Ваеннаабавязаным Брэсцкай вобласці, якія не прайшлі зверку звестак, могуць абмежаваць выезд з Беларусі. Пра гэта паведаміў ваенны камісар Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў. Яго відэакаментар апублікаваў 13 студзеня тэлеграм-канал аблвыканкама.
Ваенкам нагадаў, што ў Беларусі завяршылася зверка звестак. У Брэсцкай вобласці ўдакладнілі інфармацыю 97% ваеннаабавязаных.
— Што да тых няпоўных 3%, якія не прайшлі зверку, то да канца студзеня мы гатовыя папрацаваць з гэтымі людзьмі. Звярнуцца можна ў любы ваенны камісарыят па любым відзе сувязі. <…> Ну, а пачынаючы з лютага месяца для тых людзей, якія не прайшлі зверку, хутчэй за ўсё, будуць ужытыя абмежаванні на выезд з Беларусі і, магчыма, нейкія яшчэ абмежаванні, — сказаў Алег Канавалаў.
Нагадаем, 4 кастрычніка падчас нарады з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка згадаў досвед расійскай частковай мабілізацыі і заявіў, што ў Беларусі яго трэба ўлічваць «нягледзячы на тое, што ў Беларусі ў гэтым няма неабходнасці». Ён даручыў правесці праверку ваеннаабавязанага складу «без усякага гвалту, без шуму».
У Мінабароны паведамілі, што гэтыя мерапрыемствы «носяць выключна планавы характар» і праводзяцца «кожны год», аднак такой маштабнай зверкі звестак у апошнія гады ў Беларусі не было.
Скончыць праверачныя мерапрыемствы абяцалі да канца 2022 года. Тым не менш пра завяршэнне зверкі Мінабароны дало справаздачу толькі 7 студзеня 2023 года. У ведамстве адзначылі, што яе прайшлі 95% ваеннаабавязаных.