Апублікаваны склад камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, што знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў. Тэкст дакумента ёсць у рэдакцыі «Люстэрка».
У склад камісіі ўключаныя кіраўнікі дзяржаўных органаў, парламентарыі і прадстаўнікі грамадскіх структур. Старшыня — генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. У яго на пасадзе кіраўніка камісіі два намеснікі. Гэта Валерый Гайдукевіч і Аляксей Стук, якія працуюць на пасадах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы і намесніка генеральнага пракурора.
Сярод астатніх чальцоў камісіі:
- Рыгор Азаронак — прапагандыст ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»,
- Сяргей Алейнік — міністр замежных справаў,
- Дзмітрый Баскаў — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці,
- Уладзімір Басько — генеральны дырэктар навукова-тэхналагічнай асацыяцыі «Інфапарк»,
- Алена Богдан — старшыня камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама,
- Аляксандр Багдановіч — старшыня асацыяцыі «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь»,
- Юры Васкрасенскі — прапагандыст, дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сіл»,
- Вадзім Гігін — прапагандыст, старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Белорусское общество «Знание»,
- Аляксандра Ганчарова — старшыня Цэнтральнага савета грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя»,
- Дзмітрый Гара — старшыня Следчага камітэта,
- Васіль Гурскі — галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
- Алег Дзьячэнка — чалец Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, рэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі»,
- Наталля Карчэўская — рэктар установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»,
- Іван Кубракоў — міністр унутраных справаў,
- Анатоль Лапо — старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта,
- Марына Лянчэўская — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу,
- Аляксандр Маркевіч — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па нацыянальнай бяспецы,
- Марат Маркаў — прапагандыст, старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»,
- Ігар Маршалаў — намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар дэпартамента фінансавых расследаванняў,
- Андрэй Мукавозчык — прапагандыст «Выдавецкага дома «Беларусь сегодня»,
- Яўген Пуставы — прапагандыст ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»,
- Іван Церцель — старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі,
- Ганна Харута — намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі»,
- Аляксей Швакаў — старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў,
- Вольга Шпілеўская — старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»,
- Іван Эйсмант — прапагандыст, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Як паведамляецца ва ўказе Лукашэнкі, камісія створаная для «падтрымання грамадзянскай згоды, забяспечання рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян».
У яе маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».
Адпаведныя звароты на рускай або беларускай мовах могуць быць накіраваныя грамадзянамі да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з далучэннем неабходных дакументаў. Ліст мусіць утрымліваць: найменне камісіі, прозвішча, імя таго, хто звярнуўся, адрас жыхарства (месца знаходжання), дату апошняга выезду за межы Беларусі, а таксама звесткі пра апошняе месца працы (вучобы) у Беларусі. Акрамя таго ў звароце неабходна выкласці ўсю інфармацыю што да «прычын, з якіх грамадзянін пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, абставін, у сувязі з якімі яго могуць прыцягнуць да адказнасці».
«Пры гэтым дадзеныя асобы павінныя раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію пра гатоўнасць пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, кампенсаваць нанесеную шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак», — пісала прэс-служба Лукашэнкі.
Па выніках разгляду зваротаў грамадзянам будуць паведамляць пра наяўнасць або адсутнасць у дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, распачатай крымінальнай справы, а таксама пра магчымасць іх спынення ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам. Гэтыя рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі.
«Пасля гэтага грамадзяне абавязаныя прыбыць у краіну не пазней чым пра тры месяцы з даты накіравання камісіяй адпаведнага паведамлення. Пры невыкананні гэтага патрабавання рашэнне камісіі страчвае сілу. Адначасова ўказам прадугледжваецца гарантыя таго, што прыняцце любых працэсуальных рашэнняў у дачыненні да прыбылых грамадзян магчымае выключна са згоды генеральнага пракурора альбо асобы, якая выконвае яго абавязкі», — паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Таксама можна прыкласці спіс паручальнікаў. Імі могуць быць «поўнагадовыя дзеяздольныя асобы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржаўныя службоўцы, працоўныя калектывы, іншыя аб’яднанні грамадзян, юрыдычныя асобы».