У траўні правядзенне цэнтралізаванага экзамену будзе курыраваць дзяржаўная камісія, у якую ўвойдуць супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, піша БЕЛТА.
«У траўні правядзенне цэнтралізаванага экзамену будзе курыраваць дзяржаўная камісія, у якую ўвойдуць супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю. То-бок усё пройдзе на сур’ёзным узроўні, ніякіх паслабленняў не будзе, але не будзе і гестапа, як сказаў кіраўнік дзяржавы. Трэба проста настройвацца і рыхтавацца да экзамену», — сказаў ён.
Іванец нагадаў, што ў гэтай прыёмнай кампаніі ўведзены цэнтралізаваны экзамен, яго рэпетыцыя пройдзе ўжо 28 студзеня, у ёй возьмуць удзел усе адзінаццацікласнікі краіны.
«Для дзяцей, бацькоў і педагогаў гэта ўжо будзе прыстрэлка ў баі. І тое, што пакажа будучы абітурыент 28 студзеня, прыкладна будзе і ў траўні. Спадзявацца на тое, што ён у сярэдзіне траўня пакажа вынік на галаву вышэй, не варта. Нешта дашліфаваць — так, за тры месяцы можна, але прынцыпова стрэліць ужо не атрымаецца. Пасля правядзення рэпетыцыі ЦЭ будзе бачная ўжо рэальная карціна таго, што адбываецца. Тут мы зрабілі ўсё магчымае: памянялі структуру тэстаў, цяпер яны больш зразумелыя з пункту гледжання традыцыйных школьных кантрольных работ. Мы таксама прыбралі з тэстаў пяты ўзровень складанасці заданняў — гэта алімпіядныя заданні, каб усе вучні былі ў аднолькавых умовах: тыя, хто вучыўся ў профільных класах, і тыя, хто ў базавых. Акрамя таго, мы зрабілі максімальна камфортнымі пункты здачы ЦЭ — пашырылі іх колькасць. Цяпер іх 144. Яны ёсць у кожным раёне, каб нікому не давялося выязджаць за межы раёна», — адзначыў міністр адукацыі.