Ноўтбукі ад «Гарызонта», якія прэзентаваў Лукашэнка 1 верасня, нарэшце паступілі ў продаж. Аднак пакуль не вельмі зразумела, у якіх крамах шукаць H-book MAK4 і ці даступны ён простым карыстальнікам. Паспрабавалі даведацца і здзівіліся.
У пошуках айчыннага H-book MAK4 (дарэчы, чаму так назвалі першы беларускі ноўтбук, вытворца так і не патлумачыў) журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў ТРЦ Galleria Minsk, дзе праходзіла прэзентацыя. У інфацэнтры адказалі, што купіць ноўтбук можна на першым паверсе каля галоўнага ўваходу — на астраўку «Гарызонт»:
— Там была ўчора прэзентацыя, і сёння, так разумею, можна купіць. Яшчэ пару дзён, так разумею, дакладна будзе стаяць.
Але што будзе праз пару дзён? У прыёмным пакоі завода «Гарызонт», куды мы патэлефанавалі пад выглядам звычайнага пакупніка, удакладнілі: у гандлёвым цэнтры Galleria Minsk ноўтбук планавалі прадаваць толькі тры дні.
— На гэты момант стаіць стэнд у гандлёвым цэнтры «Галерэя», ён будзе там стаяць сёння і заўтра, — паведамілі ў «Гарызонце».
— А што потым?
— Не магу вам падказаць дакладную інфармацыю. Але, думаю, вы можаце пакінуць предзамову на пункце ў «Галерэі». І потым вам паведамяць, дзе забіраць.
— У звычайнай краме пакуль нельга купіць?
— Пакуль не ведаю, ці паступілі яны ў продаж. Учора толькі была прэзентацыя. Калісьці паступяць у крамы, але калі гэта будзе дакладна, не магу сказаць.
— Калі не паспець за гэтыя некалькі дзён, ноўтбукі ж застануцца?
— Вядома, іх жа будуць вырабляць і далей. Гэта ж не адзін раз вырабілі і ўсё, гэта серыйная вытворчасць. Але калі канкрэтна і ў якой менавіта краме, я вам пакуль сказаць не магу. Даведацца нешта больш падрабязна можна на пункце ў «Галерэі».
— А наогул актыўна раскупляюць, трэба спяшацца?
— Ну, гледзячы наколькі вам гэта трэба. Наогул складанае пытанне, я ж на самім пункце не знаходжуся.
— Але калі я сёння ўвечары пасля працы зайду, усё ж яшчэ будзе, так?
— Так, вядома.
На прадпрыемстве «МПОВТ», якое займаецца непасрэдна вытворчасцю і продажам беларускіх ноўтбукаў, таксама не змаглі адказаць, дзе купіць навінку.
— Вы можаце прыйсці ў гандлёвы цэнтр «Галерэя» і купіць там ноўтбук. У суботу крайні дзень. Дзе купіць далей — даведвайцеся праз тэлефон, можаце набраць нам. Таксама можаце накіраваць свой запыт на электронную пошту.
— Але я змагу зайсці ў краму тэхнікі і купіць ноўтбук там?
— Пакуль ніякай інфармацыі, акрамя той, што ўжо расказала, я вам паведаміць не магу. Удакладняйце пазней, — заявілі на прадпрыемстве.
На беларускім сайце «Гарызонт» магчымасці аформіць перадзамову пакуль няма. Няма ноўтбукаў і ў каталогу з прадукцыяй, а таксама інфармацыі пра тое, дзе іх можна будзе купіць потым.
Між тым, на сайце крамы «Гарызонт» у Маскве ўжо ёсць аб’ява, што беларускія ноўтбукі паступяць у продаж у студзені 2023 года. «Тады ж будуць вядомыя і цэны», — расказалі ў тэхпадтрымцы расійскай крамы.
Якія характарыстыкі ў беларускага ноўтбука
Як піша Tochka.by, у айчынных ноўтбуках выкарыстоўваюцца працэсары Intel Core i-3, i-5 і i-7 адзінаццатага пакалення. Аператыўная памяць — 8 ГБ у малодшых мадэляў і 16 ГБ — у топавай камплектацыі, SSD-памяць аб’ёмам 512 Гігабайт, IPS-матрыца экрана з дыяганаллю 15,6 цалі.
«Пакуль што прадаецца толькі „офісная мадэль“ на i-3 працэсары. У ноўтбуку, як можна зразумець з апісання, адсутнічае асобная відэаплата. Інтэграваная відэакарта выкарыстоўвае працэсар і аператыўную памяць ПК», — гаворыцца ў тэксце выдання.
Мадэль на і-3 працэсары абыдзецца ў 1599 рублёў. Раней паведамлялася, што беларускі ноўтбук у базавай камплектацыі з дыяганаллю 15,6 цалі абыдзецца ў суму ад 1300 рублёў, але, як патлумачыў кансультант, выйшла крыху даражэй — праз лагістыку. Вытворца абяцае, што ў 2023 годзе ў продаж паступяць ноўтбукі з і-5 і і-7 працэсарам.
Нагадаем, першы айчынны ноўтбук Аляксандр Лукашэнка прадставіў 1 верасня 2022 года на адкрытым уроку. Беларусы хутка адшукалі вельмі падобную мадэль — Lenovo IdeaPad 3.
Запусціць серыйную вытворчасць айчынных ноўтбукаў хацелі ў лістападзе, але пазней тэрміны перанеслі на снежань. У 2023 годзе плануецца выпусціць каля 80 мадэляў.