за 4 дні да з’яўлення сыпу і заканчваецца праз 4 дні пасля яго з’яўлення. Інкубацыйны перыяд складае ў сярэднім 9−11 дзён.
Захворванне пачынаецца з павышэння тэмпературы цела. На пачатковай стадыі праяўляецца ў выглядзе агульнай слабасці, катаральных з’яваў (насмарк, пяршэнне ў горле, кашаль). На другі-трэці дзень хваробы з’яўляюцца спецыфічныя сімптомы адру: кан’юктывіт (пачырваненне вачэй, слёзацёк, боязь святла), высыпанні ў выглядзе дробных белых плям на ўнутранай паверхні шчок (падобныя да крупінак манкі ў чырвонай аблямоўцы). На чацвёрты-пяты дзень хваробы з’яўляецца пляміста-папулезны сып ружовага колеру, схільны да зліцця, для якога характэрная этапнасць высыпання цягам 3−4 дзён: спачатку з’яўляецца за вушамі, на твары, шыі, затым на тулаве, а на наступны дзень — на верхніх і ніжніх канечнасцях. Перыяд высыпанняў змяняецца перыядам пігментацыі і перажывае зваротную паслядоўнасць знікнення сыпу.
Адзёр, арыентыровачна ў 40% выпадкаў, можа мець ускладненае цячэнне. Звычайна ўскладненні сустракаюцца ў дзяцей да пяці гадоў і дарослых з аслабленым імунітэтам. Самыя частыя ўскладненні адру — інфекцыі дыхальных шляхоў (адзёрны круп, бранхіт, пнеўманія), слепата, атыт, цяжкая дыярэя з абязводжваннем, паражэнне галаўнога мозгу (энцэфаліт, менінгаэнцефаліт). Большасць смяротных выпадкаў адру адбываецца праз ускладненні.
Перанесены адзёр фармуе трывалы пажыццёвы імунітэт.
Метадаў спецыфічнага лячэння адру не існуе, але захворванне можна перадухіліць з дапамогай вакцынацыі — як самага бяспечнага і эфектыўнага спосабу абароны.
Для барацьбы з адром вакцынацыя выкарыстоўваецца ўжо больш за 50 гадоў. Вакцынацыя жывой вакцынай пачалася ў краінах еўрапейскага рэгіёна з 1967 года. У 1971 годзе створаная камбінаваная (трохвалентная) вакцына супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі, якую з 1996 года пачалі выкарыстоўваць у нашай краіне.
Вакцыны супраць адру маюць высокую эфектыўнасць. Пасля ўвядзення адной дозы вакцыны, якая змяшчае адзёрны кампанент, у больш чым 95% прышчэпленых фармуецца даўгачасная імунная абарона арганізма, пасля ўвядзення другой дозы эфектыўнасць дасягае практычна 100%. Такім чынам, для працяглай абароны патрабуюцца дзве дозы вакцыны.
У Беларусі вакцынацыя супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі праводзіцца згодна з нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак (дзве прышчэпкі ва ўзросце 12 месяцаў і 6 гадоў).
Спецыялісты рэкамендуюць удакладніць свой прышчэпачны статус супраць адру ў тэрытарыяльнай арганізацыі аховы здароўя і зрабіць прафілактычныя прышчэпкі, калі адсутнічаюць дакументальныя звесткі пра вакцынацыю супраць адру, пра перанесеную хваробу, пра вынікі сералагічных даследаванняў крыві, якія пацвярджаюць наяўнасць ахоўных узроўняў IgG-антыцелаў да віруса адру, або калі ёсць дакументальныя звесткі толькі пра адну прафілактычную прышчэпку супраць адру.