У Гомелі 17 лютага абвясцілі прысуд абвінавачаным па крымінальнай справе «Рабочага руху», піша «Гомельская праўда».
У справе было 38 тамоў, уключаючы сакрэтны. Суд доўжыўся тры месяцы, большая частка працэсу праходзіла ў закрытым рэжыме. Абвінавачаныя адмовіліся даваць паказанні. Віну ў здрадзе дзяржаве яны не прызналі.
Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка і Андрэй Пагерыла прызнаныя вінаватымі па арт. 188 (Паклёп), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) КК.
Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінец, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — па ч.1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) КК.
Аляксандр Капшуль — па ч. 2 арт. 295 (Незаконныя набыццё, захоўванне і перавозка боепрыпасаў), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) КК.
Суд прызначыў:
- Сяргею Шэлесту — 14 гадоў
- Уладзіміру Жураўку — 15 гадоў
- Андрэю Пагерылу — 14 гадоў
- Ганне Аблаб — 11 гадоў
- Аляксандру Гашнікаву — 14 гадоў
- Сяргею Дзюбу — 12 гадоў
- Ігару Мінцу — 12 гадоў
- Валянціну Цераневічу — 12 гадоў
- Сяргею Шамецьку — 12 гадоў
- Аляксандру Капшулю — 15 гадоў
Нагадаем, 22 жніўня мінулага года КДБ паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы «Рабочага руху», у які ўвайшлі былыя і дзейныя работнікі шэрагу найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў.
«Падчас папярэдняга следства ўстаноўлена, што ўдзельнікі названага фарміравання, акрамя здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці, ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, непасрэдна да ажыццяўляных імі спосабаў па абыходзе мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама варыянты процідзеяння такім спосабам», — паведамляла прэс-служба КДБ.
Паводле звестак ведамства, асобныя ўдзельнікі «Рабочага руху», які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем, планавалі варыянты блакавання вытворчай дзейнасці ААТ «Гродна Азот» і ААТ «БМЗ — УКХ «БМК» з мэтамі парушэння працы прадпрыемстваў, пашкоджання і знішчэння іх маёмасці.